Янкоўскі. Далей праца!

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Неяк удзень у Рускім тэатры ўбачыў пустую сцэну: без дэкарацый, зусім “голую”, металічныя лесвіцы-пераходы — пад самую столь... Здаецца, не так ужо і даўно ён, Расціслаў Янкоўскі, у ролях Клаўдзія — “новаспечанага” караля Эльсінора — і Ценю бацькі Гамлета літаральна лётаў па гэтых канструкцыях!.. А сёння яму — 85, ён — патрыярх беларускай сцэны.

/i/content/pi/cult/520/11302/8-1.jpg

У нейкіх спектаклях ужываюць медны чан, дзе ён — Макбэт — абмываў акрываўленыя рукі; у грымёрцы захоўваецца парык яго Воланда з коскай; недзе пад дваровым навесам можна, пэўна, знайсці рэшткі дыбы, на якой ён — Пётр І — катаваў свайго сына; у касцюмернай вісіць на плечках напаўваенны фрэнч яго Аптымісценкі; на мэблевым складзе — столік, дзе ляжалі жудасныя дакументы, якія нашчадкі прымушалі падпісаць яго Маціяса Клаўзена… Гэта ўсё — былыя этапныя ролі Расціслава Іванавіча, якія нам ужо не ўбачыць.

Але і сёння ён досыць шчыльна заняты ў рэпертуары — дастаткова згадаць апошнія па часе работы: Пане Каханку, Фамусаў, Прафесар у “Сунічнай паляне”… Але яму ўсё мала!

Янкоўскі — ініцыятар новай вялікай, “шматролевай” пастаноўкі з ім, вядома ж, у галоўнай ролі. Штуршком, пэўна, быў спектакль “Далей — цішыня” з Расціславам Плятам і Фаінай Ранеўскай у Тэатры Массавета. Відэазапіс пастаноўкі досыць часта “круцяць” па расійскіх тэлеканалах, і забыцца на яго немагчыма.

Амерыканская пісьменніца Жазэфіна Лоўрэнс напісала раман “Такія доўгія гады”, які ні на рускую, ні на беларускую мовы, наколькі я ведаю, не перакладаўся. Сюжэт: Барк і Люсі Куперы, пара старых, літаральна выкінуты з жытла, дый увогуле з жыцця. Пяцёра іхніх дзяцей — двое сыноў і трое дачок — “перакладваюць” бацькоў з адных плячэй на іншыя, але ніхто браць іх, па розных абставінах, не можа, дый не хоча…

У 1937-м у Галівудзе рэжысёр, ён жа прадзюсар, Леа Мак-Кэры зняў паводле рамана фільм “Саступі месца наступнаму дню”. У ліку сцэнарыстаў — аўтарка кнігі. У галоўных ролях — малавядомыя “дарослыя” акцёры: Віктар Мур і Б’юла Бондзі. І вось што дзіўна: ні ў адной з намінацый 1937 года на “Оскар”, ні ў шматлікіх даведніках па кіно не сустракаюцца гэтыя прозвішчы, як, дарэчы, і назва фільма. Нібыта і не існавала такога! Значыць, зроблена меладрама, якая не вельмі кранула знаўцаў ды гледачоў.

На падставе сцэнарыя была створана п’еса, што стала асновай массаветаўскага спектакля, які не раз глядзеў Янкоўскі. Пастаноўку ён даручыў праверанаму шматгадоваму супольніку Барысу Луцэнку. Вядома ж, вяршыні творчых поспехаў дасягнуты імі менавіта ў сумесных работах: “Макбэт”, “Перад заходам сонца”, “Хрыстос і Антыхрыст”, “Лазня”, “У прыцемках”.

Луцэнка, узяўшыся за працу, пайшоў, як кажуць, “адваротным шляхам”: ён прааналізаваў п’есу, “праанатаміраваў” фільм, дайшоў да рамана, перакладу якога, нагадваю, няма. Сувязі і абаяльнасць рэжысёра дапамаглі дасягнуць мэты: ён атрымаў пераклад.

Я раблю разам з ім, па яго задумах ужо шостую інсцэніроўку для Рускага тэатра: “Выпадковы вальс”, “Ніначка”, “Легенда аб бедным д’ябле”, “Загадкавы візіт”, “Ён і Яна”. А з назвай гэтага спектакля мы яшчэ не вызначыліся.

Луцэнка распачынае працу над літаратурным матэрыялам з алоўкам, нажніцамі і клеем — працу на камп’ютары яшчэ асвойвае. Толькі два прыклады: сцэнічная версія “Гамлета” “зманціравана” ім з пяці перакладаў; у пошуках манеры падачы матэрыялу “Загадкавага візіту” ён прапанаваў чатыры варыянты — абраў, калі я зрабіў усе чатыры, трэці. І тут: спалучылі п’есу, кінасцэнарый і раман. Пошукі, ваганні, няўпэўненасць… Што ж, на тое ён і творца, адзін з найвыбітных у нашым тэатральным свеце.

І вось, калі Луцэнка палічыў інсцэніроўку гатовай, то паказаў яе Расціславу Іванавічу. Канешне ж, у майстра з’явіліся і крытычныя заўвагі, і пажаданні. Але выявілася згода акцёра і рэжысёра ў галоўным: нікога з дзеючых асоб не трэба вінаваціць; у дзяцей старых Купераў свае прычыны, у іх няма магчымасці ўзяць на ўтрыманне абаіх бацькоў, — кожны мае рацыю. А яшчэ тэма, што прапанаваў Луцэнка, узгодненая з Янкоўскім: крызіс 1929-га года, красавіцкі “чорны чацвер”. Тады ў ЗША зачыняліся банкі, “лопаліся” фірмы, каштоўныя акцыі ператвараліся ў паперу, на біржах — кіламетровыя чэргі беспрацоўных, людзі, якія засталіся без сродкаў, страляліся, труціліся газай, скокалі з дахаў высотак ці кідаліся пад цягнікі… Крызіс… Лунае слова гэтае і над сённяшнім светам. Янкоўскі з Луцэнкам у новым спектаклі будуць заклікаць гледачоў заставацца людзьмі, не страчваць чалавечнасць, верыць у сябе — і тады Бог дапаможа.

5 лютага на сцэне Рускага тэатра, у якім Янкоўскі працуе ўжо 58 (!) гадоў, — юбілейны вечар. На запрашальным білеце — яго фота ў ролі Макбэта…

Адышоў юбілей, адшумеў. Што далей? А як заўсёды: праца. Праца над спектаклем, у якога пакуль няма назвы, але прэм’ера якога адбудзецца напрыканцы сезона…

Фота з архіва тэатра

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр