Навошта клуб-церам, калі ёсць ДК?

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Праекты за кошт фандрайзінгу на фоне аптымізацыі: дубляванне без спадзяванняў
Пленэр у закінутай вёсцы, лекцыі з нагоды традыцыйнай беларускай культуры, гурткі па вывучэнні гісторыі абласнога цэнтра ці музей дзяцінства… Пра ўсе гэтыя і іншыя культурныя праекты сёння можна даведацца ў Інтэрнэце з нагоды правядзення конкурсу сацыяльных ініцыятыў startidea.by. Але наколькі яны будуць запатрабаваныя спонсарамі ці мецэнатамі — пытанне, мабыць, галоўнае.

/i/content/pi/cult/524/11311/2-2.jpg

Вясковыя пленэры

Спачатку — пра самі праекты. Каб даведацца пра іх падрабязна, давялося “штудзіраваць” дзясяткі ініцыятыў, колькасць якіх агулам перавальвае за сотню. І самае цікавае, што даволі шмат з прапанаваных на сайце праектаў звязаны… з жыццём сельскай глыбінкі. Гэта, натуральна, не можа не радаваць журналістаў “К”, якія ў сваіх вандроўках па мястэчках і вёсках Беларусі неаднойчы выказвалі думку пра малую запатрабаванасць рэгіянальных брэндаў. Брэндаў, якія, пры належнай “раскрутцы” і піяры маглі б даць штуршок для эканамічнага развіцця не толькі таго або іншага раёна краіны, а і цэлага рэгіёна. Так што пэўная тэндэнцыя прамалёўваецца.

Да прыкладу, справу нябожчыка Мікалая Тарасюка з вёскі Стойлы, што на Пружаншчыне, прапаноўваюць працягваць яго неабыякавыя паслядоўнікі. Зрабіць вёску “жывой” хаця б на кароткі час яны мяркуюць з дапамогай арганізацыі ў паселішчы мастацкіх пленэраў. Адзін з іх мае быць зладжаны ўжо сёлета. Натуральна, пры наяўнасці зацікаўленых фундатараў.

Таксама на сайце прадстаўлены праект, у якім вялікая ўвага надаецца беларускаму традыцыйнаму мастацтву. Так, Студэнцкае этнаграфічнае таварыства прапануе зладзіць пры дапамозе спонсараў шэраг лекцый, у якіх ахвотным распавядалася б пра традыцыі арнаменту і тэкстылю. Як лічаць аўтары, веды пра традыцыйны тэкстыль сёння запатрабаваны дызайнерамі, што выкарыстоўваюць этнаматывы, а таксама патэнцыйнымі спажыўцамі іх прадукцыі — тымі людзьмі, што хацелі б самі пашыць сабе строі ці проста цікавяцца аспектамі традыцыйнай 
культуры.

Іншыя крэатыўшчыкі прапануюць распачаць будаўніцтва — менавіта будаўніцтва! — клуба-церама ў пасёлку новага тыпу сіламі жыхароў. У клубе плануецца ладзіць “вячоркі”, заняткі рамёствамі, альтэрнатыўнае навучанне дзяцей, праводзіць семінары і майстар-класы для гараджан. Ладзячы народныя святы для турыстаў, жыхары пасёлка ўжо сабралі сродкі на закупку лесу, цяпер ім трэба выкупіць і аформіць зямлю пад клуб. Далей самі жыхары стануць узводзіць свой церам-клуб для агульных сустрэч, зносін і навучання, а таксама прыёму гасцей. Але ж наколькі будзе запатрабаваны такі “церам” пры наяўнасці ў суседніх паселішчах сельскіх Дамоў культуры? Гэта пытанне, мабыць, рытарычнае… Хаця сама ідэя — цікавая…

У гарадскім антуражы

На сайце можна адшукаць і шмат іншых крэатыўных праектаў, звязаных з развіццём гарадской культуры. Скажам, у Гродна мясцовымі аматарамі плануецца зрабіць цыкл з не менш чым тузіну інавацыйных практыка-арыентаваных навучальных гурткоў па гісторыі і культуры горада над Нёманам. Прычым тэматыка такіх гурткоў прапануецца самая разнастайная: ад тэмы “Гродзенцы вядомыя і невядомыя” да цалкам спецыфічнай “Гродзенская кухня: ад старажытнасці да сучаснасці”. У сярэднім адзін гурток разлічаны на 8 — 10 сустрэч.

А ініцыятыўныя людзі з Мінска прапануюць стварыць у беларускай сталіцы культурна-адукацыйную платформу “Аудыторыум”. Паводле задумы, асноўнымі напрамкамі дзейнасці стануць інтэрактыўныя экскурсіі для дзяцей і падлеткаў, мастацкія майстар-класы, курс пра гісторыю і практыку фатаграфіі для тынэйджараў… І калі для правядзення лекцый і сустрэч лекцыйная зала ўжо гатовая, дык для майстар-класаў арганізатарам яшчэ трэба абсталяваць асобную прастору.

