Бераставіччына. Асаблівасці мясцовых жарынак

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Вялікая Бераставіца насамрэч зусім невялікая. Наадварот, гэта адзін з самых маленькіх райцэнтраў Беларусі. Колькасць яго насельнікаў не дасягае і пяці тысяч. Ды і ў раёне, што цягнецца ўздоўж мяжы з Польшчай, нават дваццаці тысяч жыхароў не набярэцца. Край гэты сельскагаспадарчы: прамысловых прадпрыемстваў тут амаль няма. Як адбіваюцца гэтыя характарыстыкі на культурным жыцці Бераставіччыны? Прынамсі, не горшым чынам. Бо назваць яго правінцыйным язык не павернецца. Затое чыстае паветра і ціша становяцца крыніцай узважанага, неімпульсіўнага памкнення, а папраўдзе гаспадарлівая вынаходлівасць і працавітасць работнікаў культуры спараджаюць сапраўдныя “ноў-хаў” — жарынкі карыснага досведу. Пазалетась Вялікая Бераставіца была прызнана самым добраўпарадкаваным населеным пунктам краіны ў сваёй намінацыі. Мясцовыя ўлады не пашкадавалі сродкаў і высілкаў, каб да 500-гадовага юбілею мястэчка пахарашэла. Цяпер яго жыхары могуць без залішняй пахвальбы, але з гонарам, адзначыць: у нас чысцей і прыгажэй, як па той бок мяжы. Адрадзіць галоўны сімвал краю — касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі, перліну беларускага дойлідства пачатку XVII ст., пакуль не ўдалося: раённых сродкаў на яго рэстаўрацыю не хапае, ды і мясцовыя рыма-католікі ў гэтым храме прагматычнай патрэбы не маюць, бо ў мястэчку ёсць і другі касцёл. Затое побач з велічнымі руінамі на цэнтральнай плошчы паўстала новая адметнасць — скульптурнае Дрэва жыцця, увенчанае гербам Вялікай Бераставіцы з выявай вавёркі.

Герой не толькі мірных будняў Прыемную трансфармацыю спазнаў тады і Раённы дом культуры. Адзін позірк на яго здатны прыўзняць настрой— балазе, будынак вытрыманы ў светлай колеравай гаме. А пазнаёміўшыся з яго інтэр’ерамі, адзначаеш, што сродкі былі

патрачаны перадусім на рамонт тых памяшканняў ДК, якія маюць грамадскае прызначэнне, — а не кабінетаў адміністрацыі, як гэта сям-там здараецца.

Дырэктар РДК Юрый Заяц — герой не толькі мірных будняў. Не так даўно ён здзейсніў варты сапраўднага мужчыны ўчынак, выратаваўшы ад немінучай смерці ў агні трох чалавек, якія праігнаравалі перасцярогі МНС не курыць у ложку. І гэты подзвіг, вядома ж, высока ўзняў яго аўтарытэт сярод землякоў. А разам з ім — і імідж культуры наогул.

— Выступаючы на семінарах перад работнікамі культуры, я заўсёды кажу: вы павінны ўсведамляць, што людзі хочуць ведаць пра вас усё, — зазначае з гэтай нагоды намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога цэнтра народнай творчасці Таццяна Капітан, якая суправаджала мяне ў гэтай камандзіроўцы. — Прыватным жыццём прадстаўнікоў іншых прафесій ніхто асабліва не цікавіцца, а вось работнікі культуры заўсёды ў фокусе ўвагі. І гэта павінна абавязваць.

У вольны ад адміністратыўнай дзейнасці час Ю.Заяц спявае ў калектыве, які можна лічыць адной з візітовак не толькі гэтага краю, але і ўсёй гродзенскай культуры наогул, — “Бераставіцкіх музыках”.

Без гэтага ансамбля і яго знакамітага кіраўніка Марыі Юшкевіч абыходзіцца мала якое фальклорнае свята і па гэты, і па той бок мяжы. Калектывы з Беласточчыны нават перапяваюць некаторыя песні з яго рэпертуару.

