Вельмі блюзавая гутарка

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Музыкант з Бялынічаў: калі праекты “завісаюць”, а калі — маюць поспех
З Юрыем НЕСЦЯРЭНКАМ — аўтарам, спеваком і гітарыстам з горада Бялынічы, мы знаёмы гадоў пятнаццаць. Ён — як сапраўдны, сумленны рок-н-рол: калі ў ім нешта і змяняецца, дык толькі ў лепшы бок. Не так часта сустракаючыся з Юрыем, бачу і чую, што ён па-ранейшаму бязмежна ўлюбёны ў тое мастацтва, якому аддае свае сілы, працягвае рухаць у масы беларускамоўную песню і з той жа фанатычнай занятасцю грае музыку, якая ў нас, на жаль, хлеб з ікрой можа прапанаваць творцу хіба пад Новы год. Дамовіўшыся, што пра ікру ў інтэрв’ю не будзе сказана ні слова, мы з Юрыем пагутарылі пра справы — значыць, пра творчасць...

/i/content/pi/cult/520/11299/6-1.jpg

Нягледзячы ні на што

— Што адбываецца з беларускай папулярнай музыкай у цэлым, мы высветлілі, дзякуючы цырымоніі ўзнагароджання прэміяй “Ліра”. Давай на тваім прыкладзе разбяромся, як творча жыве сярэднестатыстычны айчынны музыкант, не мінчанін, які выконвае рок ці блюз.

— Нейкую агульную ацэнку сітуацыі на маім прыкладзе вывесці будзе вельмі складана. Да таго ж, я наогул не ведаю, да якой катэгорыі выканаўцаў мяне можна прылічыць. Адзін чалавек ахарактарызаваў род маіх заняткаў, як “занятак сваёй справай”. Што ён меў на ўвазе? Напэўна, той стан, калі працягваеш займацца ўласнай творчасцю незалежна ад абставін.

Як жыву, як жыву... Выжываю… На пачатку мінулага года прыйшоў у аддзел нашага райвыканкама, які займаецца працаўладкаваннем грамадзян. Хацеў знайсці месца. Прапаную сваё рэзюмэ: аўтар-выканаўца, удзельнік міжнародных фестываляў, прадстаўляў Беларусь, вобласць, раён там і там. Пачак з сотняй матэрыялаў з рэспубліканскай і абласной прэсы, дыск з запісам паўсотні эфіраў амаль на ўсіх беларускіх радыёстанцыях, розныя тэлематэрыялы і да таго падобнае. Трэба было бачыць твар чыноўніка! Ён не тое, што спалохаўся, а быў у паніцы! Накіроўваў мяне да намесніка старшыні па эканоміцы, да намесніка старшыні па сацыяльнай сферы, яшчэ ў нейкія неверагодныя інстанцыі, прапаноўваў зарэгістравацца ў якасці ўладальніка аграсядзібы… Але ў яго так і не атрымалася асэнсаваць, што ягоная непасрэдная і прамая задача — адрэагаваць на зварот грамадзяніна, узняць пытанне аб працаўладкаванні спецыяліста. Што можа быць прасцей? У маім выпадку схема не спрацавала. За год так ніякага адказу і не дачакаўся. Таму зараз працую ў суседнім горадзе — у рэстаране…

— Бялынічы музычныя таксама выжываюць?..

— Я, на жаль, не знаходжуся ў цэнтры мясцовых падзей. Можа, чаго і не ведаю. Мабыць, галоўная падзея за апошні час здарылася на пачатку 2013 года, калі ў фінале тэлеконкурсу “Песні маёй краіны”, які праводзіла АНТ, перамог наш фальклорны ансамбль “Бялыніцкія музыкі”.

Што зроблена за апошнія гады ў Бялынічах асабіста мной? У снежні 2012-га адзначылі 30-годдзе майго першага гурта “Апошні шанц” у ліцэі № 17 — былое СПТВ-40, дзе на пачатку 1980-х мы і выступалі. Спецыяльна пад мерапрыемства выпусцілі альбом з песнямі гурта, знялі відэа.

