Мроя-конь Таісы Агафоненка

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

Пэўна, нішто так не сведчыць пра этнічную самабытнасць, як традыцыйнае мастацтва. А калі гаварыць пра народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі, дык, бадай, ніводзін яго від не ўражвае іншаземцаў так, як наша саломкапляценне.

 /i/content/pi/cult/152/1138/Mroja1.jpg
Прывяду выказванне на гэты конт аднаго з замежных спецыялістаў: “Залацістыя коні настолькі цудоўныя, што яны супернічаюць з класічнымі скульптурамі ў камені. Саламяныя фігуркі настолькі з густам апранутыя і поўныя жыцця, што архетыпічна нагадваюць сваіх стваральнікаў. Мудрагелістыя птушачкі, здаецца, вось-вось ажывуць. Павукі маюць геаметрычныя формы, падобныя на будаўнічыя блокі часу... Я ведаў, што некаторыя значныя творы мастацтва, зробленыя з саломкі, прыйшлі ад беларускага народа... Але для мяне аказалася поўнай нечаканасцю тое, наколькі распаўсюджаным і цудоўным саламянае мастацтва застаецца і сёння ў гэтай частцы свету. Падчас свайго першага прыезду я сказаў і пэўны ў гэтым сёння: Беларусь з’яўляецца жамчужынай, каштоўным каменеем саламянага свету. Ні ў адной краіне работы з саломкі не нясуць у сабе столькі ўнутраных нацыянальных традыцый і рыс, як работы беларускіх майстроў.”

Вышэйпрыведзеныя словы належаць дырэктару Амерыканскага музея саламянага мастацтва ў ЗША Моргану Оўэнсу Кэзлі.

Мой жа расповед — пра слынную майстрыху, легенду беларускага саломкапляцення Таісу Агафоненка, жанчыну, якая стварыла імідж нашай краіне не ў меншай ступені, чым знакамітыя артысты, навукоўцы і зоркі спорту.

Маці Таісы Паўлаўны — Вера Ільінічна Гаўрылюк, чыё стагоддзе адзначалася не так даўно, нездарма лічыцца прабабуляй сучаснага беларускага саломкапляцення. Працуючы на Брэсцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў, яна адной з першых прыцягнула ўвагу да унікальнага, напаўзабытага ўжо рамяства, увяла ва ўжытак саламяныя сувеніры.

У сваю чаргу, Таіса Агафоненка стварыла, ці, як лічыць яна сама, адрадзіла на сучасным узроўні саламяную скульптуру, узоры якой і раней выраблялі знаныя майстры з народу, чые імёны згубіліся ў часе, ды і творы практычна не захаваліся. Гэта ад яе пайшлі і распаўсюдзіліся па ўсёй краіне залацістыя рамантычныя коні, выплеценыя з саломкі сімвалы Беларусі — зубры, чароўныя птушкі, кветкі ды яшчэ шмат якія творы саламянай пластыкі. У яе вучыліся калі не ўсе, дык большасць сённяшніх знакамітых майстрых: і Лідзія Галавацкая, чыя жар-птушка ўразіла англійскую каралеву, і Вера Салдатава — пераможца сусветнага конкурсу саламяных масак, і Любоў Селівончык, Раіса Раманеня, работы якіх упрыгожваюць шматлікія выстаўкі.

… Пакой у сціплай кватэры Таісы Агафоненка па вуліцы Карла Лібкнехта, куды яна запрасіла прайсці,— акурат творчая майстэрня. І хоць яе вядомых работ у кватэры не ўбачыш — разышліся па музеях, — але і тыя, што засталіся, вабяць прыгажосцю. А распачатыя працы сведчаць пра тое, што працэс яе стварэння працягваецца.

На маё пытанне, ці прыносіла ёй саломкапляценне калі-небудзь значны прыбытак, майстрыха адказала:

— Вялікіх грошай я з гэтага не мела, але было вялікае натхненне. Складаныя штучныя работы, якімі хочацца займацца, практычна ніколі не акупляліся. І разумееш: каб зарабіць, трэба сплесці мех аднолькавых званочкаў, ды гэта цябе не цікавіць. Альбо камерцыя, альбо творчасць.

