З прыкідкай на Еўропу

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

12-гадовая выхаванка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна Даша Надзіна стала лаўрэаткай Другой прэміі ІІІ Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Акно ў Еўропу” (Санкт-Пецярбург).

У конкурсе бралі ўдзел прадстаўнікі сямі краін, у тым ліку з Расіі (ад Масквы да Петрапаўлаўска-Камчацкага), Украіны, Казахстана, Польшчы, Беларусі, Прыбалтыкі. Спаборніцтва адбывалася па чатырох узроставых намінацыях, ахопліваючы спевакоў ад 5-ці да 25-ці гадоў, і праходзіла ў два туры.

— Даша аказалася ў трэцяй узроставай группе сярод падлеткаў ад 12-ці да 15-ці гадоў, — расказала кіраўнік Цэнтра імя У.Мулявіна Святлана Стацэнка. — Яна была самай малодшай у намінацыі, бо 12 гадоў ёй споўнілася акурат за некалькі дзён да конкурсу. Тым не менш, яна выдатна прайшла конкурсныя выпрабаванні. Дастаткова сказаць, што з 26-ці ўдзельнікаў яе групы ў другі тур прайшлі ўсяго 11, і канкурыраваць з імі было не так лёгка. Але ж конкурсныя вынікі вызначаюцца не толькі тым, як удзельнік падрыхтаваны і як ён сябе пакажа, важна і тое, ці здольны будзе ён рэалізаваць падчас выступлення свае лепшыя якасці. У першы конкурсны дзень усе выконвалі па дзве песні. Даша спявала “Мой горад” і “Папяровы змей”. Мелодыя першай з гэтых песень належыць Канстанціну Мініну з Санкт-Пецярбурга, але мы, заручыўшыся згодай аўтара, далучылі да яе новыя словы мастацкага кіраўніка “Песняроў” Вячаслава Шарапава. Другую ж песню я напісала сама — на словы вядомай мазырскай паэтэсы Ірыны Сусленка, з якой мы супрацоўнічаем ужо даўно, яна стварыла шмат песень і для Ксюшы Сітнік, і для Андрэя Кунца. Ну, а для другога тура я “прызапасіла” беларускую народную песню “А ў полі вярба” ва ўласнай вакальнай поп-фольк апрацоўцы. З Дашай мы займаемся крыху больш за год, але яна малайчына, не лянуецца. І пасля паспяховай паездкі ў Санкт-Пецярбург працягвае рыхтавацца да наступнага конкурсу, не менш адказнага: у складзе трыо яна возьме ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе на лепшую песню да дзіцячага “Еўрабачання”.


Надзея БУНЦЭВІЧ