Фае ў РДК — больш чым фае. Увечары гэтая ўтульная прастора запаўняецца святлом страбаскопаў, ператвараючыся ў добры танцпол. А ўдзень тут для дзетак ладзяцца заняткі па харэаграфіі.

Як і ў многіх іншых раёнах, з танцамі ў Бераставіцы доўгі час не ладзілася: выкладчыкі-харэографы па-ранейшаму ў вялікім дэфіцыце. Ды не так даўно сітуацыя ўсё ж змянілася, і ў РДК прыйшлі працаваць адразу дзве маладзенькія і абаяльныя Вольгі — Чабоцька і Арлова. Па тым, з якім захапленнем яны праводзілі заняткі, можна было меркаваць, што гэта не тыя маладыя спецыялісты,якіх карыфеі папракаюць у абыякавасці да прафесіі.

Насупраць Дома культуры — недабудаваная пакуль камянічка, дзе не пазней, чым налета, мае адкрыцца краязнаўчы музей. Экспанаты для яго ўжо цяпер актыўна збіраюцца, і назапасілася іх ужо каля дзвюх тысяч. Прычым, нягледзячы на адсутнасць сродкаў, калекцыя атрымліваецца багатай на рарытэты. У ліку экспанатаў — і прылады працы каменнага веку, і унікальныя вырабы народных майстроў, і цікавыя прадметы для этнаграфічнага вывучэння.

Што ні кажы, край багаты на ўтоеныя пакуль скарбы. Не так даўно тут былі знойдзены камяні з не расшыфраванымі пакуль рунічнымі надпісамі, над якімі цяпер ламаюць галаву вучоныя. У далёкасяжных планах аддзела культуры — музеефікаваць таксама і язычніцкае капішча непадалёк ад вёскі Верхаўляны.

Блюз падчас дыскатэкі Відаў платных паслуг у раёне ўжо 42. І начальнік аддзела культуры Бераставіцкага райвыканкама Віталь Ляховіч ставіць перад работнікамі культуры задачу штогод папаўняць гэты спіс хаця б некалькімі пазіцыямі. Адна з апошніх — правядзенне дзіцячых дзён народзінаў з выездам на дом да імяніннікаў. Цяпер кожнае такое свята можа аздобіць раставая лялька “родам” з РДК.

Запытаўся, адкуль гэтыя лялькі ўзяліся, — усё ж задавальненне нятаннае, і не кожная ўстанова культуры можа сабе яго дазволіць.

— Дзякуючы кіраўніцтву раёна, — адказаў Ю.Заяц. — Старшыня райвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Сіцько з увагай выслухоўвае ўсе нашы праблемы і, калі ёсць магчымасць, дапамагае. А сродкаў на падрыхтоўку вялікіх святочных імпрэз ніколі не шкадуе. Вось і напярэдадні мінулага Дня работнікаў сельскай гаспадаркі нам падарылі яшчэ адну ляльку — каб урачысты канцэрт прайшоў больш весела.

В.Ляховіч спадзяецца, што сёлетні план платных паслуг выканаць таксама здолеюць паспяхова — хаця зарабіць належыць ажно 140 млн. рублёў. Аднак гэты паказчык няпроста звязваць з іншым — эканоміяй энергарэсурсаў. Вядома, чым эфектыўней працуеш, тым больш іх траціцца. Тым не менш, рэзервы эканоміі знайсці атрымлівалася праз тыя ж энергазберагальныя лямпы альбо кантроль за ўключальнікамі.

— Вучыцца эканоміі — гэта значыць вучыцца дысцыпліне, — кажа Ю.Заяц.— Мы ўжо прызвычаіліся: калі штосьці дзеецца ў адным кабінеце, няма чаго паліць святло ва ўсім будынку. Нават залу падзялілі секцыйна — каб падчас рэпетыцый можна было запальваць пражэктары толькі на сцэне. А вось на мерапрыемствах не эканомім.