Прашу Таісу Паўлаўну расказаць пра яе сям’ю, пра бацькоў.

—Нарадзілася я ў вёсцы Волька на Беласточчыне, — распавядае майстрыха.. А тут,— паказвае фаліянт 1936 года выдання ,— уся гісторыя роду, напісаная маім бацькам Гаўрылюком Паўлам Іванавічам.

Аказваецца, у тагачаснай Польшчы нехта кінуў кліч: сваіх радаводаў заслугоўваюць не толькі шляхецкія, а і сялянскія сем’і. З’явілася ідэя выдання з назвай “Сялянскі дзённік”, дзе расказваліся б іх гісторыі. Па ўспамінах Таісы Агафоненка, рэалізацыяй гэтага, як цяпер сказалі б, праекта займалася пісьменніца Марыя Дамброўская.
 /i/content/pi/cult/152/1138/Mroja2.jpg

Каб заахвоціць людзей пісаць гісторыі сваіх сем’яў, аб’явілі конкурс; бацька Таісы Агафоненка стаў адным з яго пераможцаў. Узнагародай было не толькі выданне ўспамінаў, але і істотная грашовая прэмія. На яе Гаўрылюкі набылі карову і касцюм Паўлу Іванавічу.

… Бацькі Таісы Агафоненка нарадзіліся недалёка ад Белавежскай пушчы. Толькі маці — з таго боку, што бліжэй да Брэста, а бацька бліжэй да Беластока. Гэта зараз цераз пушчу праходзіць мяжа, а тады гэта быў адзіны гісторыка-этнаграфічны рэгіён. І не было нічога дзіўнага ў тым, што пабраліся шлюбам працавіты, прагны да навукі тутэйшы хлопец Павел і прыгожая, разумная дзяўчына Вера.

— У гэтым томе кнігі, — працягвае свой расповед Таіса Паўлаўна, — успаміны не толькі бацькі, але і яшчэ некалькіх сялян, большасць з якіх — беластоцкія беларусы. З яе шмат пра што можна даведацца: як цяжка працавалі на зямлі, як у неўраджайныя гады выжывалі вырабам чарапіцы, развядзеннем рыбы, як падчас Другой сусветнай вайны шукалі паратунку на Усходзе. І колькі людзей тады гінула — дарога ад Брэста да Баранавічаў ці не ўся ўслана іх касцьмі.

Бацька Таісы Паўлаўны, хоць і не без цяжкасцей, але павучыўся-такі ў Варшаве, атрымаўшы прэстыжную па тых часах прафесію меліяратара. А пра яго цягу да культуры сведчыць тое, што ён удзельнічаў у стварэнні ў сваёй вёсцы тэатральных пастановак, збіраў фальклор.

— Калі напачатку Беласточчыну далучылі да БССР, а пасля вайны перадалі ў склад Польшчы, — працягвае мая суразмоўніца, — многія беластоцкія беларусы рушылі ў Савецкі Саюз. Гаўрылюкі ці не ўсёй раднёй завербаваліся хто на Херсоншчыну, хто ў накірунку Запарожжа. У таварных вагонах перавозілі ўвесь скарб, у тым ліку і хатнюю жывёлу.

Але нідзе не прыжыўшыся, вярнуліся ў Брэст, дзе і пасялілася ў невялікім доміку сям’я Таісы Агафоненка.

Маці — Вера Ільінічна працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў, стварала брыгады жанчын, якія ткалі на кроснах насценныя саламяныя дыванкі, дэталі саламяных сумак. Саму Веру Гаўрылюк усё часцей сталі запрашаць да ўдзелу ў выстаўках народнай творчасці — гарадскіх, рэспубліканскіх, усесаюзных...

