Маладзёжны агіт-марафон

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Будні бярэзінскіх бібліятэкараў насычаны не адно кнігавыдачамі, але і “калякніжнымі” справамі. У першай дэкадзе сакавіка Бярэзінская раённая бібліятэка ініцыявала правядзенне на Бярэзіншчыне Тыдня прафілактыкі ўжыванне спайсаў “Стоп, спайс!”.

/i/content/pi/cult/525/11346/11-1.jpg

Мерапрыемства засведчыла высокі рэйтынг запатрабаванасці і пераросло ў акцыю, якая ахапіла 6 школ горада і раёна ў рамках 10 выступленняў як на базе бібліятэкі, так і на і выездзе.

Маладзёжная аўдыторыя востра ўспрымае праўду жыцця, увасобленую ў мастацкай форме. Зацікавіць маладых — значыць, дасягнуць увагі, знайсці неардынарныя падыходы — запомніцца, зрабіць успрыманне інфармацыі вобразна-эмацыянальным. У ходзе акцыі бярэзінскай моладзі былі прапанаваны агіт-марафоны. Навучэнцы гімназіі і школ класамі наведвалі актавую залу ЦБ, стылізаваную для мерапрыемства. Выязныя агіт-туры ў Пагосцкую, Любушанскую і Гарэніцкую сельскія школы бібліятэкары зладзілі разам з супрацоўнікамі аўтаклуба РДК. У так званай Чыстай кнізе пад калектыўнай заявай “Мы — за чысты ўзрост без бруду наркотыкаў” сабрана звыш за 300 подпісаў юнакоў і дзяўчат. Тэатралізаваныя споведзі ахвяр спайсаў, актуалізаваныя пераклады тэкстаў вядомых песень, мудрыя прыпавесці, шок-факты і гісторыі трагедый маладых лёсаў, заканадаўчыя пастулаты Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі ад 1 студзеня гэтага года — усё працавала 
на агітацыю задуманага бібліятэкай руху.

У лютым бібліятэкары ўжо прапанавалі бярэзінскай моладзі агіт-туры “Не абдымай, каго прыйдзецца”. Наперадзе — аналагічныя акцыі па прафілактыцы падлеткавага брыдкаслоўя “Наша ўмова — далоў брыдкае слова” ды ўжывання піва “Піва — не вадзіца, з хмяльным сябрам не трэба вадзіцца!”

Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі