Трапна сфармуляваць яе фармат можна з дапамогай трох слоў: “Сучасная беларуская музыка”. У самых розных праявах: і джаз, і рок, і фолк, і аўтарская песня, і акадэмічныя эксперыменты, і яшчэ мноства феноменаў, што месцяцца ў “сумежнай тэрыторыі”, ды не могуць быць трапна класіфікаваны. Цікаўны слухач нярэдка апынаецца ў ролі Калумба, калі ён убачыў са свайго капітанскага мосціка невядомую зямлю.
Ці радуюць гэтыя знаходкі? Віктар прыходзіць да высновы, што айчынная музыка зусім не такая аднастайная і бедная на падзеі, як сяму-таму здаецца.
— Мне стала крыўдна за беларускую музыку — яе абвінавачвалі ў аднастайнасці і нізкім узроўні. Перадача стала свайго кшталту контраргументам, пакліканым засведчыць, што насамрэч беларуская музыка вельмі розная, са сваёй багатай гісторыяй. Аднак шырокі слухач пра гэта, на жаль, не ведае.
— І як паставілася да гэтага высакароднага намеру ваша кіраўніцтва?— Без лішніх пытанняў падтрымала маю ідэю. Камерцыйнага поспеху “Новая зямля” не прыносіць, але іміджавы плён тут ёсць. Да таго ж, на хвалю “Юністар” сталі наладжваць свае прыёмнікі новыя слухачы, многія з якіх раней ні за што не ўключылі б FM-радыё.
— Дзіўна, што такая “нефарматная” праграма выходзіць а дзевятай вечара — амаль у праймтайм...— Больш за тое — яе хронаметраж узрос з 15 хвілін да 35.
— Значыць, яе слухаюць?— З упэўненасцю магу даць станоўчы адказ: праграму слухаюць. Прычым, не толькі ў Мінску і Брэсце, дзе вяшчае “Юністар”. Дзякуючы он-лайн-трансляцыі на нашым сайце, я атрымліваю лісты як з розных куткоў Беларусі, так і з Польшчы ды нават з Амерыкі.
— У варунках рынку важна, каб любая прадукцыя адпавядала патрабаванням канкрэтных мэтавых груп. Ці не задумваліся вы адносна партрэта вашага сярэднестатыстычнага слухача?— На жаль, мае магчымасці зносін з аўдыторыяй вельмі абмежаваныя, бо я не бачу сваіх слухачоў, але, наколькі магу меркаваць, людзі гэта вельмі розныя. Ёсць і студэнты (што
цешыць — пераважна дзяўчаты), і меламаны сталага веку. Нядаўна з прыемнасцю даведаўся, што за праграмай сочаць нават некаторыя праваслаўныя святары, у прыватнасці, айцец Ігар Карастылёў, які ў свой час прайшоў “школу” хіпі.
— Стылістычная разнастайнасць “Новай зямлі” абумоўлівае заканамернае пытанне: як вызначаеццца плей-ліст?— Бадай, самае важнае адрозненне праграмы ад іншых прадуктаў нашага радыёэфіру заключаецца ў тым, што я рацірую тую музыку, якая падабаецца мне асабіста, якую я сам
слухаю ў паўсядзённым жыцці. Я стаўлю сябе ў пазіцыю простага слухача, зацікаўленага тым, што адбываецца ў беларускай музыцы. І, рыхтуючы чарговую перадачу, уяўляю,
быццам да мяне ў госці прыйшлі сябры, а я дастаю з паліцы кампакты ды знаёмлю іх з вартымі ўвагі навінкамі. Каб стварыць адпаведную атмасферу, я і працую над праграмай пераважна дома, у сваёй хатняй студыі.
“Новая зямля” для мяне — справа творчая, свайго кшталту самарэалізацыя. І мне не даводзіцца ісці насуперак уласным густам. А разнапланавасць рэпертуару абумоўлена
тым, што мяне цікавяць не столькі напрамкі і стылі, колькі яркія асобы, якія маюць свой адметны творчы голас.
— Такіх асоб багата на Беларусі? Ці ўзнікала ў вас калі-небудзь праблема з напаўненнем эфіру?— Не, ніколі. Я заўсёды альбо сам знаходжу матэрыял, альбо ён знаходзіць мяне. Кожны месяц мая калекцыя папаўняецца некалькімі вартымі ўвагі дыскамі. На сёння іх у мяне — ладны стос.
— А ці магчыма пачуць у вашай праграме поп-выканаўцаў?— Чаму ж не? Яны там раз-пораз з’яўляюцца — прыкладна ў той самай прапорцыі, як і прадстаўнікі іншых напрамкаў. Аднак песні, якія гучаць у нас ці не з кожнага праса, я
не стаўлю. Навошта?
