Ля-ля-фэ?..

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Дыскутуем пра цяперашнія беларускія песенныя тэксты. Частка І
Вам рэжуць слых тэксты асобных песень некаторых нашых артыстаў? І нам таксама. З “асобнымі” нават пагарачыліся: у наш час трэба здолець пачуць такую кампазіцыю, словы якой не выклічуць у вас жадання знайсці нумар тэлефона выканаўцы і выказаць яму ўсё, што думаеце пра яго творчасць — у негатыўным ключы. Гэта датычыцца і рускамоўных твораў, і, на яшчэ большы жаль, беларускамоўных. Таму гаворка ў дадзеным матэрыяле пойдзе пра апошнюю катэгорыю. Многія спевакі ды спявачкі сёння самі пішуць сабе тэксты. З розных прычын. І таму, што няма патрэбы дзяліцца аўтарскімі адлічэннямі, і таму, што адчулі ў сабе дар рыфмаваць, і таму, што не знаходзяць вершы, якія задавальняюць іх. Ёсць і такія, хто ў якасці суаўтараў “запрашае да супрацоўніцтва” класікаў беларускай паэзіі. “К” звярнулася да вядомых кампазітараў і музыкантаў — аўтараў музыкі розных жанраў з просьбай даць ацэнку айчыннаму песеннаму мастацтву ў яго тэкставай частцы ды распавесці пра тое, якому вершаванаму матэрыялу яны аддаюць перавагу.

/i/content/pi/cult/523/11281/7-1.jpg

Калі няма паэта, і калі ён ёсць…

— Пра стан цяперашніх песенных тэкстаў лепш маўчаць — журботна, тужліва, як на пахаванні, — адразу кажа Эдуард Зарыцкі, народны артыст Беларусі, намеснік старшыні Беларускага саюза кампазітараў. — Не, я не супраць таго, каб адораны чалавек сам пісаў музыку, сам складаў тэксты, сам рабіў аранжыроўку (хаця тут часцей звяртаюцца да прафесіяналаў), сам спяваў. Але ў рэальнасці творцаў, здольных рабіць усё гэта на высокім мастацкім узроўні, не так і шмат: таго або іншага складніка (і часта найперш паэтычнага), здараецца, не стае. Вось і атрымліваецца тое, што я называю словам “самапал” — гэткі набор слоў пад пэўны рытм. Шукаць там сэнс, прабачце за каламбур, не мае сэнсу. Таму і пераважаюць гэткія “аднаразовыя” кампазіцыі, усё прызначэнне якіх — апраўдваць так званы фармат, адпавядаць яму. Але што такое гэты самы “песенны фармат”? Устойлівага азначэння, якое можна было б змясціць у энцыклапедыі, яму няма. Прапаную сваё ўласнае — аўтарскае, калі можна так сказаць: фармат — гэта музычная “пракладка” паміж двума рэкламнымі блокамі. Хіба ж не так? Але такі шлях развіцця песеннага жанру — тупіковы.

Мне могуць запярэчыць: маўляў, зірніце на замежную эстраду. Ды не на расійскую, а на заходнюю — там таксама тэксты бываюць не самыя “высокапаэтычныя”. І слухаючы замежныя кампазіцыі, мы ў апошнюю чаргу звяртаем увагу на тэксты, а найперш — на музыку, шыкоўную аранжыроўку, на музычны арэол, дзе словы (асабліва для тых, хто не ведае замежнай мовы дасканала) становяцца часткай гукавай прасторы, “фанасферы”, як яе называюць у навуковых колах. У гэтым і справа! У Еўропе, як я неаднаразова пераконваўся, вялікую ўвагу надаюць самому гучанню песенных тэкстаў, фанетыцы слоў, спалучэнню літар, якія пры маўленні-спяванні надаюць пэўны настрой, выклікаюць неабходныя падсвядомыя асацыяцыі — адным словам, утвараюць атмасферу. Гэткая мелодыка мовы (вядома, разам з уласна музычнымі мелодыяй, гармоніяй, аранжыроўкай, спалучэннем тэмбраў) моцна ўплывае на стылістыку твора. Таму, дарэчы, замежныя песні ў перакладзе на рускую мову часта страчваюць сваю стылёвую аўру, становяцца ніякаватымі. А ў нас (як, дарэчы, і ў Расіі) на гэта амаль не зважаюць — як і на тое, што словы прачытаныя ды словы праспяваныя часта ўспрымаюцца абсалютна па-рознаму. Наш слых, як у гульні ў сапсаваны тэлефон, падкідвае нам “незапланаваныя” сэнсы ці поўную бязглуздзіцу.