Асабліва— на дыскатэцы. Яна тут, як цяпер кажуць, “прасунутая” — і ў плане вонкавага антуражу, і паводле рэпертуару. Дзі-джэй Андрэй Скробук круціць нават вінілавыя пласцінкі — нібы ў модным сталічным клубе.

— Можа, хтосьці і лічыць, што на перыферыі ўсе пад балалайку танчаць, але ж мушу запэўніць: яны памыляюцца, — адказвае Андрэй на маё пытанне, ці запатрабаваны такія “навароты” наведвальнікамі.— Наша моладзь у плане сваіх густаў мала чым розніцца ад жыхароў вялікіх гарадоў. І яна таксама мае права на актуальнае і сучаснае. Як наконт культуры паводзін? Тое самае! Хуліганы трапляюцца паўсюль, і ў нас іх не болей, чым у Гродне або Мінску.

Не так даўно Андрэй апрабаваў добры спосаб разнастаення танцавальнага вечара — жывыя выступленні. Прычым зусім не танцавальнага кшталту: скажам… блюз. Момант, калі самая модная сёння музыка перапыняецца, і на сцэну са сваімі павольнымі песнямі выходзяць мясцовыя музыканты, становіцца ці не самым прачулым на ўсёй дыскатэцы.

— І што, няўжо ніхто не свішча, не галёкае, патрабуючы чаго весялейшага? — знарок пытаю.

— У нас свістаць і галёкаць увогуле не прынята, — адказаў В.Ляховіч.

Ад Хадкевіча да нашых дзён

Калі на пачатку года па вёсках раёна стаў раз’язджаць незнаёмы мікрааўтобус, некаторыя жыхары не прамінулі паведаміць пра гэта “куды трэба”. Усё ж мяжа блізка, таму і пільнасць зусім не празмерная...

Цяпер гэты транспарт ужо ні ў кога не выклікае падазрэнняў. І аматары чытання з аддаленых ад цэнтра маленькіх вёсак, дзе сваіх бібліятэк няма, а адлегласць да бліжэйшай можа дасягаць дзесяці кіламетраў, чакаюць кожнага яго прыезду з нецярплівасцю.

Рэч нават не ў тым, што да бібліобуса паспелі прызвычаіцца. Проста, аддзел культуры парупіўся, каб усе жыхары раёна даведаліся пра новыя магчымасці, якія нядаўна перад імі адкрыліся. Засылаючы паперадзе “бібліятэкі на колах” сваіх “эмісараў” разам з аўталаўкай, каб тыя падрыхтавалі належную глебу.

Што самае дзіўнае — з’яўленне гэтага транспарту выканала не толькі свае першасныя задачы, але і спрычынілася да вырашэння глабальнай і ці не самай асноўнай — павышэння прэстыжу кнігі. Раней бібліятэкары-кніганошы таксама раз-пораз пераадольвалі адлегласць да чытачоў даступнымі для сябе спосабамі руху — перадусім пехатой. Ды сустракалі іх далёка не з такой радасцю, як цяпер навюткі мікрааўтобус. Яго з’яўленне становіцца ў вёсцы сапраўднай падзеяй грамадскага жыцця: людзі адкладваюць свае справы ды збіраюцца разам не толькі па кнігі, але і каб пагаманіць, даведацца ад бібліятэкара, што ў свеце робіцца. Як трохі пацяплее, гэтыя “вячоркі” можна будзе аздобіць невялічкімі канцэртамі. Зацікавіў мясцовых бібліятэчных работнікаў і досвед аўтаклуба з басейнам іх калег з Маларыцкага раёна, апісаны ў папярэднім нумары “К”.

Што яшчэ спрыяе прэстыжу бібліятэкі? Вядома ж, новыя кнігі. 15-працэнтная норма папаўнення фондаў для раёна — вышыня, упэўнена ўзятая. Працэнт гэты цяпер набліжаецца амаль да дваццаці.

У дзіцячай чытальнай зале самыя яркія навінкі стараюцца трымаць навідавоку — для іх прызначаны стэлаж побач з вялікім акварыумам. Маленькім чытачам падабаецца і першае, і другое. Ахвотна ходзяць яны і на аматарскія аб’яднанні: экалагічнае (бібліятэка ўвогуле мае такі ўхіл) і літаратурнае. Паэтаў тут, дарэчы, ажно пятнаццаць, і не так даўно быў нават выдадзены самадзейны зборнічак з іх творамі.

— Нашу ўстанову можа назваць бібліятэкай сямейнага тыпу,— распавядае дырэктар ЦБС Таццяна Марцішэвіч. — Тут усё разлічана на тое, каб бацькі маглі ўзяць з сабой сваіх дзетак. І кожны знойдзе, чым заняцца ў нашых сценах.

Камп’ютэрызацыя значна павялічыла асартымент такіх цікавых заняткаў. І, натуральна, спрасціла жыццё і супрацоўнікам, і чытачам. Вадкакрышталёвы манітор у Вялікай Бераставіцы можна ўбачыць на рабочым стале кожнага бібліятэкара.

Дзіцячую і “дарослую” бібліятэкі злучае лесвіца, ператвораная ў сапраўдную карцінную галерэю. Намаганнямі мясцовых мастакоў Мікалая Жлабовіча і Аляксандра Ваўчка паўстала серыя партрэтаў знакамітых людзей краю — ад першага ўладальніка мястэчка Аляксандра Хадкевіча і да нашых дзён. Ёсць тут і Кастусь Каліноўскі, які, на думку гісторыкаў, друкаваў сваю “Мужыцкую праўду” менавіта ў сутарэннях бераставіцкага касцёла, ёсць і постаці сучаснікаў.

— Афармленне бібліятэкі спрыяе таму, каб людзі згадвалі пра мінуўшчыну свайго краю. Нават проста ідучы па лесвіцы, — кажа Т.Марцішэвіч.

Дом рамёстваў на даму

Для таго, каб стварыць Дом рамёстваў, неабходна вырашыць, прынамсі, дзве праблемы: адшукаць памяшканне і кадры. У Бераставіцкім раёне, дзе гэтая ўстанова не мае свайго будынка, кватаруючы на плошчах РДК, быў вынайдзены просты спосаб вырашэння абедзвюх адным махам.

Вёска Плябанаўцы заўсёды славілася сваімі ткацкімі традыцыямі. Праўда, апошнім часам яны пачалі былі занепадаць: майстры старэюць, а моладзь не дыхае ім у патыліцу. І для таго, каб выправіць сітуацыю, бабуль-майстрых папрасілі наладзіць для мясцовай дзятвы заняткі. Забяспечылі іх патрэбнымі матэрыяламі і нават... узялі ў штат Дома рамёстваў, выдаткаваўшы кожнай палову стаўкі. Варыянт атрымаўся зручным і для бабуль, і для дзятвы, і для Дома рамёстваў. І, дадамо, карысным для народных традыцый, калі гаварыць пра перспектыву іх захавання і развіцця. Таму можна спадзявацца, што ўменне рабіць саматканыя дываны не знікне ў Леце. Прынамсі, сучасныя вырабы вонкава зусім не адрозніваюцца ад старадаўніх.

— Улетку ў бабуль іншых спраў хапае — усё ж гаспадарка свая ў кожнай,— распавядае дырэктар Дома рамёстваў Тамара Касьян. — А вось узімку яны за кросны ахвотна садзяцца. Ды і дзеці да іх ходзяць з радасцю, хаця цярпення ім усё ж трохі бракуе.

У Вялікі пост не да танцаў

Паабапал роўнага асфальту— шэрагі зграбных двух-, чатырохпавярховых дамкоў гарадскога тыпу. Перспектыву вуліцы замыкае Дом культуры — ды не дом, а сапраўдны палац: з эксклюзіўным габеленам у фае, вітражамі ў вокнах, шыкоўнымі дывановымі дарожкамі і вялікай глядзельнай залай.

