“Жывы” фармат галерэі

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Крысціна ЛЯДСКАЯ, арт-куратар, старшы навуковы супрацоўнік Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва
У Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва вопыт супольнага малявання — не рэдкасць. Адзін з апошніх на сёння досведаў — “Развіртуалізацыя № 2 з газетай “Культура”, чарговы выхад рэдакцыі да чытачоў ды падпісчыкаў і, гэтым разам, да наведвальнікаў нашай галерэі — непасрэдных спажыўцоў культурнага прадукту. На пляцоўцы працавала мастак, педагог Ганна Гадзірава.

/i/content/pi/cult/525/11360/5-1.jpg

У галерэі стала традыцыяй запрашаць маляваць на зададзеную тэму ў “Ноч музеяў” з арганізацыяй вернісажу работ удзельнікаў і конкурсу глядацкіх сімпатый (фармат карыстаецца папулярнасцю). Акрамя таго, ладзяцца адкрытыя аўтарскія майстар-класы на фоне бягучых экспазіцый, а да нядаўняга часу праводзіліся і спецыялізаваныя майстар-класы па маляванні для дзяцей з дзіцячым цэрэбральным паралюшам. Асноўная мэта такіх імпрэз — не навучанне прафесійным навыкам малявання, бо курсаў па названым профілі хапае з лішкам. Галоўная ж ідэя — інтэграцыя наведвальнікаў у музей як у жывую прастору праз сумесныя творчасць, пераадоленне эмацыйнай адасобленасці на карысць актыўнага ўспрымання мастацтва і прадуктыўнай камунікацыі ў музейным асяроддзі.

Разам з іншымі формамі інтэрактыўнасці, гэта яшчэ адзін спосаб зрабіць музей больш прывабным для публікі. Цікава ж прыйсці ў галерэю памаляваць разам з мастакамі сярод работ прафесіяналаў, увабраўшы інфармацыю праз вопыт, а не проста прабегчыся па залах “для птушачкі”. Мяркуючы па папулярнасці мерапрыемстваў, людзям цікава адчуць сябе ў сценах галерэі саўдзельнікам, творцам.

І мы тут не вынаходзім ровар — такая практыка даўно прыжылася ў музейных установах па ўсім свеце, паступова яна развіваецца і ў нас. Праўда, беларуская публіка ўсё ж валодае некаторай спецыфікай: людзі ў нас больш адчуваюць дыстанцыю, больш абцяжараныя ўмоўнасцямі, з большай інтэнсіўнасцю адчуваюць страх публічнасці і баяцца негатыўнай ацэнкі, таму інтэгруюцца не адразу. Але дэвіз “маляваць могуць усе” дапамагае зняць лішнія комплексы і дазваляе чалавеку раскрыцца, узяць у рукі пэндзаль або аловак ды распавесці сваю гісторыю.

Амаль кожны госць майстар-класа пачынае з нясмелага: “Я не ўмею маляваць, таму проста пагляджу”. Далей ідзе мяккая праца галерыстаў ды мастакоў-педагогаў па ўключэнні ў творчы працэс (ніхто не павінен сысці, не выпрабаваўшы сябе), па зняцці бар’ераў, выбудоўванні матывіроўкі, вызначэння тэмы, любой іншы тэхнічнай, інфармацыйнай і маральнай дапамогі. Нарэшце надыходзіць момант, калі чалавек занурваецца ў працэс і аддаецца творчасці.

Для арганізатараў, якія знаходзяцца ў гэтым дзействе па іншы бок мальберта, хоць і, часцей за ўсё, з пэндзлем у руцэ, вопыт аказваецца цікавым і павучальным. Спашлюся тут на словы Наталлі Жыгамонт, адной з мастачак, якая прымала ўдзел у “Ночы музеяў-2014” у якасці педагога: “Творчасць заўсёды прыносіць чалавеку радасць, і яна заключаецца не толькі ў стварэнні ўласнага твора, але і ў магчымасці ўцягнуць у працэс іншых людзей. Пляцоўка галерэі — унікальнае месца, дзе па-свойму можа рэалізоўвацца творчы патэнцыял наведвальнікаў, але ў роўнай ступені і талент педагога-мастака. Гэта складаны і ўзаемаўзбагачальны працэс. Галоўнае, што чалавеку ўласціва ператварацца, калі ў яго руцэ апынаецца пэндзаль ці аловак, а перад ім — аркуш паперы. Імпульсам жа могуць стаць словы мастака або куратара. І аднойчы прайшоўшы дарогай творчай імправізацыі, чалавеку абавязкова захочацца вярнуцца і зноў адчуць той прыліў сіл і натхнення, які ён тут зведаў...”

Правядзенне падобных імпрэз у “жывым” фармаце ў галерэі дэманструе: усе людзі, незалежна ад іх прафесійных заняткаў, жыццёвых прыхільнасцей і ўзросту, з задавальненнем і цікавасцю перажываюць вопыт прысутнасці ў ажылай прасторы галерэі, якая на час стала для іх прасторай уласнай творчасці. Вынік — і створаны маленькі шэдэўр, і змена эмацыйнага стану аўтара, і задавальненне ад зробленага творчага дзейства, і змена стаўлення да прасторы музея або нават да мастацтва наогул.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