Калі бібліятэка прывабная?

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

З пункту гледжання бібліятэкара абвяшчэнне 2015-га Годам моладзі — нагода для актывізацыі нашай работы. Мы, як ніхто, ведаем цану пытання: калі сёння маладыя людзі не пойдуць бібліятэкі, заўтра яны не прывядуць сюды сваіх дзяцей.

Мы чакаем, што ў Год моладзі ўлады звернуць больш пільную ўвагу на патрэбы гэтай групы грамадства, якая складае значную частку чытачоў бібліятэчныя ўстановы. Тым самым падтрымку, няхай і ўскосную, атрымаюць і бібліятэкі. Па выніках 2014 года ў Навагрудскай раённай бібліятэцы ўсярэднены паказчык чытачоў ва ўзросце ад 14 да 31 года ў адной сельскай бібліятэцы складае 127 чалавек (ці 19,5%), у гарадской бібліятэцы — 33,4%. Аналіз паказвае, што вясковая моладзь мае высокі працэнт ахопу бібліятэчным абслугоўваннем, а вось у горадзе патэнцыял задзейнічаны пакуль не цалкам. Трэба выпраўляць сітуацыю.

Да выканання гэтай задачы падыходзім з разуменнем. Бібліятэка ў ранейшым успрыманні гэтага слова, без сучаснага абсталявання і антуражу не будзе прывабнай для сучаснага “камп’ютарнага пакалення". Дый сама місія па прыцягненні моладзі да чытання ў сучасных умовах набывае новую глыбіню і змест. Бібліятэкі Навагрудчыны імкнуцца адпавядаць гэтым патрабаванням.

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай райбібліятэкі распрацаваў раённую акцыю “Моладзь за кнігу і чытанне”, якая стартавала 1 сакавіка. Яна праходзіць ва ўсіх структурных падраздзяленнях, а таксама — на адкрытых пляцоўках горада (раёна), і доўжыцца будзе да 31 кастрычніка 2015 года.

Дэвіз акцыі: “Чытаць — гэта модна, прэстыжна, актуальна”. Яе асаблівасць і патрабаванне ў тым, што рэклама кніг і чытання павінна ісці ад маладога пакалення. Моладзь раёна ўключыцца ў публічныя мерапрыемствы: флэш-мобы “Навагрудак, чытай!”, бібліядэсанты “Чытай пакуль малады!”, PR-акцыі “Наш выбар — кніга, наш выбар — чытанне”, крэатыў-акцыі “Малады твар чытаючай Навагрудчыны”, чэмпіянаты маладых сем’яў па чытанні ўслых “На ўвесь голас!”. Таксама ў межах акцыі будуць арганізаваны два конкурсы: рэкламнай прадукцыі “Прачытай!” і рэцэнзій “Ёсць такая кніга”. На сайце Навагрудскай раённай бібліятэкі пройдзе галасаванне “Любімыя кнігі пра вайну”, маладыя чытачы складуць топ-рэйтынг “Дзесяць кніг, якія ўзрушылі мяне”. Па іх матэрыялах ў кастрычніку ва ўсіх бібліятэках будуць арганізаваны выстаўкі кніжных сімпатый “Я палюбіў гэту кнігу”. 15 верасня, у Дзень бібліятэк Беларусі, запросім чытачоў на Дзень адкрытых дзвярэй, калі маладыя людзі атрымаюць магчымасць папрацаваць за кафедрамі выдачы.

Падвядзенне вынікаў акцыі адбудзецца ў Сусветны дзень моладзі 10 лістапада 2015 года на вечарыне “Свет чытання — маладым”. Лепшыя бібліятэкі і ўдзельнікі акцыі будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. У якасці рэкламы пройдзе фотасесія актыўных маладых чытачоў, будуць створаны відэаролікі, якія можна ўбачыць на сайце Навагрудскай раённай бібліятэкі і ў сацыяльных сетках. У якасці бонуса актыўным маладым удзельнікам акцыі бібліятэкі прапануюць зніжкі на платныя паслугі. Чытачам ад 14 да 31 года, удзельнікам мерапрыемстваў, дадуць права на бясплатнае карыстанне камерцыйным фондам райбібліятэкі цягам месяца. Флаеры і іншая сімволіка акцыі (паштоўкі-запрашэнні, лістоўкі-выказванні, кніжныя закладкі, анатаваныя спісы, майкі, кепкі) ужо распрацаваны, зроблены і апрабаваны.

Усіх маладых і зацікаўленых у інтэлектуальна напоўненым заўтра бібліятэкі Навагрудчыны пачалі прыцягваць да удзелу ў публічных мерапрыемствах. 13 сакавіка прайшоў агульнагарадскі флэш-моб “Навагрудак, чытай!”. Перад пачаткам мерапрыемства бібліятэкары правялі бліц-апытанне моладзі “Чытаць — гэта модна?”. З адказамі на пытанне можна азнаёміцца на нашым сайце.

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі