Што прапануе "ўнівер"?

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

У рынка навучання — жорсткія законы. І выйграе тут толькі той, хто зацікавіць эксклюзівам. Вось пра гэтыя эксклюзівы мы і пагутарылі з прадстаўнікамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацваў пад час нядаўняга Дня адкрытых дзвярэй.

Людміла МАНАКОВА, прарэктар па сацыяльных пытаннях і мастацкай творчасці:

— Абітурыентам будзе цікава пазнаёміцца з нашым практыка-арыентаваным падыходам да навучання. А набытыя веды студэнты змогуць выкарыстаць у рэалізацыі творчых праектаў. Большасць з іх мае культурна-масавы характар. Ва ўніверсітэце праводзіцца фестываль-конкурс “PRоявление”, дзе можна праявіць свае артыстычныя здольнасці. Мы імкнёмся навучыць працаваць у камандзе, якая выдавала б якасны арт-прадукт. Прапаноўваем ладзіць акцыі для папулярызацыі ўніверсітэта. Чаго варты наш цэнтр “Канструктар”, які стварае “Універсітэт мары”. У выніку з’явіўся сайт, а студэнты выйшлі на міжнародны менеджарскі ўзровень.

Аляксандр СУРБА, выкладчык кафедры этналогіі і фальклору:

— Хоць пэўны ўпор сёлета скіраваны на эстрадныя праекты кшталту мюзікла “Дуброўскі”, але рыхтуем глебу і для дударскага аркестра. У нас, як вядома, дзейнічае эксперыментальная майстэрня, дзе ствараюцца вопытныя асобнікі: на іх адстройваем акустыку. А музей, які можа наведаць любы ахвотны, — неад’емная частка навукова-творчай лабараторыі. Большую частку традыцыйных інструментаў мы зрабілі сваімі сіламі, з прыцягненнем студэнтаў: аднаўляем іх па фотаздымках, па музейных экспанатах, пасля — укараняем у сцэнічную практыку. Цяпер, да прыкладу, плануем папоўніць калекцыю валынак. На факультэце музычнага мастацтва ў мяне ёсць курс для духавікоў-народнікаў. Там выкладаю навуку рэстаўрацыі і вырабу народных музычных інструментаў. А тут шмат неверагоднага. Мой настаўнік і майстар Аляксандр Лось распавядаў, што аднойчы вясковы музыка вырашыў памяняць самаробную скрыпку на нібыта лепшую крамную. І аркестр перастаў гучаць! Кожная вёска свой музычны тэмбр мела.

Аляксандр ФІЛІПАЎ, дэкан факультэта дадатковай адукацыі:

— Абітурыентаў зацікавім новымі спецыяльнасцямі. На прыкладзе мюзікла “Дуброўскі”, які стаў міжнародным праектам, выявілася, да прыкладу: гукарэжысёры — надзвычай запатрабаваны.

Мікалай ЯЦЭВІЧ, дэкан факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый:

— Набіраем студэнтаў на дзве спецыяльнасці: бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць (па напрамках менеджмент, аўтаматызацыя) ды музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (“менеджар па культурнай спадчыне і турызме”)… Думкі ж тых, хто перакананы ў сконе бібліятэк, — не маюць абгрунтавання. Неаспрэчна, што бібліятэка відазмяняецца, а бібліятэкар становіцца публічнай асобай.

Настасся БАТУРА, магістрант, кіраўнік Цэнтра маладзёжных праектаў “Канструктар”:

— Цэнтр “Канструктар” падрыхтаваў для першакурснікаў маштабны teambuilding, які адбудзецца 1 верасня. Хочам перадаць ім энергію ўзаемадзеяння. А потым пройдуць інтэрактыўныя экскурсіі па ўніверсітэце, традыцыйны пікнік у Лошыцкім парку… У “Канструктара” з’явілася і школа, дзе можна навучыцца арганізоўваць рэкламныя кампаніі.

Спачуваю самому сабе: мае студэнцкія гады мінулі. А пра тое, што выпускнікі БДУКіМ запатрабаваны паўсюль, бо веды маюць практычна-арыентаваныя і шматпрофільныя, і казаць не варта. Але не магу чарговы раз не дадаць: вучыцца ў БДУКіМ — прэстыжна, а ехаць на вёску — не вельмі. Вось дзе задача ў падрыхтоўцы сапраўдных крэатыўшчыкаў...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"