Мне ў свой час, лічу, пашанцавала, бо я з самага пачатку працаваў з добрымі паэтычнымі тэкстамі. І прытрымліваюся такога прынцыпу дагэтуль. Ну як музыканты не могуць уцяміць, што добры тэкст у стане “выцягнуць” нават не самы лепшы музычны бок? У гэтым і быў феномен бардаўскай песні тых жа 1960-х! З музычнага пункта гледжання, мелодыкі — няма, голасу — таксама, а ўражанне — неверагоднае! Бо словы там — самадастатковыя, музыка ж — толькі частка іх “афармлення”.

Пашчасціла мне і з тым, што я працую ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. І Міхаіл Якаўлевіч бярэ ў рэпертуар менавіта беларускамоўныя песні, заклікае перакладаць на беларускую нават рускамоўныя. Па яго ініцыятыве з’явіўся шэраг маіх песенных цыклаў на словы паэтаў-класікаў: не толькі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, але і Адама Русака, Уладзіміра Караткевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Паўлюка Багрыма ды іншых. Да творчасці кожнага з іх даводзілася знаходзіць ключык. Бо ў таго ж Русака што ні верш — мелодыя: толькі пачынаеш чытаць — мелодыя сама з’яўляецца. А ў Караткевіча — наадварот, паэзія зусім, здавалася б, не песенная. Але такая праца “на пераадоленне” мне як кампазітару таксама была на карысць. Таму маладым дзеячам нашай эстрады я параіў бы працаваць толькі з прафесіяналамі. Хтосьці скажа: маўляў, той жа Шуберт напісаў паводле Гётэ літаральна адзін свой шэдэўр, а паводле нейкага Пітэра Мюлера, якога сёння ніхто не ведае, — процьму песень, два самыя знакамітыя цыклы. Але, прабачце, той Мюлер, хаця і не стаў класікам, быў прафесіяналам сваёй справы! І пісаў простыя, ды вельмі якасныя тэксты...

— У 2010 годзе выйшаў мой сольны альбом “Белая яблыня грому” з кампазіцыямі на вершы Барадуліна, Куляшова, Міцкевіча, Коласа, Купалы ды іншых беларускіх класікаў, — прыгадвае з нагоды тэмы нашага абмеркавання лідар гурта “Крамбамбуля” Лявон Вольскі. — Сёння ў тандэме з Паўлам Аракелянам мы выконваем дзве песні на вершы Анатоля Сыса і Уладзіміра Караткевіча. Ёсць задумка падрыхтаваць праграму з твораў менш вядомых нашых паэтаў мінулага стагоддзя, многіх з якіх, у ліку іншых дзеячаў беларускай культуры, расстралялі ў адну кастрычніцкую ноч 1937 года… Гэта была дэкадэнцкая паэзія, цікавая, сучасная для таго часу, без усялякіх “бярозак” ды “бедных зямелек”. І калі “Белая яблыня грому” аказалася работай эклектычнай (найперш у яе вершаванай частцы), то новую хочацца зрабіць больш канцэптуальнай у гэтым плане.

Што да тэкстаў, якія я сёння чую са сцэны і ў запісе (не бяру ў разлік поп-музыку, дзе тэксты па большай частцы проста жудасныя — нейкі хаатычны набор слоў), то ў іх знаходжу нешта арыгінальнае ды нават дзіўнае. Адчуваецца, што людзі думаюць цікава. Але не заўсёды атрымліваецца гэта належным чынам выказаць. А ёсць каманды, якія ў сілу свайго статусу не павінны дазваляць сабе такую сумнеўную лірыку, якую яны спяваюць. Не атрымліваецца самім нешта небанальнае напісаць — звярніцеся да тых жа класікаў або цяперашніх паэтаў. У нас жа мора выдатнай паэзіі! Вайцюшкевіч знаходзіць яе — і сярод мінулага, і сярод цяперашняга. Я думаю, што любы сучасны паэт мог бы дапамагчы пры складанні адэкватнага тэксту — Андрэй Хадановіч (у яго дык наогул каласальны досвед працы з перакладамі замежных рокераў і бардаў), Віктар Жыбуль, Анатоль Івашчанка, Усевалад Сцебурака, Віка Трэнас, Таццяна Нядбай... Ну а калі так хочацца самім, то варта звярнуцца хоць па параду да профі. Ці пашукаць падказку ў Інтэрнэце. Я ўжо ў шаснаццаць лічыў сябе паэтам, які адбыўся, але калі бацька пачаў разбіраць памылкі ў маіх тэкстах, аналізаваць іх ды рэдагаваць, я зразумеў, што яшчэ “пахаць і пахаць” да паэзіі. Хаця, быццам бы, асноўным правілам вершаскладання да таго часу я ўжо быў навучаны. Пачаўшы граць у 1981-м у “Мроі”, памылкова пачуваўся падрыхтаваным у гэтым сэнсе. І напісаў шмат таго, за што калі не сорамна, дык і няма чым ганарыцца…

Чапляе — не чапляе

— Я не лічу, што песенныя тэксты апошнім часам рэзка сапсаваліся, як пра гэта прынята казаць, — зазначае кампазітар Алег Елісеенкаў. — Трэба размяжоўваць класіку, якая прайшла сістэму адбору, і непасрэдны гістарычны працэс, што адбываецца ў сучаснасці, дзе такога адбору пакуль не адбывалася. Агульны зрэз — заўсёды сярэдні. Так што лепшыя — падкрэслю, лепшыя цяперашнія песенныя тэксты — зусім не горшыя за ранейшыя. У мінулыя гады таксама хапала бязглуздзіцы, ды на тыя песні папросту забыліся, што абсалютна нармальна.

