FM-хвалямі – да “Новай зямлі”, або Фармат “белых варон”

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Ад гучнай крытыкі музычнага фармату FM-станцый сёння не ўстрымліваюцца ні іх аматары, ні праціўнікі. Асабліва кур’ёзна, што з ахвотай далучаюцца да гэтай справы і самі радыйшчыкі: маўляў, і добрай музыкі ў нас не стае, і слухач не надта патрабавальны, таму не судзіце строга. А вось справакаваць на кплівасць адносна FM-фармату вядучага радыё “Юністар” Віктара СЯМАШКУ, бадай, немагчыма. Бо замест таго, каб наракаць на чыесьці густы, ён робіць пасільную спробу іх разнастаіць. У 2005 годзе ў эфір выйшла яго аўтарская праграма з амбіцыйнай назвай “Новая зямля”.

Трапна сфармуляваць яе фармат можна з дапамогай трох слоў: “Сучасная беларуская музыка”. У самых розных праявах: і джаз, і рок, і фолк, і аўтарская песня, і акадэмічныя эксперыменты, і яшчэ мноства феноменаў, што месцяцца ў “сумежнай тэрыторыі”, ды не могуць быць трапна класіфікаваны. Цікаўны слухач нярэдка апынаецца ў ролі Калумба, калі ён убачыў са свайго капітанскага мосціка невядомую зямлю.

Ці радуюць гэтыя знаходкі? Віктар прыходзіць да высновы, што айчынная музыка зусім не такая аднастайная і бедная на падзеі, як сяму-таму здаецца.

— Мне стала крыўдна за беларускую музыку — яе абвінавачвалі ў аднастайнасці і нізкім узроўні. Перадача стала свайго кшталту контраргументам, пакліканым засведчыць, што насамрэч беларуская музыка вельмі розная, са сваёй багатай гісторыяй. Аднак шырокі слухач пра гэта, на жаль, не ведае.

— І як паставілася да гэтага высакароднага намеру ваша кіраўніцтва?

— Без лішніх пытанняў падтрымала маю ідэю. Камерцыйнага поспеху “Новая зямля” не прыносіць, але іміджавы плён тут ёсць. Да таго ж, на хвалю “Юністар” сталі наладжваць свае прыёмнікі новыя слухачы, многія з якіх раней ні за што не ўключылі б FM-радыё.

— Дзіўна, што такая “нефарматная” праграма выходзіць а дзевятай вечара — амаль у праймтайм...

— Больш за тое — яе хронаметраж узрос з 15 хвілін да 35.

— Значыць, яе слухаюць?

— З упэўненасцю магу даць станоўчы адказ: праграму слухаюць. Прычым, не толькі ў Мінску і Брэсце, дзе вяшчае “Юністар”. Дзякуючы он-лайн-трансляцыі на нашым сайце, я атрымліваю лісты як з розных куткоў Беларусі, так і з Польшчы ды нават з Амерыкі.

— У варунках рынку важна, каб любая прадукцыя адпавядала патрабаванням канкрэтных мэтавых груп. Ці не задумваліся вы адносна партрэта вашага  сярэднестатыстычнага слухача?

— На жаль, мае магчымасці зносін з аўдыторыяй вельмі абмежаваныя, бо я не бачу сваіх слухачоў, але, наколькі магу меркаваць, людзі гэта вельмі розныя. Ёсць і студэнты (што

цешыць — пераважна дзяўчаты), і меламаны сталага веку. Нядаўна з прыемнасцю даведаўся, што за праграмай сочаць нават некаторыя праваслаўныя святары, у прыватнасці, айцец Ігар Карастылёў, які ў свой час прайшоў “школу” хіпі.

— Стылістычная разнастайнасць “Новай зямлі” абумоўлівае заканамернае пытанне: як вызначаеццца плей-ліст?

— Бадай, самае важнае адрозненне праграмы ад іншых прадуктаў нашага радыёэфіру заключаецца ў тым, што я рацірую тую музыку, якая падабаецца мне асабіста, якую я сам

слухаю ў паўсядзённым жыцці. Я стаўлю сябе ў пазіцыю простага слухача, зацікаўленага тым, што адбываецца ў беларускай музыцы. І, рыхтуючы чарговую перадачу, уяўляю,

быццам да мяне ў госці прыйшлі сябры, а я дастаю з паліцы кампакты ды знаёмлю іх з вартымі ўвагі навінкамі. Каб стварыць адпаведную атмасферу, я і працую над праграмай пераважна дома, у сваёй хатняй студыі.

“Новая зямля” для мяне — справа творчая, свайго кшталту самарэалізацыя. І мне не даводзіцца ісці насуперак уласным густам. А разнапланавасць рэпертуару абумоўлена

тым, што мяне цікавяць не столькі напрамкі і стылі, колькі яркія асобы, якія маюць свой адметны творчы голас.

— Такіх асоб багата на Беларусі? Ці ўзнікала ў вас калі-небудзь праблема з напаўненнем эфіру?