Па сутнасці, аграгарадком Эйсманты сталі яшчэ тады, калі самога паняцця не існавала. Тутэйшая гаспадарка, якой кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Варанецкі, грымела сваімі поспехамі на ўвесь Савецкі Саюз, і заробленых ёю сродкаў хапала на любы здаровы капрыз — нават басейн. Цяпер арганізацыя носіць імя свайго знакамітага старшыні, а ў ЦДК можна ўбачыць ягоны партрэт пэндзля Міхаіла Савіцкага.

Стварэнне тут першага ў раёне аграгарадка дазволіла захаваць і памножыць гэтую раскошу сацыяльнай інфраструктуры.

Ды трапляючы ў глядзельную залу, разумееш: шчасце не толькі ў грашах. Наўрад ці яркія сцэнічныя дэкарацыі запатрабавалі багата выдаткаў: зроблены яны з танных матэрыялаў, хаця здалёк гэтая акалічнасць у вочы і не кідаецца. Проста, мастацкі кіраўнік ДК па сумяшчальніцтве яшчэ і мастак. А прозвішча ў яго характэрнае — Збігнеў Эйсмант. Значыць, родам адсюль.

Ды і поспех тутэйшай дыскатэкі зусім не абумоўлены адной толькі матэрыяльнай базай. Па словах дырэктара ЦДК Марыі Ігнатовіч, сакрэт яго просты:

— Людзі ведаюць, што ў нас усё адбываецца вельмі прыстойна, сур’ёзных інцыдэнтаў ніколі не здараецца, таму і ходзяць сюды без боязі і з Эйсмантаў, і з суседніх вёсак.

Не дзіва, што леташні план платных паслуг ЦДК здолеў выканаць усяго за нейкіх восем месяцаў. Сёлета справы таксама ідуць някепска, праўда, акурат у гэты час трохі “псуе” паказчыкі Вялікі пост, перыяд, калі хрысціяне дзеля духоўнага сталення ўстрымліваюцца ад усялякіх забаў,— уключна, вядома ж, і дыскатэк.

Не так даўно з’явіўся ў ЦДК і свой невялічкі музей. Ствараць яго тут не планавалі, але... Сталася так, што вялікі і светлы пакой пачаў ператварацца ў сметнік, бо іншага прызначэння яму не знаходзілася. Супрацоўнікі ЦДК, як людзі гаспадарлівыя, пагадзіцца з гэтым не маглі, а лішніх клопатаў яны не баяцца. У музейчыку сабраны тканыя дываны, гліняныя гаршкі і саламяныя павукі мясцовых майстроў, карціны згаданага вышэй Збігнева Эйсманта, антыкварны абутак “польскага часу”... Карацей, усё тое, што здольнае выклікаць цікавасць.

Нашто ў школе мастацтваў тэлевізары?

Былога дырэктара школы мастацтваў аграгарадка “Пагранічны” Васіля Макарчука такім пытаннем не збянтэжыш. Аказваецца, у навучальным працэсе тэлевізар вельмі карысны. Бо, у спалучэнні з відэамагнітафонам, ён дазваляе вучням убачыць, як іграюць найвыбітнейшыя музыканты свету.

Сёння прайсціся па школе — радасць для кожнага. Прыемна завітаць у харэаграфічную залу, здатную задаволіць патрабаванні прафесіянала, паназіраць за тым, з якой далікатнасцю выкладчык фартэпіяна Галіна Антоненка “ставіць пальцы” сваёй вучаніцы, пабываць у актавай зале, на сцэне якой — дэкарацыі апошняй тэатральнай пастаноўкі. Так, гэта адна з нешматлікіх школ мастацтваў, дзе ёсць таксама і тэатральнае аддзяленне.

