Ад перамены месца медалёў…

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Піраты “расфарбавалі” класічны альбом “Песняроў” — і пасыл знік
Трыццаць гадоў таму Усесаюзная фірма грамзапісу “Мелодия” выпусціла ў свет вініл “Праз усю вайну” з запісам праграмы “Песняроў”, прысвечанай 40-годдзю Перамогі. Сёння яго перавыдалі на тым жа вініле ў Расіі і, галоўнае, змянілі сэнсавы пасыл вокладкі альбома. Пры гэтым агульную канцэпцыю афармлення захавалі. Піраты (а так па факце і атрымліваецца, бо па дазвол да мастакоў ніхто не звяртаўся) “расфарбавалі” класічны вобраз. І ад перамены месца медалёў і візуальны вынік змяніўся.

/i/content/pi/cult/523/11269/4-1.jpg

Так трэба для вобраза

Двайны альбом 1984-га файна аздобілі два беларускія дызайнеры Павел Семчанка і Уладзімір Цярэнцьеў. Спадар Семчанка, які быў даволі блізка знаёмы з Уладзімірам Мулявіным, распавядае, што лідар “Песняроў” браў непасрэдны ўдзел у абмеркаванні канцэпцыі аздобы альбома. Менавіта ён вылучыў сярод прапанаваных эскізаў той, які лёг у аснову рэалізаванай распрацоўкі.

Павел Семчанка рабіў шрыфтавую частку аздобы, Уладзімір Цярэнцьеў — фатаграфічную. Рэч атрымалася густоўная, інфармацыйна насычаная і эстэтычна выразная. Гэта той выпадак, калі візуальны вобраз пасуе музычнаму. На вокладцы — чорна-белы фотаздымак узнагород часоў Вялікай Айчыннай і надпіс “Через всю войну”, зроблены адмысловым шрыфтам чырвонага колеру. Назва гурта на вокладцы прысутнічае, але ў вочы не кідаецца. Гэтым падкрэсліваецца, што ў дадзеным кантэксце галоўнае — тэма, а не выканаўца. Такая была савецкая традыцыя. Дыяганальнае размяшчэнне выяў і тэксту надае кампазіцыі дынамікі.

Прынцыпова тое, што ў аздобе першай старонкі вокладкі скарыстаны выявы менавіта салдацкіх узнагарод: ордэна Славы, медалёў “За адвагу”, “За баявыя заслугі” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”. Фотаздымак чорна-белы — не ад жадання сэканоміць на каляровым друку, а таму, што так трэба для вобраза. Названыя чыннікі прадстаўляюць вайну з непараднага боку (як у адной з песень праграмы: “Ведь смерть солдат необратима в букеты роз…”), служаць знакам франтавой, акопнай рэчаіснасці.

Перш чым маляваць, трэба думаць!

Дык вось, летась альбом “Праз усю вайну” быў перавыдадзены маскоўскім музычным выдавецтвам “Мирумир”. Асабіста мне гэтая назва нічога не кажа. А ў Інтэрнэце высветліў, што і сапраўдныя меламаны пра тое выдавецтва не чулі. Паводле звестак, выкладзеных у Сеціва фанатамі “Песняроў”, у “Мелодии”, якая валодае аўтарскімі правамі на гэты дыск, “Мирумир” дазволу на перавыданне не пытаўся.

Тым не менш, гэтую падзею — выхад дыска — не абмінулі ўвагай прыхільнікі славутага гурта. Тое, што спадчына “Песняроў” — не забыта і запатрабавана на постсавецкай прасторы, што на ёй дагэтуль можна рабіць грошы, факт, безумоўна, станоўчы. А вось тое, як гэта зроблена, у якой абгортцы якасны культурны прадукт — песні “Песняроў”, — пайшоў у народ, справа іншая. І тут паўстаюць пытанні…

Дызайнеры выдавецтва “Мирумир” хоць і захавалі некаторыя чыннікі аздобы альбома, вобразны лад змянілі цалкам: з брутальнага на гламурны. Чорна-белая выява ўзнагарод стала каляровай. З’явілася тое, чаго якраз і імкнуліся пазбегнуць дызайнеры беларускія, — параднасць. А далей — рэчы ўвогуле дзіўныя. У распрацоўцы нашых майстроў скарыстана выява ордэна Славы ІІІ ступені, пачатковай, а ў маскоўскай версіі — І ступені, вышэйшай. Так не можа быць, бо, паводле традыцыі савецкіх Узброеных Сіл, ордэн Славы І ступені насіўся разам з ІІ і ІІІ, каб усе бачылі: ідзе, так бы мовіць, “поўны георгіеўскі кавалер” савецкага ўзору. Зразумела, што, з гламурнага гледзішча, золата (І ступень) прыгажэйшае за белы метал (ІІІ), але ўсё адно перш чым маляваць, трэба думаць. На гэтай тэзе дызайн і стаіць.

Медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.” заменены на “За доблесную працу…”, якім ганаравалі тых, хто, як прынята казаць, каваў Перамогу ў тыле. Гэта ўвогуле абсурд: не мог, паводле логікі, адзін чалавек (а падборка ўзнагарод сімвалізуе этапы баявой біяграфіі салдата) быць адначасова на фронце і ў тыле.

