Аб’ектаў хапае…

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Дызайнеры новай генерацыі: ці зацікавіць іх прастора па-за МКАД?
Не так даўно на мастацкім факультэце ды факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прайшлі прагляды, на якіх падводзіліся вынікі навучання за семестр. Мне трапіла наведаць прагляд кафедры графічнага дызайну. Шануючы ўсе творчыя спецыялізацыі, наяўныя ў структуры БДАМ, мы свядома вылучылі з іх графічны дызайн, бо гэта мастацтва, што мае дачыненне бадай, да кожнага.

/i/content/pi/cult/520/11301/7-1.jpg

Класічная трыяда выяўленчага мастацтва — жывапіс, графіка, скульптура — найперш разлічана, што ні кажы, на існаванне ў своеасаблівай “рэзервацыі” — у музеях і адмысловых выставачных залах. Яна скіравана на больш-менш дасведчаную аўдыторыю, а дызайн (у тым ліку — графічны) фарміруе рэальнае жыццё, арганізуючы штодзённы побыт і працу звычайных людзей. Прастора графічнага дызайну сягае ад аздобы білета на электрычку да вулічных бігбордаў, тэлеэкрана, Сеціва. Мы не маем на мэце крытыкаваць ці ўхваляць навучальны працэс у нашай Акадэміі. Гэта не наша кампетэнцыя і не наша справа. Тым больш, што падрыхтоўка творцаў паводле вызначэння — справа творчая, а значыць, не заўжды падпарадкаваная прамалінейнай логіцы. Проста мяркуем, што многім цікава, як рыхтуюць тых, чые работы заўтра будуць аздабляць ды арганізоўваць наша штодзённае жыццё, і чаго можна чакаць ад студэнтаў згаданай спецыялізацыі на выніковай стадыі навучання.

/i/content/pi/cult/520/11301/7-2.jpg

Давялося пабачыць прагляд работ студэнтаў з першага па чацвёрты курс (у дыпломнікаў справаздача прайшла раней). І праз гэта я меў магчымасць пераканацца, што навучальная праграма ўвогуле адпавядае мэце: падрыхтоўцы спецыяліста, здольнага эфектыўна скарыстоўваць у сваёй працы сучасны інструментарый, прытым не забыўшыся на традыцыйныя аловак і пэндзаль. Інакш кажучы, ён і камп’ютарам валодае, і рукамі маляваць умее. Хаця, канешне ж, такім спецыяльным дысцыплінам, як “Малюнак” і “Жывапіс”, на факультэце дызайну надаецца менш увагі, чым на факультэце мастацкім: крытэрыі ацэнкі — іншыя, бо для дызайнераў гэтыя дысцыпліны не профільныя. На першых курсах дызайнер-графік знаёміцца з базавымі прынцыпамі эстэтычнай арганізацыі візуальнай інфармацыі, на трэцім шчыльна асвойвае сваю прафесійную спецыялізацыю, на чацвёртым ён ужо мусіць зрабіць паўнавартасны дызайн-праект, а пяты курс — дыпломны. Напрыканцы навучання дыпломнай рабоце студэнт павінен прадэманстраваць, на што ён здатны як спецыяліст. Я сам вучыўся ў БДТМІ, які пазней стаў Акадэміяй, у той час калі кафедра графічнага дызайну толькі стваралася. Бракавала, бадай, усяго: матэрыяльнай базы, распрацаванай методыкі навучання, выкладчыкаў, дасведчаных адначасова і ў практыцы, і ў тэорыі дызайну, урэшце, матывацыі ў студэнтаў да засваення менавіта гэтай спецыяльнасці. Сёння ўсе пералічаныя чыннікі — у наяўнасці. Асабліва варта адзначыць моцны выкладчыцкі склад. Толькі дацэнтаў і старшых выкладчыкаў — пятнаццаць чалавек. І сярод іх — тыя, чые імёны ў прафесійным асяродку на слыху: Вячаслаў Семянько, Эдуард Жакевіч, Юрый Тарэеў, Уладзімір Цярэнцьеў, Уладзімір Васюк, Руслан Найдзен. Уплыў іхняй творчасці, стылістыкі адчувальны ў студэнцкіх работах.

Адпачаткова студэнт працуе з абстрактнымі формамі, вывучае асновы шрыфтавой ды праектнай графікі і колеразнаўства. Уласна кажучы, ужо на другім курсе бачна, да чаго вучань схільны і што з яго атрымаецца. З убачанага на праглядзе мне падалося, што на пачатковай стадыі дызайн-навучання згаданая кафедра надае недастаткова ўвагі нацыянальна-культурнай арыентацыі будучага спецыяліста. Скажам, ёсць заданне візуальна выявіць праз шрыфтавую графіку сэнс/змест слова ці выслоўя. Чамусьці матэрыял для гэтага практыкавання спрэс бярэцца з рускай мовы. У дадзеным выпадку на рускую было перакладзена нават вядомае лацінскае выслоўе “Per aspera ad astra”. Яно ператварылася ў “Через тернии к звёздам”, шмат страціўшы ў выразнасці — прынамсі, у рытмічнасці пабудовы сказа. А між тым, разважаючы лагічна, невыразныя альбо малавыразныя словы больш складана перавесці ў візуальны код, намаляваць. Хіба ў Міколы Гусоўскага, Янкі Купалы ці паэтаў найноўшай генерацыі няма выразных радкоў? Я ўжо не кажу пра багацце фальклору…

/i/content/pi/cult/520/11301/7-3.jpg

Само заданне не настолькі важнае, каб на яго падставе рабіць глабальныя высновы. Але ж мне з гэтай нагоды згадалася, як адзін з мэтраў беларускай скульптуры, характарызуючы свайго маладога калегу як добрага рамесніка, адзначыў як загану тое, што ён кніг не чытае. Таму дазволю сабе меркаванне: лепш, калі чыннікі навучальнага працэсу не толькі спрыяюць развіццю маторыкі рук і абстрактнага мыслення, але і ўзбагачаюць інтэлект канкрэтнымі ведамі ў галіне культуры ды мастацтва.