Але хараство і суладнасць з’явіліся не адразу. І, вядома ж, не самі сабою. Яны паўставалі з нуля цягам больш як пятнаццаці гадоў. Кожнае дасягненне давалася за кошт вялікай працы і высілкаў. І, мусіць, дзякуючы перадусім рупнасці ды настойлівасці Васіля Макарчука ўстанова спакваля ўзнялася на свой цяперашні паважны ўзровень. Яшчэ чатыры гады таму ў школы нават не было свайго памяшкання — яна тулілася ў агульнаадукацыйнай. Цяпер такой праблемы няма. Іншую праблему — з інструментамі— атрымліваецца вырашаць дзякуючы “шэфскай” дапамозе Гродзенскай музычнай вучэльні: у школу адтуль трапляе тое, што ўжо было спісана, але, дзякуючы рамонту, інструменты зноў пачынаюць гучаць.

З пачатку лютага кіраўнік вырашыў пакінуць сваю пасаду па стане здароўя, застаўшыся ў школе простым выкладчыкам. І цяпер яго месца заняла маладая наступніца Таццяна Якавіцкая, якая апошнія шэсць гадоў выкладала тут сальфеджыо і тэорыю музыкі. Пакуль што яна карпатліва ўваходзіць у курс справы пад чулым кіраўніцтвам В.Макарчука.

Адышоўшы (ці, дакладней, усё яшчэ адыходзячы) ад адміністратыўнай дзейнасці, ён плануе болей часу аддаць яшчэ аднаму свайму праекту: культурна-асветніцкаму Цэнтру Еўфрасінні Полацкай.

— Цэнтр, створаны два з паловай гады таму, пакліканы засцерагчы дзяцей пасёлка ад згубных уплываў,— распавядае В.Макарчук. — Напачатку мы планавалі заснаваць у нашым памяшканні нядзельную школу і звярнуліся з гэтай ідэяй у райвыканкам. Намеснік яго старшыні Сяргей Чыкун не толькі яе ўхваліў, але і прапанаваў зрабіць больш маштабны праект.

Сузаснавальнікамі Цэнтра сталі аддзелы культуры і адукацыі, прыход Праваслаўнай Царквы і таварыства “Веды”. Апрача заняткаў у нядзельнай школе, якія да нядаўняга часу вёў сам В.Макарчук, дзейнасць Цэнтра мае мноства іншых напрамкаў: праца з дзецьмі, адведзіны з канцэртамі людзей сталага веку ў прытулках, правядзенне лекцый для дарослых, экскурсіі па святынях…

Дзейнасць Цэнтра наўпрост залежыць ад царкоўнага календара. Каб лепей спасцігнуць дух Вялікага посту, дзеці дапамагаюць старым людзям у гаспадарцы. А падчас радаснага велікоднага перыяду абавязкова завітваюць яшчэ раз — ужо з кулічамі і спевамі.

— Дзеці ахвотна да нас ідуць, — распавядае В.Макарчук. — Ды і некаторыя дарослыя з энтузіязмам уключаюцца ў нашу працу. Таму Цэнтр сапраўды дзейнічае, сапраўды жыве.

* * *

В.Ляховіч не скупіцца на дыфірамбы на адрас свайго роднага Бераставіцкага краю. І шчыра лічыць яго найлепшым у свеце кутком. Маўляў, і людзі тут самыя добразычлівыя ды працавітыя, і паветра найчысцейшае, і нават сонейка ярчэй, чым паўсюль. Таму і нядзіўна, што, атрымаўшы дыпломы дзвюх прэстыжных сталічных ВНУ (у ліку якіх і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце РБ), малады спецыяліст вярнуўся працаваць на сваю малую радзіму. Заканамерна і тое, што працуецца яму з такімі ўстаноўкамі ў ахвоту.

— Работнікі культуры — людзі асаблівыя, — перакананы Віталь Ляховіч. — Таму і падыход да іх трэба ўмець знайсці далікатны. Творчых асоб нельга ганіць— іх можна толькі хваліць. Бо як чалавек будзе спяваць або танчыць, калі ты папярэдне сапсаваў яму настрой?

Ілля СВІРЫНМінск — Бераставіцкі раён — Мінск

Фота аўтара