Вясна ў сферы культуры здаўна асацыюецца з Міжнародным днём тэатра, які ва ўсім свеце адзначаецца 27 сакавіка. Дванаццаць гадоў таму да гэтага свята далучылася яшчэ адно — Міжнародны дзень тэатра лялек, што прыпадае на 21 сакавіка. Атрымліваецца цэлы тэатральны тыдзень, які сімвалізуе мадэль сусвету: ад лялек — да чалавека. І як найлепш тое адлюстроўвае крылаты выраз: “увесь свет — тэатр”. Гэтыя словы старажытнарымскага пісьменніка Гая Пятронія, што ўпрыгожвалі фасад шэкспіраўскага тэатра “Глобус”, увайшлі ў адну з яго п’ес, але “падпісацца” пад імі можа літаральна кожны. Справа зусім не ў масках, хаваць твар пад якімі даводзілася ўсім нам хаця б раз у жыцці, а ва ўсеагульнай тэатралізацыі розных відаў мастацтва.
У святочныя дні нас чакаюць шматлікія прэм’еры, вясёлыя “капуснікі”, багатая фестывальная праграма. Няхай на іх не змаўкаюць апладысменты, свецяцца ўсмешкі, слёзы сапраўднага шчасця і ачышчэння душы! Ад усяго сэрца зычу дзеячам тэатра здароўя, дабрабыту, новых нястрымных фантазій, таленавітых пастановак і прызнання грамадскасці! Ваша мастацтва — гэта наша жыццё.
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс СВЯТЛОЎ