Харавое веча: “зборная” краіны

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Міхась ДРЫНЕЎСКІ, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча, старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў
Прыцягненне грамадскай увагі да харавога мастацтва — вельмі важная справа. Харавыя спевы здаўна сталі неад’емнай часткай нашай культурнай спадчыны, усе добра разумеюць іх сувязі з патрыятычным выхаваннем, фарміраваннем нацыянальнай самасвядомасці. Але не сакрэт, што апошнім часам мы спяваем усё меней, пачынаючы са школы.

/i/content/pi/cult/524/11319/5-2.jpgМузыканты, занепакоеныя сучасным станам спеўных традыцый, неаднойчы ўзнімалі гэту тэму. Адбыліся дзве калегіі Міністэрства культуры Беларусі: летась у кастрычніку, пасля чаго было прынята важнае дзяржаўнае рашэнне па вяртанні эстэтычнага выхавання ў сярэднія школы, і зараз у сакавіку. На апошняй калегіі было вызначана, што 2 ліпеня, да Дня Незалежнасці Беларусі, у сталіцы пройдзе маштабная акцыя — харавое веча “Малітва за Беларусь”. Па нашых падліках, павінны сабрацца разам прыблізна паўтары-дзве тысячы выканаўцаў з усёй рэспублікі.

Падобныя традыцыі даўно існуюць у краінах Прыбалтыкі. Там штогод праходзіць “Спеўнае поле”, дзе разам з запрошанымі калектывамі спяваюць усе прысутныя. Як марыў пра такое ж беларускае “поле” патрыярх нашага харавога мастацтва, народны артыст СССР Віктар Роўда! Пасля яго смерці штосьці падобнае, толькі ў меншых маштабах, ладзілася і ў нас. Ініцыятарам такіх акцый з запрашэннем калектываў з іншых рэгіёнаў выступала дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Тамара Слабодчыкава. Яе падтрымаў Мінгарвыканкам. Усе акцыі былі тэматычнымі: “Шмат год табе, мой родны Мінск”, “У імя жыцця і Зямлі” і, да юбілеяў Рыгора Шырмы ды нашых народных паэтаў-песняроў: “Гучаць у песні шырмавай і Колас і Купала”. Выступленні хораў праходзілі спачатку на прыступках Акадэміі навук Беларусі, дзе Тамара Гаўрылаўна ўзначальвае аматарскі харавы калектыў, а потым двойчы ля Нацыянальнай бібліятэкі. Вакол адразу збіралася публіка. Хтосьці далучаўся да спеваў, хтосьці запытваў, куды можна аддаць навучацца дзяцей. Абыякавых не было!

Але такая маштабная акцыя, як запланавана цяпер, будзе ладзіцца ўпершыню. “Малітва за Беларусь” адбудзецца ля храма Усіх Святых, працягнецца паўтары гадзіны. Там будзе і духоўная музыка, і свецкая, і дзіцячы блок не абмінем. Вядома, прагучаць і патрыятычныя кампазіцыі. А завершым, верагодна, знакамітай песняй Уладзіміра Алоўнікава “Радзіма мая дарагая”.

На калегіі Міністэрства культуры было вырашана, што ўдзел павінны ўзяць калектывы з усіх абласцей, каб спявала папраўдзе ўся рэспубліка. Была таксама прапанова здымаць харавыя выступленні і трансляваць іх на вялізныя экраны, усталяваныя не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах, іншых гарадах. Ды ажыццявіць апошняе пакуль вельмі складана: патрэбна больш дасканалая тэхніка. У будучым, магчыма, і здзейсніцца такая задума, каб у рэжыме онлайн да харавых спеваў далучыліся жыхары па ўсёй краіне, сабраныя не дома ля тэлевізараў, а дзесьці на плошчы, на хвалі ўсеагульнага нацыянальнага ўздыму.

Складанасці, вядома, ёсць, і немалыя. Усё ж падобныя мерапрыемствы трэба планаваць нашмат раней, бо зараз у калектываў ужо і гастролі распісаны, у тым ліку замежныя, і летнія адпачынкі. Шмат калектываў аматарскіх, і вымушаць іх удзельнікаў адмаўляцца ад сваіх сямейных, да прыкладу, паездак, ды яшчэ разам з дзецьмі, няёмка, а часам і ўвогуле немагчыма. Шмат і дзіцячых хораў. А ў школьнікаў летам канікулы: сабраць усіх таксама будзе не так проста. Таму на будучыню, калі такое “Харавое веча” стане, хочацца спадзявацца, традыцыяй, будзе добра вызначыцца з часам яго правядзення, замацаваць пэўны дзень, каб усе маглі складаць свае планы з улікам гэтага свята. І рыхтавацца! Вы ж разумееце, што калі мы хочам, каб былі не толькі асобныя выступленні, але і спевы “харавой зборнай” усёй Беларусі, дык трэба загадзя вызначыцца з рэпертуарам, раздаць яго па калектывах, зрабіць аранжыроўкі, прыдатныя для кожнага. Усё гэта патрабуе часу, немалых намаганняў. Але яно таго варта! Беларусь спеўная — гэта, лічыце, краіна будучыні.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"