Працэс набыцця голасу

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Сады, метафары і фільтры Венецыянскага біенале
Окві Энвезар — куратар 56-га Венецыянскага біенале на мінулым тыдні ладзіў сустрэчу-кансультацыю з куратарамі нацыянальных павільёнаў Еўропы. На ёй і на прэс-канферэцыі, прысвечанай будучай галоўнай экспазіцыі “Усе лёсы свету” (“All the World’s Futures”), пабываў куратар праекта “Архіў сведкі вайны”, што будзе прадстаўляць Беларусь на сёлетнім форуме, Аляксей Шынкарэнка. Эксклюзіўна для “К” ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад візіту ў Венецыю.

/i/content/pi/cult/524/11315/3-1.jpg

Чым важна гэтая сустрэча?

— На сустрэчу з куратарам Венецыянскага біенале, які ўжо ўвайшоў ў гісторыю тым, што гэта — першы афрыканскі кіраўнік італьянскага форуму, было акрэдытавана 62 краіны. Кожнаму прадстаўніку была дадзена магчымасць распавесці аб праекце прыкладна за  2-3 хвіліны. Вядома, гэта мала, але, улічваючы колькасць удзельнікаў, — дастаткова, каб пазнаёміць з ключавымі момантамі.

Сэнс сустрэчы ў тым, каб куратар здолеў убачыць агульную карціну Венецыянскага біенале, пабачыў, як раскрываецца дэвіз форуму “Усе лёсы свету” праз праекты яго ўдзельнікаў. Несумненна, гэта і прамоцыя самога біенале, але ж галоўная задача — сугучча ўсіх з Окві, які з’яўляецца самай прыцягальнай фігурай форуму, асобай, якая стварае сённяшнюю гісторыю фестывалю.

Чым для нас асабіста важная гэта сустрэча? Безумоўна — імідж краіны. Дзякуючы таму, што слова “Беларусь” пачынаецца з другой літары англійскага алфавіта, мне давялося выступаць у першай дзясятцы. І тут, мяркую, дадатковых тлумачэнняў не трэба.

Знакавая лічба і час

— Сёлета — 120-я ўгодкі Венецыянскага біенале. І гэта знакавая лічба форума — аднаго з самых сталых у свеце мастацтва. І які, будзем шчырымі, многія краіны для сябе толькі адкрываюць. Тым не менш, гісторыя біенале — унушальная, і арганізатары фестывалю паставілі задачу пераасэнсаваць яго досвед, бо сучаснае мастацтва патрабуе пераасэнсавання. Невыпадкова куратарам галоўнага праекта і абраны Окві Энвезар — спецыяліст, які працуе з архівамі, гісторыяй, пісьменнік, крытык, кіраўнік Дома мастацваў у Мюнхене.

Спадар Энвезар падкрэсліў: яго задача — зрабіць не звычайную выстаўку, а менавіта маніфест мастакоў. Ён адзначыў, што апошнія два гады былі для свету часам значных катаклізмаў. Што мастацтва можа ім супрацьпаставіць? Як мастацтва можа быць уключана ў сусветныя працэсы? Энвезар абірае маніфест як тую форму, якая адпавядае сённяшнім выклікам, і хоча абнавіць еўрапейскі форум.

Дарэчы, адной з падтэм дэвіза з’яўляецца выслоўе “Сад беспарадку”. Куратар адмыслова зрабіў акцэнт на гэтым фільтры, бо ён — адна з ключавых метафар праекта. “Сад беспарадку” як метафара свету, і як адсыл да Садоў Джардзіні, дзе размешчаны асноўны корпус нацыянальных павільёнаў… Якую форму абярэ кожная краіна для вызначэння гэтай метафары беспарадку? Якія траекторыі будучыні свету будуць вызначаны ў гэтым Садзе? Энвезар імкнецца стварыць асяродак для дыялогу актуальных форм мастацтва, якія працуюць з геномам гісторыі.

Пры гэтым куратара цікавіць не проста праца з архівамі, захаваннем гісторыі — для яго вырашальнай з’яўляецца такое паняцце як спадчыннасць. Якая спадчыннасць культурных кодаў нацыі? І як, абапіраючыся на мінулае і сённяшняе, мастацтва можа пераасэнсаваць, змяніць аблічча сучаснага свету?

/i/content/pi/cult/524/11315/3-2.jpg

Проста тэмы не дастаткова

— Вядома, я скарыстаўся магчымасцю падысці да куратара. Па-першае, я выказаў яму ўдзячнасць за дэвіз, які дазволіў праекту “Архіў сведкі вайны” пракласці шлях на такі буйны форум. У адказ спадар Энвезар адзначыў, што ён сочыць за нашым праектам, але яго цікавіць форма, якую мы абярэм для працы з архівам. Яго адказ толькі падкрэслівае, якое значэнне надаецца сёння менавіта актуальным формам. Проста зварот да пэўнай тэмы — гэтага сёння ў сучасным свеце мастацтва ўжо недастаткова.

