Як зазначыла Алена Капыток, летась бібліятэкі горада і раёна штодня наведвала ў сярэднім больш за тысячу чытачоў. Жыхарам Барысаўшчыны сёння прадастаўляюць 44 віды платных паслуг, прыбытак ад якіх склаў у мінулым годзе звыш 135 мільёнаў рублёў. Яшчэ адзін немалаважны факт: цяпер 23 бібліятэчныя ўстановы раёна камп’ютарызаваны, у тым ліку ўсе 13 бібліятэк аграгарадкоў. У раёне створаны 12 мультымедыйных цэнтраў, працуюць тры цэнтры прававой інфармацыі.
Самая станоўчая тэндэнцыя апошніх гадоў заключаецца ў тым, што сельскія бібліятэкі раёна пачалі прымаць удзел у розных міжнародных праектах. Так, дыпломамі ўдзельнікаў Міжнароднага сеткавага праекта “Калядныя гісторыі” Новасібірскай абласной дзіцячай бібліятэкі імя Горкага ўзнагароджаны супрацоўнікі і чытачы сельскай бібліятэкі вёскі Вялікая Ухалода.
Згадала Алена Капыток і тое, што напярэдадні Дня бібліятэк у Барысаўскім раёне ўпершыню адбыўся Рэспубліканскі бібліятэчны велапрабег “На ровары па бібліятэках”, арганізаваны ў рамках дзейнасці грамадскага аб’яднання “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя”. Пра гэтую цікавую акцыю, дарэчы, пісалі і журналісты “К”.
Летась, пад час святкавання 90-годдзя Барысаўскага раёна, у ЦРБ урачыста адкрыўся Музейна-выставачны комплекс “Партнёры. Сябры. Пабрацімы”, прысвечаны гарадам-пабрацімам Барысава. Сёння на карце музея — 22 гарады з Расіі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Балгарыі, Сербіі, Арменіі, Малдовы, Кітая. Як кажа Алена Капыток, у музеі прадстаўлены памятныя сувеніры і карціны, падораныя Барысаву прадстаўнікамі розных міжнародных дэлегацый.
Таксама цягам года ў бібліятэцы быў зладжаны шэраг іншых акцый. Да прыкладу, прайшлі мерапрыемствы ў рамках некаторых рэгіянальных асветніцкіх праектаў “Вяртанне памяці. Першая сусветная вайна”, “І памяць подзвігу нам кніга ажыўляе” (да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне), “Чыстаму гораду Барысаву — чыстае слова” (супраць брыдкаслоўя) ды іншыя. Да таго ж, з 2009 года ў ЦРБ рэалізуецца ўласны праект “Інтэграваная бібліятэка” па стварэнні бібліятэчных устаноў, якія аб’ядноўваюць фонды школьнай і публічнай бібліятэк у сельскай мясцовасці. І гэта толькі малая частка таго, над чым летась шчыравалі бібліятэкары Барысаўшчыны…