Музей дзяцінства прапануюць стварыць жыхары Гомеля. Як сцвярджаецца ў заяўцы, Музей дзяцінства як цэласная структура дзейнічае сёння толькі ў Лондане, а некалькі міні-музеяў і музеі па асобных напрамках тэмы дзяцінства працуюць у краінах СНД — у гарадах Санкт-Пецярбургу, Севастопалі, Харкаве і некаторых іншых. Канцэпцыя беларускага праекта прадугледжвае збор і фарміраванне калекцыі матэрыялаў пра дзяцінства і дзяцей, сабраных з актыўным удзелам моладзі.

Высновы і перспектывы

Хтосьці з ініцыятыўных людзей хоча зрабіць літаратурны дворык у Оршы, нехта збіраецца зладзіць — ні больш ні менш! — фестываль сучаснай беларускай драматургіі або фестываль вулічнай музыкі ў Мінску і Брэсце, некаторыя мараць абсталяваць у сталіцы міні-тэатр з залай на 20 гледачоў… Заявак так шмат, што вочы разбягаюцца ад безлічы крэатыўных задум і незвычайных прапаноў…

Іншая справа, што праекты гэтыя спрэс дублююць тыя, пра якія ўжо вялася гаворка на старонках друку ці ў электронных СМІ і якія даўно “на слыху” (“Брэсцкая крэпасць: перазагрузка”, Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, зноў жа Дзіцячы музей у Полацку), альбо адлюстроўваюць сітуацыю з недахопам культурнага баўлення часу як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці… Адсюль і праекты па будаўніцтве клуба-церама — магчыма, як своеасаблівая рэакцыя на аптымізацыю сеткі сельскіх устаноў культуры, — і прапановы ладзіць вулічныя ды тэатральныя фестывалі ці будаваць міні-тэатры…

З сітуацыі можна зрабіць выснову: культурных мерапрыемстваў сёння ў Беларусі не хапае ні гараджанам, ні сяльчанам. Каб вырашыць праблему, варта ўлічваць пажаданні актыўных наведвальнікаў клубаў, бібліятэк, тэатраў, час ад часу ладзіць анкетаванні ў школах ды ўніверсітэтах, у сацыяльных сетках і з дапамогай аб’яў СМІ… Прычым, гэтыя прапановы і парады было б няблага ўвасабляць у рэчаіснасць, упісваючы ў свае сельскія, гарадскія, раённыя ці абласныя планы ці праграмы, а не складваць “на пасля” ў далёкі кут…

Іншая выснова — несуцяшальная, хоць і даўно вядомая: нястача фінансавання ў сферы рэгіянальнай культуры. Іначай зацікаўленыя асобы не прасілі б грошай на стварэнне сеткі вулічных міні-бібліятэк у Слоніме, а таксама — на закупку акустычнай сістэмы з усталяваным акумулятарам, пра які сёння марыць вакальны народны калектыў “Надзея” з Хадосаўскага сельскага дома культуры Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці… А, да прыкладу, у Магілёве сёння мрояць пра ўсталяванне некалькіх стэндаў са старымі фотаздымкамі горада, у Гродна — пра арганізацыю міні-галерэі ў адным з мясцовых кафэ, а ў аграгарадку “Літвінавічы”, што ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, — пра стварэнне дзіцячай пляцоўкі пад адкрытым небам…

Зразумела, частку з гэтых ініцыятыў лагічна перанакіраваць у адпаведныя аддзелы райвыканкамаў, іншыя — у абласныя ўпраўленні па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі, якія і створаны дзеля таго, каб каардынаваць сацыяльную сферу свайго рэгіёну… Бо атрымліваецца, што сувязь паміж выканаўчымі органамі ўлады і аўтарамі праектаў — грамадзянамі, — як быццам, не існуе. Іншая справа, што наяўнага фінансавання для падобных праектаў сапраўды можа на ўсіх ахвотных не хапіць. І, як паказвае практыка, зазвычай гэтак і адбываецца. Вось і даводзіцца размяшчаць свае ініцыятывы — ці, дакладней кажучы, просьбы аб дапамозе — на старонках сацыяльных праектаў. Іначай ні тых жа стэндаў з фота, ні ўсталявання дзіцячых пляцовак у аграгарадках можна і не дачакацца…

І апошняе. Як вынікае, многія з прадстаўленых праектаў часцяком змяшчаюць у сабе просьбы аб фінансаванні ці звароты да спонсараў. Але ці зацікавяцца імі патэнцыйныя мецэнаты? Мабыць, на гэтае пытанне можна было б адказаць дакладна, каб у размешчаных на сайце заяўках былі прадстаўлены рэальныя бізнес-планы, што дэталёва распісваюць не толькі выдаткі, але і даходы таго ж спонсара. На жаль, падобных прыкладаў так і не адшукаў…

Але ж выдаткоўваць грошы без аддачы — хай сабе нават і ў якасці рэкламы свайго прадпрыемства ці фірмы, — на маю думку, не захоча сёння ніводны сучасны Гай Мецэнат… Цалкам магчыма, што гэтая нястача бізнес-планаў — і ёсць тая “ахілесава пята”, якая звядзе многія з апісаных грамадскіх ініцыятыў адно толькі да віртуальнай заяўкі, а не да рэальнага ўвасаблення… Але такога варыянту развіцця падзей, натуральна, не хацелася б…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"