Ці засмуціла мяне рэмарка куратара? Прадстаўляючы наш праект пад час троххвіліннай прэзентацыі, я акурат і зрабіў акцэнт на тым, што мы не рэпрэзентуем мастака. Мы пераасэнсоўваем сваю гісторыю нетрадыцыйным спосабам: "пераагучванне" гэтае адбываецца ў форме творчага працэсу набыцця голасу, які можа быць пачуты светам. Гэта лакальны голас у глабальнай прасторы. Па-сутнасці, мы задаем пытанні: а ці можа голас сведкі жыцця і смерці быць пачуты ў свеце? Ці можа гэты сведка былых катастроф стаць зразумелым для іншага чалавека, які не перажыў падобнае? І мы не даем гатовага адказу, але прадастаўляем магчымасць наведвальніку самому знайсці тое, што ён можа, у гэтым “наіўным” архіве Першай сусветнай...

...Па-другое, мне падалося важным зрабіць акцэнт на тым, што гэта — невядомы свету архіў Першай сусветнай вайны. Бо ў той час нашай краіны яшчэ не існавала як дзяржаўнага ўтварэння. Мы былі, па-сутнасці, фантомнай краінай, у якой адбывалася глабальная катастрофа. Толькі праз сто гадоў гэты голас аб мінулым пачынае фарміравацца і даносіцца да свету. Гэта вельмі сугучна з тым, што кажа Энвезар аб спадчыннасці. Бо наша краіна, якая атрымала сваё імя, пачынае разам са светам асэнсоўваць сваю спадчыну. Прамова куратара ўпэўніла: мы на правільным шляху.

І “Капітал” — “акхант-пантху”

— Наш павільён будзе знаходзіцца на траекторыі паміж украінскім і расійскім. Украіна сёлета вырашыла пайсці такім шляхам: не здымаць памяшканне, а зрабіць шкляны павільён проста на вадзе. Ведаю, што праект будзе складацца з твораў маладых украінскіх мастакоў, новай генерацыі, выхаванай дзякуючы дзейнайсці Арт-цэнтра Пінчука.

Расія традыцыйна пазіцыянуе сябе лідарам, і гэтым разам выключэнняў не адбылося. Гэты год для іх — таксама выключны, і яны хацелі б сваім праектам паставіць такую разважлівую кропку ў дачыненні да сітуацыі, якая склалася ў свеце. І адзін з жэстаў у падтрымку гэтай пазіцыі — яны хочуць вярнуць павільёну Расіі, колішняму павільёну СССР, яго першапачатковы колер — зялёны. Праект, дарэчы, так і называецца “Зялёны павільён”. Кажуць, што гэты колер быў запланаваны яшчэ архітэктарам Аляксеем Шчусевым. Сёння будынак светла-ружовага колеру, і калі пафарбаваць яго ў зялёны, потым будзе складана вярнуць яго ў той жа ружовы. Таму расіяне зараз будуюць адмысловую канструкцыю з гіпсакардону, які дазволіць дасягнуць іх мастацкай задачы без наступстваў.

Выступоўцаў было шмат, але я адзначыў для сябе яшчэ адзін праект, які ў чымсьці перагукаецца з нашым — Новай Зеландыі. Ён будзе прадстаўлены на дзвюх пляцоўках: гэта лакальныя аэрапорт і бібліятэка. Проста ў аэрапорце мастак будзе прапаноўваць свой фармат узаемадзеяння. Штосьці падобнае адбудзецца і ў адной з гарадскіх бібліятэк. Гэта падалося мне цікавай ідэяй — задзейнічанне публічных месцаў, а не выкарыстанне традыцыйнага куба, дзе мы ўжо звыкла глядзім мастацкія творы.

Да слова, і праект спадара Энвезара зрабіў уражанне. Акрамя таго, што ў галоўную экспазіцыю ўключаны работы 35 чарнаскурых мастакоў, сёння увесь свет абмяркоўвае “ажыўленне” ім “Капітала” Карла Маркса. Цягам сямі месяцаў працы выстаўкі адмыслова адабраныя акцёры будуць чытаць слынны твор ад пачатку да канца. У сікхаў ёсць рытуал “акхант-патху”, кажа куратар, які перакладаецца як “чытанне без перапынку”. І Окві збіраецца паставіцца да “Капітала” як да “акхант-патху”, ператварыўшы яго ў культурную падзею, якая будзе суправаджацца дадатковымі сцэнарыямі, песнямі, перформансамі…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"