Мяне ўразілі чорна-белыя фотаздымкі яе работ: на іх таленавіта выкананы ў саломцы казачныя і побытавыя сцэнкі. Здаецца, па стылі іх можна параўнаць з працамі сучаснага інсітнага майстра Мікалая Тарасюка з Пружанскага раёна, няхай сабе адны творы зроблены з саломкі, а другія — з дрэва.

— Дык ваша мама таксама рабіла саламяную скульптуру! Чаму тады часцей узгадваюцца яе аплікацыі?

— На радзіме сваіх бацькоў, у Бушмічах, яна знайшла недзе на гарышчы старадаўнія традыцыйныя пано з выкарыстаннем саломкі і паўтарыла іх, а потым увесь час распрацоўвала гэты накірунак. Дарэчы, мама ўмела і цікава расказаць пра свае работы, была вельмі кантактным чалавекам, прыемнай суразмоўніцай. Наўпрост размаўляла з кіраўнікамі розных узроўняў, знакамітасцямі.

Падчас выставак каля яе нярэдкаспыняўся, ахвотна гутарыў з ёй тагачасны кіраўнік Беларусі Пётр Міронавіч Машэраў. А вось на гэтым здымку яшчэ адзін яе добры знаёмы. Няўжо не пазналі? Расул Гамзатаў!

— Таіса Паўлаўна, ёсць пункт гледжання, што традыцыйна на Беларусі саломку не фарбавалі. А ў вашых работах, асабліва ў кветках, даволі шмат фарбаў.

— Мяне за гэта нярэдка крытыкавалі, але фарбаваная саломка таксама была, я на свае вочы бачыла. У хаце майго сябра дзяцінства ў вёсцы Волька заўсёды былі крыху падфарбаваныя саламяныя кветкі накшталт вось гэтых.

— А ці існаваў раней саламяны сувенір?

— Магчыма, не было гэтага слова, а самі такія рэчы былі. У той жа хаце вырабляліся саламяныя птушачкі да Вялікадня. Калі ў адной са сталічных школ мне далі майстэрню, дык туды прыходзілі вучыцца не толькі дзеці і настаўнікі, але па выхадных і бацькі. Увогуле, прыходзіла шмат цікавых людзей. І, памятаю, адзін стары родам з Віцебшчыны расказваў: “Мой дзед зрабіў такую саламяную птушку, што ўся вёска збеглася на яе паглядзець.”

Ці возьмем саламяныя скарбонкі. Іх выраблялі і ўкраінцы, і немцы, і чэхі.

Амерыканскія традыцыйныя творы з саломкі— сімвалічныя. Вось адна з такіх работ, яе выканаў вельмі цікавы чалавек Морган Кэзлі. А вось ужо сучасны эстонскі сувенір: аплецены саломкай камень з карысных выкапняў, на якія багатая гэтая краіна.

— Таіса Паўлаўна, чаму, на вашу думку, так вылучаецца на агульным фоне беларускае саломкапляценне?

— Таму што яно вельмі таленавітае, яшчэ дзякуючы саламянай пластыцы, якой не мелі ці не захавалі, не адрадзілі іншыя. І тут ужо, гэта праўда, значная мая заслуга. Аднойчы заходжу ў мастацкі салон на праспекце Незалежнасці і бачу… нібыта свайго ж саламянага каня. Цікаўлюся, хто яго вырабіў? Як высветлілася, зроблены ў НВП “Скарбніца”. Прыемна, калі бачыш, што твае работы сталі класікай.

Летась мне споўнілася ўжо 80 гадоў, а цікавасць да саломкі, энтузіязм — застаюцца. Больш за ўсё я люблю ствараць коней. І ведаеце, мой лепшы конь, вобраз якога шукаю ўсё жыццё, яшчэ не зроблены. Апошнім часам аднаўляю сваю калекцыю коней і зубраў, што захоўваліся ў майстэрні мужа — ён быў мастаком. Дый бацькаву кнігу трэба перакласці з польскай мовы — для ўнукаў.

 Наталля РУСАК