Аура мадонны

№ 10 (828) 08.03.2008 - 14.03.2008 г

4 сакавіка ў Міністэрстве інфармацыі РБ адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі карцін Аляксея Кузьміча “Храм мадонны”. На сваім шматгадовым творчым шляху Аляксей Васільевіч захоўвае вернасць спрадвечным духоўным каштоўнасцям.

 /i/content/pi/cult/152/1131/Aura.jpg
Ён заслужыў вядомасць і прызнанне як стваральнік галерэі беларускіх мадонн — на сёння ў яго налічваецца каля 700 твораў у славу мацярынства. І на новай выстаўцы, арганізаванай па ініцыятыве міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча, нязменныя героі яго палотнаў — Маці і Дзіця. А.Кузьміч знаходзіць для іх усё новыя фарбы, разнастайныя адценні пачуццяў, наследуючы традыцыям мастакоў Адраджэння ды іканапісцам візантыйскага канона. У вачах беларускай маці — і светлая радасць, і гонар за дзіця, і нялёгкі лёс папярэдніх пакаленняў, і трывога за будучыню немаўляці, і сусветная туга… Жанчына — носьбітка і прадаўжальніца жыцця — выступае і як яго абаронца.

Адкрыў выстаўку намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак. Аляксея Кузьміча віншавалі з творчымі дасягненнямі пісьменнік Уладзімір Ліпскі, паэт Андрэй Скарынкін, вядомы беларускі журналіст Леанід Екель. Сам жа віноўнік урачыстасці пажадаў, каб яго карціны стваралі ў жанчын-наведвальніц узнёслы святочны настрой напярэдадні іх свята — 8 Сакавіка.

Святлана ІШЧАНКА
На здымку: падчас адкрыцця выстаўкі.

Фота Юрыя ІВАНОВА