Кірыліца — па-за стандартам

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Выстаўка ўзораў шрыфтавога дызайну выявіла прагалы
Напрыканцы студзеня — на пачатку лютага ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працавала выстаўка “Type Directors Сlub (TDС)”, на якой можна было пабачыць выдатныя ўзоры шрыфтавога дызайну і тыпаграфікі, сабраныя з усяго свету. Падкрэслю: свету, дзе пануе лацінка.

/i/content/pi/cult/520/11304/8-3.jpg

Для Беларусі такое маштабнае відовішча ў навіну. З гэтага, аднак, не вынікае, што яно мусіла здзівіць мясцовых адмыслоўцаў шрыфтавога мастацтва, бібліяфілаў ды іншых зацікаўленых людзей. Яны яшчэ ў “даінтэрнэтны” час, калі інфармацыю па пэўных галінах ведаў знайсці было няпроста, з’яўляліся даволі дасведчаныя ў гісторыі і тэндэнцыях развіцця шрыфтавога мастацтва. Каталогі шрыфтоў ды ўзораў тыпаграфікі на ўсе выпадкі жыцця стаяць на паліцы каля рабочага стала, бадай, у кожнага дызайнера-графіка. Але для шырокай грамады гэтая выстаўка сапраўды сталася адкрыцём неабсяжных магчымасцей літары для перадачы сэнсу, эмацыйнай афарбоўкі і зместу тэкстаў.

ТDC — гэта міжнародная арганізацыя, якая спрыяе прафесійнай адукацыі ў галіне практыкі і тэорыі шрыфта, шрыфтавога дызайну, адаптацыі шрыфта да новых тэхналогій і тэхналогій — да эстэтыкі шрыфта, развіццю апошняга як сродку лакальных ды глабальных камунікацый. Утварылася яна ў 1943-м у ЗША, з нефармальнага гуртка некалькіх супрацоўнікаў рэкламных агенцтваў, а юрыдычна аформілася трыма гадамі пазней. Сёння гэтая міжнародная асацыяцыя аб’ядноўвае спецыялістаў з трыццаці чатырох краін.

У галерэі “Універсітэт культуры” выстаўлялася калекцыя лепшых работ, адзначаных на міжнародных конкурсах. Адпаведна, перад намі — стандарт шрыфтавога дызайну. Праўда, нас там няма. Я маю на ўвазе не адсутнасць у дадзенай калекцыі работ беларускіх дызайнераў, а тую акалічнасць, што ніяк не прадстаўлена кірылічная культура. Гэта, нібыта, натуральна, калі ведаць, што ў згаданай міжнароднай арганізацыі — толькі два адмыслоўцы-шрыфтавікі з Расіі, а пра іншыя краіны кірылічнага абшару нават і гаворкі няма. Але, пагадзіцеся, выснова пра нашу прысутнасць (адсутнасць) у сусветным інфармацыйным полі — несуцяшальная.

У першы момант, калі трапляеш у выставачную залу, вочы, што называецца, разбягаюцца, і здаецца: прыдумаць нешта новае ў галіне шрыфтавога мастацтва проста немагчыма. Але гэта толькі ў першы момант. Потым становіцца зразумела: ў графему літары закладзены невычарпальны патэнцыял, неверагодная колькасць варыяцый. І што ў шрыфтавым мастацтве, як і ў іншых галінах, датычных эстэтыкі, панавала, пануе і будзе панаваць мода. Сёння актуальным лічыцца гламур, заўтра — брутальнасць. Сёння — гармонія, заўтра — дысананс. Сёння — строгая класіка, заўтра — інсіт. Цікава, напрыклад, бачыць, як напісаны лацінкай тэкст, пабудаваны на ўзор іерогліфаў, — сведчанне моды на ўсходнюю экзотыку.

На выстаўцы ёсць чаму павучыцца. Нездарма асноўную колькасць яе наведвальнікаў складалі маладыя людзі з дарагімі фотаапаратамі. Можна лічыць, што для творчай моладзі сталіцы выстаўка сапраўды была цікавай, прытым што інфармацыі такога кшталту хапае ў Сеціве.

Ад мастакоў, якія плённа працуюць у шрыфтавой графіцы, я чуў меркаванне, што, з прагматычнага гледзішча, лацінскі шрыфт больш зручны і больш выразны за ўсе астатнія. Але паколькі шрыфт — гэта не толькі сродак камунікацыі, але і код культуры, мы мусім не камплексаваць перад Захадам, а развіваць патэнцыял, закладзены ў кірыліцы, якая цалкам натуральная для нашай культурнай ментальнасці. Нават некаторыя студэнцкія работы з апошніх праглядаў у нашай Акадэміі мастацтваў на гэтай выстаўцы не ўспрымаліся б чужароднымі. Яны прыцягвалі б увагу ўжо тым, што не лацінкавыя, а кірылічныя. Ужо не кажу пра творы адмыслоўцаў іншага кшталту, такіх, скажам, як мэтр беларускай каліграфіі Павел Семчанка.

Найбольш цікавымі на выстаўцы мне падаліся работы, дзе літары і словы — не самадастатковыя выявы, а чыннікі структураванай прасторы. Бо тут патрабуецца вялікае майстэрства, каб захаваць візуальную ды сэнсавую раўнавагу. Адзначу яшчэ, што менавіта высокі ўзровень тэхналогіі паліграфіі дазваляе заходняму дызайнеру быць больш упэўненым і разняволеным, чым нашаму адмыслоўцу. Тут нам ёсць на што раўняцца і да чаго імкнуцца.

TDC раз у некалькі гадоў узнагароджвае медалём асоб і арганізацыі, якія зрабілі значны ўнёсак у шрыфтавое мастацтва ды тыпаграфіку. Зыходзячы з таго, што Захад звыкла засяроджаны сам на сабе, краінам кірылічнай культуры варта мець сваю аналагічную арганізацыю з падобным статусам. Вось японцы ды кітайцы ні пад каго не падладкоўваюцца, і свет з павагай ставіцца да іх эстэтыкі. Мо і нам паспрабаваць?..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"