— Не, ніколі. Я заўсёды альбо сам знаходжу матэрыял, альбо ён знаходзіць мяне. Кожны месяц мая калекцыя папаўняецца некалькімі вартымі ўвагі дыскамі. На сёння іх у мяне — ладны стос.

— А ці магчыма пачуць у вашай праграме поп-выканаўцаў?

— Чаму ж не? Яны там раз-пораз з’яўляюцца — прыкладна ў той самай прапорцыі, як і прадстаўнікі іншых напрамкаў. Аднак песні, якія гучаць у нас ці не з кожнага праса, я

не стаўлю. Навошта?

— Ужо некалькі месяцаў доўжыцца і ваш радыёцыкл пра невядомыя старонкі беларускай папулярнай музыкі 60-ых — 70-ых...

— Мне хацелася запоўніць прабел у нашых уяўленнях пра гісторыю айчыннай музыкі ХХ стагоддзя. І са здзіўленнем адкрыў для сябе ды іншых цэлы “культурны слой”, багаты на імёны і падзеі, невядомы шырокай аўдыторыі. У тагачасным музычным жыцці Беларусі ўвасобіліся калі не ўсе, дык многія актуальныя ва ўсім свеце тэндэнцыі: і рок-н-рол, і

блюз, і джаз-рок... Шмат у чым мы не толькі не адставалі ад Масквы альбо Ленінграда, але нават іх апярэджвалі.

Да гэтай працы я паставіўся вельмі сур’ёзна. Для яе ажыццяўлення мне спатрэбілася паўтара года, за якія было запісана каля 13-ці гадзін інтэрв’ю з героямітых падзей. Многія з іх цяпер лічацца сапраўднымі карыфеямі, як, напрыклад, колішні бас-гітарыст ансамбля “Мінск” Аляксандр Ціхановіч. Прагучала нямала рарытэтных запісаў з прыватных архіваў. Першы з іх датаваны яшчэ 1966 годам — студэнты РТІ ў радыёвузле спрабавалі граць блюз.

— На вашых хвалях раз-пораз узнікаюць нікому не вядомыя калектывы з рэгіёнаў. Вы лічыце, што яны могуць быць цікавыя сталічнаму слухачу?

— Лічу, падзел музыкі на “сталічную” і “перыферыйную” не вельмі актуальны. У сучаснай інфармацыйнай прасторы размяжоўваць іх не выпадае, бо ў любым месцы чалавек

можа адчуваць сябе “ў цэнтры падзей”. Некаторыя праявы культурнага жыцця рэгіёнаў настолькі самабытныя, што аналагаў ім не знойдзеш і ў Мінску. Прыкладам, не так даўно пачуў наваполацкую каманду “PiP” — у яе складзе дзве бас-гітары і бубны. Ніколі не даводзілася сустракацца з падобнай канфігурацыяй музыкантаў.

Цікавых творцаў на Беларусі вельмі шмат. На жаль, бракуе кантактаў паміж імі, мала асоб, якія б утваралі вакол сябе гэты кантэкст і прымушалі культурнае жыццё віраваць.

Ды, зрэшты, гэта ўжо іншая тэма. А асабіста мне ў нашай сучаснай музыцы не хапае нечага сакральнага.

— Дарэчы, пра сакральнае. Вы калісьці спрабавалі ўявіць выраз твару дальнабойшчыка, які, блукаючы па FM-хвалях, раптам натрапіў на вашу праграму, прысвечаную касцёльнай музыцы?

— (Смяецца.) Ну, можа, ён успомніць сваю родную вёсачку на Гродзеншчыне, тое, як у дзяцінстве з бабуляй хадзіў на імшу па нядзелях. А можа, раптам упадабае гэтую

ўзнёслую і прыгожую музыку, адчуе ў ёй нешта для сябе роднае і блізкае.

Бо не трэба думаць, быццам усім дальнабойшчыкам даспадобы адзін толькі “блатняк”.

— А калі народ усё ж не зразумее?

— Натуральна, здараецца і такое. Водгукі на маю праграму самыя розныя. Але, зрэшты, рэакцыя залежыць выключна ад слухача. Мая мэта — данесці да яго той ці іншы матэрыял. Я — проста пасрэднік.

Увогуле, калі бясконца спасылацца на дрэнныя густы і слепа за імі ісці, можна, урэшце,

патрапіць у дрыгву. Радыё і ўвогуле СМІ павінны ў пэўнай меры спрыяць выхаванню гэтых густаў: адкрываць для людзей нешта новае, дэманстраваць цікавыя ўзоры.

Ахвотна пагаджаюсяз гэтай функцыяй радыё — такой відавочнай некалі і крыху падзабытай у наш камерцыйны век. Варта, аднак, трохі ўдакладніць: усведамляць яе мусяцьперш-наперш тыя радыёстанцыі, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца дзяржаўныя арганізацыі. І, па вялікім рахунку, з’яўленне такой “белай вароны”, як “Новая зямля”, на хвалях “Юністар” цалкам заканамернае — калі ўлічыць той факт, што станцыя належыць Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту. Гутарыў Ян ВАЛЕЎСКІ