Праектная графіка была прадстаўлена на праглядзе малюнкамі легендарных аўтамабіляў у эфектных ракурсах. Сэнс задання ў тым, каб дамагчыся ілюзіі прасторы выключна з дапамогай алоўка. Яшчэ студэнты мусілі намаляваць, з фатаграфічнай дакладнасцю, прадмет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва альбо тэхнічны аб’ект з яскрава выяўленымі рысамі стылю, на выбар — ад ювелірных вырабаў і музычных інструментаў да першых тэлефонных апаратаў. Надзвычай цікавым падалося мне заданне для трэцяга курса па распрацоўцы характарнага персанажа, які пры нагодзе можа быць скарыстаны ў коміксе ці анімацыйным праекце.

І, нарэшце, — дызайн-праекты. Напачатку цэлы курс працуе паводле адной тэмы, а далей кожны студэнт робіць сваю. У тых выпадках, калі вучань сам тэму прыдумаць не можа, яе прызначае кафедра. Адзіная для курса тэма была звязана з візуальным вобразам Мінска, выяўленым праз архітэктурныя сімвалы. Мне падалося, што якасным у тэхнічных адносінах рашэнням бракавала мастацкай арыгінальнасці. Але, магчыма, заданне якраз і мела на мэце выкарыстанне стэрэатыпных выяў.

Не ведаю, наколькі праекты фірменнага стылю відовішчных ды навуковых устаноў (Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Беларускі дзяржаўны цырк, Цэнтральны батанічны сад), фестываляў ды іншых культурных акцый (“Лістапад”, “Анімаёўка”, “TэАРТ”, “Мост”), нацыянальных брэдаў (“Белавія”) і турыстычнай рэкламы можна лічыць паўнавартаснымі дызайн-праектамі, але тое, што ў іх ёсць рацыянальнае зерне для далейшай распрацоўкі, а іх вобразны лад мае рысы арыгінальнасці, для мяне відавочна. На кафедры бываюць выпадкі, калі праектная распрацоўка чацвёртага курса кладзецца ў аснову дыпломнай работы.

Асобная гаворка — аб праектах, выкананых сродкамі фотаграфікі. Тут патэнцыял выяўленчых сродкаў насколькі шырокі, што можна і разгубіцца. Але, як мне падаецца, у прадстаўленых работах прысутнічае асэнсаваны адбор, падпарадкаваны мэце праекта. Прынамсі, у большасці твораў.

Падводзячы рысу, магу канстатаваць, што існуюць падставы чакаць ад сённяшніх студэнтаў чацвёртага курса годных дыпломных твораў.

Кафедра графічнага дызайну БДАМ на стадыі распрацоўкі дызайн-праектаў арыентуе сваіх студэнтаў на беларускую тэматыку, нацыянальныя брэнды. Гэтую тэндэнцыю, што ўжо стала традыцыяй, варта толькі вітаць. Але пры гэтым з года ў год і ў курсавых, і ў дыпломных работах сустракаюцца адны і тыя ж тэмы. У фаворы — мінскія тэатры, раскручаныя фестывалі, шэраг прамысловых прадпрыемстваў. Відаць, у гэтым ёсць сэнс, абумоўлены навучальнай праграмай ды шэрагам аб’ектыўных акалічнасцей, якія мне невядомыя.

Але, мяркую, навучальны працэс у галоўнай у краіне ВНУ культурнай сферы можна было б яшчэ больш шчыльна скаардынаваць з патрэбамі дзяржаўнай культурнай палітыкі. Уявіце, што курсавая ці дыпломная работа прысвечана не таму аб’екту ці з’яве, якія ўжо маюць сталы імідж, а тым відавочна перспектыўным з’явам і падзеям, што знаходзяцца яшчэ на стадыі фарміравання свайго прывабнага вобраза. У такой работы больш шанцаў быць рэалізаванай. Аб’ектаў, якія яшчэ толькі чакаюць раскруткі, хапае ў сталіцы і за яе межамі. А за МКАД, скажам шчыра, прыстойнага дызайну, у тым ліку ў інфармацыйна-рэкламнай сферы, бракуе.

Я не прапаноўваю нічога рэвалюцыйнага. Падобная практыка на кафедры існуе, таму гаворка можа ісці толькі пра яе пашырэнне.

Студэнты па ўласнай ініцыятыве альбо паводле парады выкладчыка калі-нікалі (а на дыпломных работах бывае, што і пераважна) бяруцца за “нераскручаныя тэмы. Так што гаворка можа ісці толькі пра пашырэнне ды грунтоўнае замацаванне адпаведнай практыкі ў навучальным працэсе.

Вы, мабыць, заўважылі, што я не згадваю прозвішчы студэнтаў, чые работы былі прадстаўлены на аглядзе, — ні ў станоўчым, ні ў адмоўным кантэксце. Гэта наўмысна. Мяркую, яшчэ рана раздаваць ім авансы альбо друкаваным словам канстатаваць непазбежныя ў часе навучання няўдачы. Імя ў друку — гэта прывілея адмыслоўца, таго, хто здолеў сцвердзіць свой прафесійны статус. Але ў наступным годзе, калі студэнты чацвёртага курса стануць дыпломнікамі, я з задавальненнем згадаю іхнія імёны ў карэспандэнцыі з абароны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"