Што значыць быць у архіве?

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Грузінскі відэаарт: знаёмыя праблемы арт-практыкі
У Мінску скончылася выстаўка-прэзентацыя “Грузінскі відэаарт”, якая нарадзілася дзякуючы супрацоўніцтву з Грузінскім відэаарт-архівам. Онлайн-сустрэча з адным з заснавальнікаў праекта, мастаком, куратарам выстаўкі “Georgian Video Art” Алексіем САСЕЛІЯ, які падзяліўся сваім досведам, апынулася ў полі зроку “К”.

/i/content/pi/cult/520/11307/14-1.jpg

Пад час выстаўкі "Грузінскі відэаарт". / Фота Вікторыі ШЧАРБАКОВАЙ

Прыцягнуць увагу да сучаснага мастацтва

— Рашэнне стварыць архіў грузінcкага відэаарту для нашай суполкі — “Active for Culture” — прыйшло само сабой. Стала відавочна, што падобныя практыкі застаюцца нябачнымі для грамадства: няма ні Музея відэаарту, ні якой-кольвечы годнай крыніцы інфармацыі. А між тым відэаарт — жывы і яркі сродак асэнсавання тых змен, што адбываюцца ў наваколлі. Стварэнне онлайн-архіва падалося магчымасцю звярнуць увагу на сучаснае мастацтва Грузіі ды даць штуршок для пераасэнсавання апошняга. Паралельнай задачай стала даследаванне, якое разам з Галактыёнам Ерыставі, Гіа Спандэрашвілі і Тамарай Мусхелішвілі мы правялі ў рамках праекта летась.

Пачыналі мы з малога, але сёння ў архіве — ужо больш за 400 работ 80 мастакоў, і ён уключае амаль усё, што было створана ў гэтым напрамку пачынаючы з 1980-х. У сакавіку 2014 года ў Нацыянальным цэнтры музыкі ў Тбілісі адбылася выстаўка “Descriptions”, якая прэзентавала вынікі даследавання…

Тры пакаленні

— Грузінскі відэаарт умоўна можна падзяліць на тры часткі. Першая — гэта мастацтва 80-х — 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі творцы пачалі асэнсоўваць працэсы, што адбываюцца ў грамадстве, абапіраючыся на лакальны кантэкст. На гэты час прыпаў распад Савецкага Саюза, рэфлексіі грамадства з гэтай нагоды, жаданне пераадолець савецкае мінулае, пошук новых арыенціраў… Сярод вядомых тагачасных аўтараў — Кока Рамішвілі, Ніко Цэцхладзэ, Іліко Зауташвілі…

У 2000-я заявіла пра сябе новае пакаленне мастакоў. Вато Цэрэтэлі, Гіа Сумбадзэ, Ніка Мачаідзэ, Софія Табатадзэ… Інтэрнэт садзейнічаў выхаду з культурнай ізаляцыі, таму для твораў гэтых аўтараў характэрны выхад на глабальныя праблемы, больш вольнае выкарыстанне мастацкіх практык, задзейнічанне анімацыі, віджэінг. Таксама “пераходнае пакаленне” не абмінула ўвагай і нацыянальнае пытанне, але — у кантэксце перафармулявання грузінскіх традыцый ды сэнсаў у сувязі з выхадам у глабальны свет.

Што да новага пакалення, то яно ўжо зусім не адчувае сувязі з савецкім мінулым і мае іншыя арыенціры. Яно яшчэ больш адкрыта для візуальных эксперыментаў, мае свой асабісты погляд на сучаснасць. Тут важна адзначыць такіх творцаў, як Гегі Хабурдзанія, Марыям Мурадашвілі, Сасо Кумсіяшвілі. Выстаўка грузінскага відэаарту ў мінскай галерэі сучасных мастацтваў “Ў” акурат і знаёміць публіку з гэтымі аўтарамі, прадстаўляючы этапы развіцця напрамку…

Эфемерны і абстрактны арт

— Якія тэмы цяпер цікавяць маладых мастакоў? Для іх актуальнай з’яўляецца тэма рэлігіі, яны шмат рэфлексуюць над гэтым, бо Грузія, вядома, — праваслаўная краіна. Таксама, паўтаруся, яны надзвычай ахвочыя да візуальных эксперыментаў. Збольшага гэта такі эфемерны і абстрактны арт. Дзяўчаты ставяцца спакойна да фемінісцкіх тэм, актуальных у Еўропе. Можна сказаць, іх больш цікавіць відэа як візуальны матэрыял, тэкст.

Ці існуюць пэўныя крытэрыі адбору ў архіў? Мы зацікаўлены ва ўсіх работах. Наша пазіцыя — прадставіць матэрыял, а права выбару твораў мы пакідаем куратарам выставак і праектаў. Але гэта вялікая праца — сабраць матэрыял. Сёння архіў ужо ведаюць, і грузінскія мастакі самі звяртаюцца да нас, аднак звязацца з тымі, хто працуе ці вучыцца за мяжой, не так і проста. Але, лічу, работы гэтых аўтараў — таксама важная частка архіва, і мы далей будзем намагацца папаўняць сайт іхнімі творамі…

Магчымасці, якія ёсць

— Сёння ў Грузіі няма адмысловага факультэта, аддзялення, дзе можна было б навучыцца гэтай мастацкай практыцы. Акрамя нефармальнай магістарскай праграмы ў Цэнтры сучаснага мастацтва Тбілісі, дзе, уласна кажучы, мы і выкладаем. У нас жа вучыцца каля дваццаці студэнтаў — зусім няшмат.

Увогуле, адзін з недахопаў грузінскай мастацкай адукацыі — адсутнасць навучання рэалізацыі свайго творчага прадукту. З боку заходніх куратараў мы адчуваем вялікую цікавасць да грузінскага мастацтва. Мае калегі, да прыкладу, уключыліся ў сумесныя праекты ў Францыі, Германіі, але ў Грузіі зладзіць выстаўку цяжка. Здаецца, магчымасці ёсць, але трэба ведаць, як імі скарыстацца. І мастакі, шчыра кажучы, не надта разумеюць, што рабіць.

Апісваючы наш мастацкі асяродак, магу дадаць, што сітуацыя з куратарамі яшчэ горшая, чым з мастакамі. Апошнія ўсё ж такі з’яўляюцца і нешта робяць. Арт-крытыкаў жа ўвогуле відавочна бракуе. Мы стварылі архіў яшчэ і для таго, каб пазнаёміць першых і другіх, бо большую частку работ куратары не бачаць, і таму не працуюць з мастакамі.

Які наш наступны крок? Аб’яднанне архіваў Грузіі, Арменіі і Азербайджана ў архіў відэаарту Каўказа. Мяркую, што ў дадзеным фармаце мы будзем больш цікавыя свету і, адначасова, больш плённай, разнастайнай атрымаецца размова пра лакальны кантэкст. Нашы краіны маюць агульны досвед, у тым ліку звязаны з ваенным мінулым.

Грузіі сёння бракуе інфармацыі, каб зразумець, што рабіць далей, як, у тым ліку, прасоўваць сябе на міжнароднай культурнай сцэне. Сёння мы можам бачыць, як традыцыйная грузінская культура займела прыметы стагнацыі, але дакладнай стратэгіі, што рабіць далей, як прэзентаваць сябе свету, не існуе. Усе працуюць хаатычна, як хто адчувае. Урэшце, ёсць мастакі, якія працуюць з лакальным матэрыялам і чула рэагуюць на пастаянныя трансфармацыі. Іхнія работы — частка сучаснага працэсу…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"