— Ужо некалькі месяцаў доўжыцца і ваш радыёцыкл пра невядомыя старонкі беларускай папулярнай музыкі 60-ых — 70-ых...— Мне хацелася запоўніць прабел у нашых уяўленнях пра гісторыю айчыннай музыкі ХХ стагоддзя. І са здзіўленнем адкрыў для сябе ды іншых цэлы “культурны слой”, багаты на імёны і падзеі, невядомы шырокай аўдыторыі. У тагачасным музычным жыцці Беларусі ўвасобіліся калі не ўсе, дык многія актуальныя ва ўсім свеце тэндэнцыі: і рок-н-рол, і
блюз, і джаз-рок... Шмат у чым мы не толькі не адставалі ад Масквы альбо Ленінграда, але нават іх апярэджвалі.
Да гэтай працы я паставіўся вельмі сур’ёзна. Для яе ажыццяўлення мне спатрэбілася паўтара года, за якія было запісана каля 13-ці гадзін інтэрв’ю з героямітых падзей. Многія з іх цяпер лічацца сапраўднымі карыфеямі, як, напрыклад, колішні бас-гітарыст ансамбля “Мінск” Аляксандр Ціхановіч. Прагучала нямала рарытэтных запісаў з прыватных архіваў. Першы з іх датаваны яшчэ 1966 годам — студэнты РТІ ў радыёвузле спрабавалі граць блюз.
— На вашых хвалях раз-пораз узнікаюць нікому не вядомыя калектывы з рэгіёнаў. Вы лічыце, што яны могуць быць цікавыя сталічнаму слухачу?— Лічу, падзел музыкі на “сталічную” і “перыферыйную” не вельмі актуальны. У сучаснай інфармацыйнай прасторы размяжоўваць іх не выпадае, бо ў любым месцы чалавек
можа адчуваць сябе “ў цэнтры падзей”. Некаторыя праявы культурнага жыцця рэгіёнаў настолькі самабытныя, што аналагаў ім не знойдзеш і ў Мінску. Прыкладам, не так даўно пачуў наваполацкую каманду “PiP” — у яе складзе дзве бас-гітары і бубны. Ніколі не даводзілася сустракацца з падобнай канфігурацыяй музыкантаў.
Цікавых творцаў на Беларусі вельмі шмат. На жаль, бракуе кантактаў паміж імі, мала асоб, якія б утваралі вакол сябе гэты кантэкст і прымушалі культурнае жыццё віраваць.
Ды, зрэшты, гэта ўжо іншая тэма. А асабіста мне ў нашай сучаснай музыцы не хапае нечага сакральнага.
— Дарэчы, пра сакральнае. Вы калісьці спрабавалі ўявіць выраз твару дальнабойшчыка, які, блукаючы па FM-хвалях, раптам натрапіў на вашу праграму, прысвечаную касцёльнай музыцы?— (Смяецца.) Ну, можа, ён успомніць сваю родную вёсачку на Гродзеншчыне, тое, як у дзяцінстве з бабуляй хадзіў на імшу па нядзелях. А можа, раптам упадабае гэтую
ўзнёслую і прыгожую музыку, адчуе ў ёй нешта для сябе роднае і блізкае.
Бо не трэба думаць, быццам усім дальнабойшчыкам даспадобы адзін толькі “блатняк”.
— А калі народ усё ж не зразумее?— Натуральна, здараецца і такое. Водгукі на маю праграму самыя розныя. Але, зрэшты, рэакцыя залежыць выключна ад слухача. Мая мэта — данесці да яго той ці іншы матэрыял. Я — проста пасрэднік.
Увогуле, калі бясконца спасылацца на дрэнныя густы і слепа за імі ісці, можна, урэшце,
патрапіць у дрыгву. Радыё і ўвогуле СМІ павінны ў пэўнай меры спрыяць выхаванню гэтых густаў: адкрываць для людзей нешта новае, дэманстраваць цікавыя ўзоры.
Ахвотна пагаджаюсяз гэтай функцыяй радыё — такой відавочнай некалі і крыху падзабытай у наш камерцыйны век. Варта, аднак, трохі ўдакладніць: усведамляць яе мусяцьперш-наперш тыя радыёстанцыі, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца дзяржаўныя арганізацыі. І, па вялікім рахунку, з’яўленне такой “белай вароны”, як “Новая зямля”, на хвалях “Юністар” цалкам заканамернае — калі ўлічыць той факт, што станцыя належыць Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту. Гутарыў Ян ВАЛЕЎСКІ