У лютым 2013-га прэзентавалі “Альбом школьных песень”, у які ўвайшлі разнапланавыя кампазіцыі на тэму школьнага жыцця. Іх аўтары і выканаўцы — у большасці сваёй рок-музыканты з Магілёва, Салігорска, Наваполацка, Мінска, Гродна, Клічава. Усім нам, хто прымаў удзел у запісе рэлізу, хацелася б, каб у цяперашніх беларускіх школах загучалі новыя школьныя песні, а не толькі савецкая класіка кшталту “Когда уйдём со школьнога двора”, “Учат в школе”... Таму аўдыядадаткам на дыску прысутнічаюць “мінусоўкі” ўсіх нашых работ.

У жніўні таго ж года я быў суарганізатарам выстаўкі “Музыка габеленаў” таленавітай мастачкі Марыі Барысенка. Другая назва праекта — “Джаз. Блюз. Бітлз”: Марыя ў сваёй творчасці спалучае візуальны постмадэрнізм і класічнае гучанне року. У яе ёсць не толькі габелены, але і арт-аб’екты, якія называюцца, напрыклад, “Dark Side of the Moon” (паводле творчасці “Pink Floyd”). На адкрыцці ў Музеі Бялыніцкага-Бірулі я адыграў з гуртом “Балцкі субстрат”.

— Якую актыўнасць у Магілёўскай вобласці згадаеш у тым жа кантэксце?

— Летась адкрыў для сябе “Бард-рыбалку”. Раней думаў, што гэта такі местачковы сэйшн. Але ўзровень аказаўся сапраўды высокім. Галоўнае — захаваць ды палепшыць пачынанні Сяргея Кулягіна і кампаніі.

— Як я зразумеў, слова “выжываць”, прамоўленае табой, хутчэй, адносіцца да таго, ці зарабляеш ты музыкай на ўтрыманне сям’і і магчымасць рэалізоўваць творчыя амбіцыі. Тым не менш, нягледзячы ні на што, ад праектаў ты не адмаўляешся...

— У нашых рок-музыкантаў лад жыцця такі. Прывяду прыклад. У 2007 годзе я быў адным з складальнікаў блюзавай кампіляцыі “Blues.BY”. Атрымаўся моцны альбом аматарскага ўзроўню. Для пачатку — нармальна. Зразумелая справа, што наступны зборнік, улічыўшы досвед папярэдняга, мы планавалі зрабіць на парадак вышэй. Адбіралі больш прафесійны матэрыял, рыхтавалі канцэптуальную праграму, прадумвалі прэзентацыйную кампанію ў розных гарадах. І тут пачалося: крызіс, абвал і… завал праекта. У 2013-м арганізатары вярнуліся да сваёй ідэі, але альбом пакуль так і не выпушчаны. Не ведаю, што адбываецца, для мяне гэта сапраўдная загадка. Адзін мой добры знаёмы, вярнуўшыся з паўднёва-ўсходняга Кітая, назваў нашу прадпрымальніцкую актыўнасць моцным сном, у параўнанні з тамтэйшай “дзвіжухай”. Усё ж такі, калі яшчэ засталіся людзі, неабыякавыя да блюза ў Беларусі, запрашаю іх узяць удзел у працы над “Blues.BY-2015”!..

Аб міноры і мажоры

— Ты ж выкладаў?

— Так, у прыватнай гітарнай студыі. Працаваў да дня нараджэння малодшай дачкі. Потым трэба было шмат часу аддаваць малым, а пастаянна ездзіць у Мінск — нялёгка. Таму працу ў студыі давялося кінуць.

— Што скажаш пра вучняў?

