Што табе прыснілася, лэдзі?

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

У Бабруйскім мастацкім музеі адкрыліся дзве выстаўкі — “Арт-лэдзі” і “Сны”. Першая нарадзілася з жадання стварыць вясновы настрой у гледача, пазнаёміць яго з творчым бачаннем бабруйскіх мастачак і, вядома ж, адкрыць новыя імёны. У экспазіцыі — жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкланое мастацтва, фатаграфія, дробная пластыка.

/i/content/pi/cult/526/11389/10-2.jpg

Тамара Маненок аддае перавагу класічнай акварэлі і прапануе шчыры лірычны беларускі пейзаж. Далікатна і вытанчана працуе з тэкстылем Таццяна Арасланава. Яна прэзентуе лёгкія, з густам выкананыя творы, дзе спалучаюцца традыцыйнае пляценне, выразны рэльеф і мяккая колеравая гама. Вышыўку абралі крыніцай натхнення Наталля Калтыгіна і Ала Кірылава. У кожнай — індывідуальная тэхніка, поўная імправізацый. У выніку эксперыментаў з колерам і фактурай іх габелены — прывабныя. А Наталля Калтыгіна парадавала яшчэ і мастацкай 
керамікай. Ірына Кустава прадставіла работы ў тэхніцы батыка і станковага жывапісу. У роспісу па тканіне Ірына — неабмежавана вольная. Таццяна Карчажкіна выкарыстала ў дэкаратыўных пано магчымасці аб’ёма і падфарбоўкі скуры. А графічныя аркушы Таццяны Яновіч запрашаюць чытача ў іншыя вымярэнні жаночага ўнутранага свету. “Жанчыны-кветкі” — назва серыі фотапартрэтаў Алены Нікіфаравай.

Сярод новых імёнаў у экспазіцыі “Арт-лэдзі” — Наталля Чайка (канструктыўныя калажы), Наталля Чарнышова (аўтарскія лялькі ў гістарычных касцюмах). Першыя крокі ў мастацтве робяць Дар’я Грэкава, Іна Сафонава (графіка), Юлія Мітраховіч (кераміка), Людміла Кіслёнак (жывапіс).

Выстаўка фітадызайна “Сны” знаёміць з творчасцю Рыты Смірновай — майстра з Асіповічаў. Гэта больш за сто дэкаратыўных пано і аб’ёмных кампазіцый, выкананых з прыродных матэрыялаў. Прадстаўлены ў Бабруйскім мастацкім музеі і работы вучняў Рыты Леанідаўны.

Ала МАЛЬЦАВА, навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея