Узяць у палон... абітурыента

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Уважлівы чытач, напэўна, памятае нашы публікацыі пра адмысловыя творчыя праекты, што нараджаюцца апошнім часам у сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Карысным падаецца тое, што праектнай дзейнасцю займаюцца самі студэнты. Што называецца, тэорыю пераўтвараюць ў практыку. Нават назву для агульных творчых намаганняў прыдумалі адмысловую: “Канструктар”. БДУКіМ працягвае канструяваць крэатыў і сёлета. Яскравы таму доказ — Дзень адкрытых дзвярэй універсітэта, што прайшоў 16 сакавіка.

PR-ход, абраны кіраўніцтвам установы, варта, на мой погляд, у маркетынгавыя падручнікі заносіць. Акцыя па “заманьванні” абітурыентаў прайшла на “чужой” тэрыторыі — у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Доказ таго, што навучальная ўстанова няўхільна павялічвае сферу ўплыву, у тым ліку — і сталічную. А яшчэ — пацвярджэнне факту пра павышаны попыт на выпускнікоў БДУКіМ. У дадзеным выпадку ўніверсітэцкія выхаванцы і вучацца, і практычнай творчасцю займаюцца: ад першакурсніка да пяцікурсніка бяруць удзел у мюзікле “Дуброўскі”. Паказ сумеснага расійска-беларускага праекта быў праведзены для ўсіх ахвотных пасля сустрэчы абітурыентаў з рэктарам БДУКіМ, дэканамі факультэтаў, загадчыкамі кафедр, вядучымі выкладчыкамі ў галіне культуралогіі, інфармацыйна-дакументных камунікацый, менеджмента, музычнага мастацтва, эстрады, харэаграфіі. Такім чынам, сумнаваты, па словах рэктара Юрыя Бондара, прафарыентацыйны дзень быў расфарбаваны выдумкай і магчымасцю студэнцкай самарэалізацыі.

“Спектральны” аналіз “Дуброўскага” ў мае прафесійныя абавязкі не ўваходзіць. Таму чытацкую ўвагу спыню на першай частцы мерапрыемства. Рэктар пад час прэс-канферэнцыі адразу расставіў прыярытэты ўстановы: нацыянальная традыцыя поруч з абавязковымі інавацыямі стварае ўмовы для задавальнення любых творчых амбіцый. А ў выніку — самая доўгатэрміновая перспектыва для паступальнага руху. У тым, што яна з’яўляецца практыкаарыентаванай, пераконвае такі факт: сёлета ўстанова пачне рыхтаваць гукарэжысёраў, рэжысёраў радыё і тэлебачання, дызайнераў сцэнічнага касцюма… Новыя спецыяльнасці ўзніклі пад уплывам працы над “Дуброўскім”. Той выпадак, калі практыка падштурхоўвае да выпраўлення хібаў тэорыі.

Самая адважная абітурыентка задала Юрыю Бондару, бадай, самае важнае (у тым ліку — і для мяне) пытанне: “Якія базы для праходжання творчай практыкі прапаноўвае ўніверсітэт?” Для адказу быў узяты прыклад факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. Дык вось, існуе для гэтага 28 базавых арганізацый. Сярод іх — вядучыя ўстановы культуры Мінска. Будучыя харэографы практыкуюцца ў Беларускім дзяржаўным заслужаным харэаграфічным ансамблі “Харошкі”. Рэжысёры праходзяць практыку ў Белдзяржфілармоніі, “Мінскканцэрце”… Карацей, пытанне “Чаму гэтых спецыялістаў на раёнах днём з агнём не адшукаеш?” адпадае само па сабе. Чуў калісьці ад дзяўчыны з харэаграфічнай адукацыяй, што яна выдатніцай у БДУКіМ стала толькі з той прычыны, што хацела не на сяле працаваць, а замежжа пабачыць. Цяпер з гастроляў не вылазіць...

Даўно заўважыў: чым больш прэстыжу ў БДУКіМ, тым менш выпускнікі затрымліваюцца ў вёсцы. Няўжо, каб змяніць сітуацыю, трэба менш перспектыў перад студэнтамі адкрываць? Ды не, не мадэль навучання варта мяняць, а стан вясковага развіцця.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"