— У кожнага з іх настолькі розны лёс, што мне цяжка абагульніць. Напрыклад, Віця Зайцаў грае цяпер у маiм гурце. Ён выдатна ўяўляе ўсе цяжкасці, звязаныя з музычнай прафесіяй, не мае ілюзій і не будуе паветраных замкаў. Нягледзячы ні на што, атрымлівае вышэйшую адукацыю ды плануе далей займацца музыкай прафесійна. Сярод колішніх вучняў ёсць і пажарныя, і работнікі сілавых структур, і кіраўнікі арганізацый. У рознай ступені яны працягваюць займацца музыкай.

— Наколькі я памятаю, штосьці цябе звязвала і з мінскай крамай “Музыка”?

— Выдатная была праца! Дапамагла набыць велізарны прафесійны досвед. Аднойчы я нават стаў героем тэлеперадачы аб рэдкай прафесіі дэманстратараў. Даводзілася мець стасункі з масай цікавых людзей. Часам з музыкантамі, якія падбіралі сабе інструмент або абсталяванне, рабілі шматгадзінныя джэмы. Быў выпадак, калі ў краму зазірнуў аўстралійскі музыкант Воўэн Нэй. Пасля першага наведання ён на тыдзень завіс у нас, а акрамя ўсяго іншага мы з ім яшчэ тры канцэрты адыгралі ў розных установах горада.

— Якія ўласныя праекты ты паставіў бы сабе ў заслугу?

— Мае гурты “White Night Blues” і “Nestary Band”. Я ж арганізатар культурных праектаў паводле дыплома. І мне цікавы не толькі факт напісання твора, але і далейшыя дзеянні: стварэнне канцэпцыі альбома ці канцэртнай праграмы, арганізацыя прамоцыі, развіццё ў выглядзе прэзентацый, жывых выступленняў... Той жа “Альбом школьных песень” нараджаўся ў розных мясцінах Беларусі. Людзей з іх творчым патэнцыялам трэба было зацікавіць, аб’яднаць для стварэння спачатку самой праграмы (напісаць музыку і тэксты, запісаць на студыях, знайшоўшы годных спецыялістаў для гэтага), а потым жыўцом прадстаўляць яе па краіне і за мяжой.

— Лічу цябе адным з лепшых у краіне рытм-энд-блюзавых, блюзавых музыкантаў, у якога, тым не менш, няма сталага саставу, рэгулярных выступленняў, гастролей, эфіру на радыё і ТБ. Магчыма, і імянную гітарную школу ты гатовы быў бы адкрыць. Ігар Варашкевіч — легенда нашага року — выконвае каверы ў карчме. І тое, і тое — нармальная з’ява ў нашых умовах?

— Мне здаецца, у апошні час людзі развучыліся “гарэць” сваёй справай. Адносіны складваюцца па схеме: “Так, у Ігара Варашкевіча вялікія цяжкасці, але, дзякаваць богу, я маю працу і мяне гэта не павінна тычыцца. Але калі Ігар “выграбе” і яму ўдасца зрабіць канцэрт, я папрашу ў яго па старой дружбе кантрамарку...”

— Усё ж скончым гутарку на мажорнай ноце. Распавядзеш пра свой апошні праект?

— Ён называецца “Мірнае мора”. Сутнасць яго заключаецца ў супрацоўніцтве з аўтарам музыкі і тэкстаў, выканаўцай Ірынай Снапковай. Перадумовы для сустрэчы з ёй былі даўно: Іра як глядач прысутнічала на некаторых маіх мерапрыемствах, але знаёмства адбылося пасля таго, як у мясцовай газеце я прачытаў вельмі незвычайную для правінцыйнай прэсы аб’яву: “Шукаю музыкантаў для стварэння рок-гурта”. Пазней Ірына прызналася: вельмі разлічвала, што я гэтую аб’яву ўбачу. У яе велізарная колькасць матэрыялу, які няма патрэбы ні правіць, ні рэдагаваць — усё на прыстойным узроўні. Я займаюся аранжыроўкамі, запісам і прасоўваннем гэтых песень. Рыхтуем да выпуску сінгл. А ў далейшым — паўнавартасны альбом. І — жывыя выступленні…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"