Ой, “Дняпро”, “Дняпро”!

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Гэты адметны творчы калектыў ведаюць не толькі ў Рэчыцы ды ў іншых кутках Радзімы, але і за межамі Беларусі. Народны ансамбль “Дняпро” быў створаны яшчэ ў 1958 годзе. У той час пры раённым Доме культуры працаваў шэраг разнастайных вакальных калектываў. І вось у кіраўніка хору з’явілася думка аб’яднаць тры калектывы ў адзін і стварыць шырокі мастацкі твор на мясцовым матэрыяле. Гэтым творам, пастаноўку якога ажыццявілі, стала народная опера “Ведрыца”. У аснове яе сюжэта — легенда пра дзяўчыну, падманутую панічом, якая ўтапілася ў рацэ, а пасля выходзіла на бераг у вобразе русалкі. Оперу ставілі на Рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці ў гонар 40-годдзя стварэння БССР, дзе калектыў заўважылі. Так і нарадзіўся ансамбль песні і танца “Дняпро”.

Гады станаўлення калектыву былі адметнымі і творчымі. 1961-шы памятны пастаноўкай аперэты Б.Аляксандрава “Вяселле ў Малінаўцы”, у 1963-ім ансамбль выступаў у Маскве, а ў хуткім часе яму было прысвоена званне “народны”. Затым запрасілі ў Рэчыцу прафесійнага рэжысёра з Ленінграда і паставілі аперэту Ю.Мілюціна “Трэмбіта”. Гэтая работа высокага мастацкага ўзроўню была паказана на Рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Мінску. У 1976 годзе “Дняпро” становіцца лаўрэатам Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці: калектыў узнагароджваюць дыпломам І ступені і залатым медалём.

Значны ўклад у станаўленне гэтага самабытнага ансамбля ўнёс яго былы мастацкі кіраўнік, заслужаны работнік культуры Беларусі Рыгор Лазарэвіч. Варта адзначыць, што ў той час “Дняпро” быў адзіным мастацкім калектывам на Гомельшчыне, які настолькі вылучаўся сваімі пастаноўкамі— масавымі тэатралізаванымі мастацкімі палотнамі.

У 1967 годзе кіраўніком “Дняпро” становіцца таленавітая хормайстар і выканаўца народных песень Тамара Дубавец. У Тамары Данілаўны, зразумела, быў свой погляд на тое, якімі павінны быць стыль і рэпертуар ансамбля песні і танца. Сёння яна прыгадвае, што ў першыя гады працы ёй было даволі складана, давялося прыкласці шмат высілкаў для таго, каб калектыў засвоіў іншыя стыль і манеру выканання, уласцівыя беларускай народнай традыцыі і ментальнасці. Але паступова ансамбль у гэтым абноўленым накірунку ўбіраўся ў сілу: ужо ў беларускай манеры была пастаўлена вакальна-харэаграфічная кампазіцыя “Купалінка” з яе нацыянальнымі танцамі і карагодамі. З гэтым творам калектыў выступіў на І Усесаюзным фестывалі народнай творчасці.

Нарадзіліся і такія цікавыя пастаноўкі, як “Вечарком у клубе”, “Завірухі”, “Верасы”. Звяртаўся тады ансамбль “Дняпро” і да сучасных матываў, да прыкладу, у вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі “Радасць беларускіх нафтавікоў” (тут трэба мець на ўвазе, што Рэчыцу недарэмна называюць горадам нафтавікоў).

Вось ужо на працягу 40 гадоў Тамара Дубавец узначальвае гэты адметны калектыў. Нарадзілася яна ў 1945 годзе ў Рэчыцы. Любоў да народнай песні перадалася ёй ад бабулі, маці і цёткі, старэйшай сястры. Тамара Данілаўна закончыла Гомельскае музычнае вучылішча імя Н.Сакалоўскага, затым вучылася ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. І тое, чаму навучылі педагогі, цяпер перадае кіраўнік свайму калектыву.

“Дняпро” прымаў удзел у двух фестывалях “Беларусь — мая песня”, здымаўся ў кароткаметражным фільме “Рэчыцкая лірычная”, сюжэты пра яго неаднаразова паказвала Гомельскае тэлебачанне. Сёння ў рэпертуары ансамбля — лепшыя творы Юрыя Семянякі, Ігара Лучанка, Леаніда Захлеўнага, апрацоўкі народных песень, зробленыя Генадзем Цітовічам, Міхасём Дрынеўскім, Мікалаем Сіратой. Актыўна супрацоўнічае “Дняпро” з Хорам імя Генадзя Цітовіча, выконвае і некаторыя творы з рэпертуару гэтага калектыву, да прыкладу, знакамітую “Баладу пра маці”. Думаецца, адна з асабліва цікавых работ ансамбля — вакальна-харэаграфічная кампазіцыя “Пахне жывіца”, музыку да якой напісаў гомельскі кампазітар Уладзімір Надтачэеў. Выконваецца гэты твор акапэльна — чыстым голасам, без музычнага суправаджэння.

Нягледзячы на тое, што ансамбль на працягу свайго існавання абнаўляўся моладдзю, у ім да сёння ўдзельнічаюць старэйшыны: цудоўны спявак-тэнар Джон Агафонаў, які аддаў калектыву 30 гадоў свайго жыцця, вядучая спявачка Антаніна Мацюшэнка, выдатны сямейны дуэт — Таццяна і Уладзімір Малухі.

Безумоўна, значную ролю ў творчасці такога калектыву іграе балетмайстар. Некалі ў ансамблі “Дняпро” працаваў балетмайстар Васіль Сакалоў, а сёння закладзеную ім традыцыю працягвае яго прыёмны сын Аляксандр Аляксандраў. Ён з дзяцінства выступаў у ансамблі. Затым скончыў харэаграфічнае вучылішча, праходзіў школу танца ў вядомых педагогаў-балетмайстраў, працаваў у некалькіх прафесійных калектывах. У ансамблі “Дняпро” зрабіў пастаноўку сюжэтных масавых танцаў “Родная старонка”, “Дняпроўскія гульні”, “Рэчыцкая полька”, “Палеская полька”, “Беларуская вясёлая”. Звяртаўся А.Аляксандраў і да ваеннай тэматыкі, стварыўшы на сцэне шырокае сюжэтнае палатно “Ой, Дняпро, Дняпро”. Да гэтай тэмы пастаноўшчык невыпадкова ставіцца вельмі трапятліва: яго дзед быў камандзірам палка, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны вызваляў Рэчыцу.

 Мікола МАКАРЦОЎГомель

На здымку: ансамбль “Дняпро”.