Увогуле ж, трэба разумець, што ўзровень песенных тэкстаў, як і любой жыццёвай з’явы, якая развіваецца цыклічна, не мае пастаяннай велічыні. Чалавеку заўсёды ўласціва чакаць чагосьці незвычайнага, спадзявацца на хуткі прагрэс: маўляў, чым далей, тым лепш. Але мастацтва развіваецца па сваім графіку. Змена стыляў і кірункаў узнікае не таму, што ўсё ранейшае дрэннае, а таму, што хочацца, зноў-такі, чагосьці новага, незвычайнага — нейкага выкіду энергіі, таленту. Дарэчы, такія творчыя “выбухі” бываюць заўсёды, у любую эпоху, незалежна ад абставін ды нашых пажаданняў. Як бы ні крытыкавалі савецкія часы, але ўвага да слова, што ўзнікла тады, распаўсюдзілася і на цяперашнюю постсавецкую прастору. Невыпадкова такой папулярнасцю карыстаюцца песні-рамансы, мелодыі кіно, кампазіцыі на класічныя вершы. Для нашай ментальнасці вельмі важна, каб твор меў высокую гуманістычную скіраванасць. Мы звяртаем увагу найперш на тое, пра што ён, а не як ён зроблены. Хаця, у сваю чаргу, удалыя хіты заўсёды ўтрымліваюць паэтычную аснову.

Звярнуцца да добрага паэта — не панацэя. Бо песенны жанр мае сваю спецыфіку і скараўся не ўсім вялікім творцам. Бывае, верш добры, усё на месцы, зроблена прафесійна, няма да чаго, як кажуць, прычапіцца. А ў выніку — не чапляе! Усё гладка, як па накатанай, — іскра не прабягае. А бывае, з-за аднаго радка, удалага словазлучэння, за якім крыецца яркі, нечаканы вобраз, і атрымліваецца добрая песня…

Адзначу і тое, што публіка насамрэч рэагуе адэкватна. Сёння знікае розніца паміж перыферыяй і сталіцай, бо расійская папса не грэбуе выступаць у райцэнтрах, а ў Мінск прыязджаюць зоркі сусветнага маштабу, якія раней і ў Маскву не завітвалі. Таму, на мой погляд, назіраецца паварот да змястоўнага мастацтва. І сведчаннем — ужо сама ўзнятая вамі тэма. Звычайнымі эстраднымі выступленнямі ўсе ўжо, што называецца, наеліся — і цягне да ежы духоўнай, якаснай. Побытавыя паралелі тут апраўданы: у жыцці ж таксама, наталіўшы першы голад, мы імкнёмся да здаровага харчавання, ды яшчэ, пажадана, добра аформленага. Таму давайце не будзем глядзець на ўсё песімістычна. Ведаеце, калі нейкі паэт радасна запэўнівае, што гатовы прадаставіць больш за тысячу шыкоўных песенных вершаў, гэта мяне насцярожвае. І наадварот, калі той жа Алесь Бадак сумна прызнаецца, што, маўляў, нічога няма, я дакладна ведаю: будзе! Трэба пачакаць: іскра не прабягае па замове…

— Сённяшнюю беларускую музыку я спецыяльна не слухаю, ніякую, хіба выпадкам, — адзначае рок-князёўна па выніках фестываля “Рок-каранацыя”, спявачка Кася Камоцкая. — Напэўна, таму, што музыкі ўсялякай і шмат мне хапіла ў той час, калі я працавала на радыё, больш актыўна канцэртавала, запісвала песні. Але нешта з песень міма мяне не праходзіць. Напрыклад, Міхалок, калі раптам стаў шмат спяваць на беларускай мове. Гэта выдатна, вядома, ён выбірае высокую паэзію, але... Як бы дакладней выказацца... Нібыта чалавек упершыню адкрыў для сябе школьную праграму па беларускай літаратуры і навыбiраў з яе вядомыя вершы, тое, што ляжала на паверхні. Разумею, што ён не вучыўся ў беларускай школе, і, тым не менш, адчуванне дзіўнаватае. Але ў яго выпадку ўжо вядомага музыканта, што аднойчы адкрыў для сябе цэлы пласт нашай вялікай паэзіі, — гэта варта павагі…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"