“Мы – беларусы!”

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

Традыцыйны фестываль “Арт-мажор”, які ладзяць Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў і аднайменны з фестывалем прадзюсерскі цэнтр, праходзіць сёлета ў межах буйнамаштабнай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. Урачыстае адкрыццё гэтага 16-га ўжо свята вясны і натхнення адбылося 4 сакавіка ў Канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

 /i/content/pi/cult/152/1132/My-belarusy.jpg
Паводле традыцыі, фестываль працягнецца да канца мая і завершыцца разам з заканчэннем навучальнага года. Штотыднёвыя канцэрты, якія пройдуць на розных сцэнах, прадэманструюць дзейнасць усіх кафедр БДУКіМ. Адметнасцю сёлетняй “творча-навучальнай справаздачы” стане і тое, што, акрамя разнастайных канцэртаў і майскай выстаўкі “Арт-аб’ект” у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, фестывальная праграма ахопіць таксама Дні факультэтаў. Упершыню ў галоўным корпусе навучальнай установы адбудуцца конкурс-канцэрт скрыпічнай джазавай імправізацыі, канцэрт камп’ютэрнай музыкі.

Такі шырокі размах свята набывае дзякуючы дзейнасці прадзюсерскага цэнтра “Арт-мажор”. Ён не толькі папулярызуе шматлікія калектывы сваёй навучальнай установы, але і арганізоўвае ды праводзіць разнастайныя шоу-праграмы, святы, конкурсы, фестывалі (“Арт-мажор” — адзін з іх) і г. д.

Пераканацца ж у тым, як многа ва Універсітэце культуры і мастацтваў студэнцкіх калектываў, можна было на гала-канцэрце адкрыцця.

Амаль ва ўсіх нумарах выкарыстоўваліся прыёмы інструментальнага тэатра. Практычна ўсе ансамблі і салісты выступалі разам з Маладзёжным эстрадна-сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Віктара Валатковіча, які дырыжыраваў папераменна з Анатолем Кудзіным. У выніку ўвесь канцэрт набыў імкліва-напорыстае, зычнае гучанне. На жаль, знаходжанне аркестра на сцэне падчас усяго канцэрта не дазволіла ўпрыгожыць відовішча яркімі, у тым ліку вырашанымі ў стылі фольк-мадэрн, сучаснымі танцавальнымі нумарамі, якіх багата ствараецца на кафедры харэаграфіі. Але, трэба спадзявацца, іх можна будзе ўбачыць на канцэрце кафедры ў красавіку.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: на гала-канцэрце“Арт-мажору”.
Фота Канстанціна ДРОБАВА