Я ўжо не кажу пра збіты маштаб, з-за чаго кампазіцыя страціла дынамічную ўраўнаважанасць, неахайнае выкарыстанне шрыфтавой кампазіцыі вокладкі беларускага арыгінала на ўнутранай старонцы, неадпаведны сэнсаваму кантэксту, стылізаваны “пад старыну” шрыфт слова “Песняры” на вокладцы…

Справа права

Мяркую, што справа тут не толькі ў недасведчанасці тых, хто працуе ў “Мирумир”. Пераробкі не настолькі радыкальныя, каб аматары творчасці “Песняроў”, гледзячы на новую версію, не згадалі б базавую. Такім чынам славуты брэнд асвятляе новатвор, працуе на яго рэкламу. Але пераробкі даюць падставу ў юрыдычным сэнсе трактаваць новую версію аздобы альбома як самастойную дызайнерскую распрацоўку. І — з’яўляецца аргумент супраць беларускіх дызайнераў, калі тыя нагадаюць пра сваё аўтарскае права.

Для тлумачэння — класіка з гісторыі аўтарскага права. Дзве фірмы з розных краін гандлявалі ў Афрыцы аднатыпнай прадукцыяй. І ў абедзвюх на абгортцы быў намаляваны вярблюд. Фірма, што прыйшла на рынак першай, абвінаваціла канкурэнта ў плагіяце. А ён адкруціўся ад штрафу, бо вярблюды — розныя: аднагорбы і двухгорбы. Неістотныя на першы погляд рэчы могуць мець вялікае значэнне, калі справа дойдзе да юрыдычнай спрэчкі…

Мы пацікавіліся ў Паўла Семчанкі і Уладзіміра Цярэнцьева, як яны ставяцца да згаданай сітуацыі, ці маюць намер абараняць свае аўтарскія правы? Абодва дызайнеры, нібыта ў адзін голас, адказалі, што займацца гэтай справай ім няма калі: працы шмат. Да таго ж не вераць яны, што здолеюць у Маскве чагосьці дамагчыся. Гэта ж трэба з юрыстамі кантактаваць, марнаваць час ды грошы… Не! Няма калі.

Дзмітрый Сурскі, старшыня Саюза дызайнераў, які ў свой час узнімаў пытанне абароненасці аўтарскіх правоў сваіх калег, лічыць, што ў гэтай сітуацыі дамагчыся справядлівасці, зрэшты, можна. Але ці будзе вынік варты намаганняў? Былі выпадкі, калі мастакі і дызайнеры, чые творы без іхняй згоды скарыстоўвалі на этыкетках, у рэкламе, адваёўвалі сабе грашовую кампенсацыю. Але тое ў Беларусі, а як будзе ў Маскве, сказаць цяжка.

Але — піяр…

Рысу ў гэтым сюжэце (а тэма — неабсяжная), лічы, падводзіць меркаванне мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслава Шарапава:

— Відаць, заняцца дадзеным пытаннем, прад’явіць нейкія прэтэнзіі згаданаму музычнаму выдавецтву маглі б спадкаемцы правоў на музыку і тэксты “Песняроў” — найперш сям’я Уладзіміра Мулявіна. Наконт жа той акалічнасці, што ў аздобе альбома брутальны вобраз вайны трансфармаваўся ў гламурны, дык гэта, я мяркую, не выпадковасць, а адлюстраванне пэўнай тэндэнцыі. Тут трэба ў корань глядзець. Сёння тыя або іншыя эпізоды ваеннай гісторыі, праявы ваеннай рэчаіснасці прадстаўляюць пакаленням, якія вайны не ведалі, не ў праўдзівым, брутальным абліччы, а ў прыхарошаным, гламурным. Есць на тое прычыны псіхалагічныя, сацыялагічныя, культурныя… Але гэта асобная тэма.

Сітуацыя вакол юрыдычных правоў на культурную спадчыну савецкай эпохі сёння даволі заблытаная, а гэта правакуе з’яўленне пірацкай прадукцыі. Вал пірацтва ў галіне культуры шматкроць перакрывае тое, што ствараецца ў адпаведнасці з законам, якасць чаго апошні гарантуе.

Можна сказаць, што мы ў Беларусі валодаем эталоннымі ўзорамі творчасці легендарнага ансамбля, рупімся пра захаванне ды ўмацаванне нацыянальнага брэнда, якім з’яўляюцца “Песняры”, ахоўваем іх набыткі ад прафанацыі. Але трэба браць да ўвагі, што цікавасць да творчасці “Песняроў” сёння мае досыць вузкае кола меламанамаў з высокімі культурнымі запытамі. Каб выйсці на шырэйшую аўдыторыю, сённяшнім “Песнярам” трэба зрабіць нешта надзвычайнае, здзейсніць прарыў! Вось тады і будзе новы выбух цікавасці да ўсяго, што звязана з легендарным калектывам, у тым ліку да яго класічнай спадчыны. Тады ўжо мы будзем выбіраць, якая форма папулярызацыі нам пасуе, а якая — не. А пакуль любы піяр “Песняроў” нам на карысць…

У маёй журналісцкай практыцы быў выпадак, калі мне на вочы трапіў мой артыкул — крыху перароблены і пад чужым подпісам. Спачатку я, зразумела, быў абураны. Але, калі высветліў, што плагіят здзейсніў журналіст-пачатковец, вырашыў не рабіць шуму і нават у думках пашкадаваў маладога калегу: ён вымушаны сілкавацца чужымі думкамі. Можа, такой жа логікай кіруюцца і беларускія дызайнеры, даруючы маскоўскім калегам відавочнае парушэнне прафесійнай этыкі? Хаця, калі паглядзець з іншага боку, у іх скралі не толькі ідэі, але і грошы. Мяркую, спадары Семчанка і Цярэнцьеў, якія аздаблялі славуты песняроўскі альбом, што зараз выйшаў новым накладам, маюць законнае права на сваю долю ў гэтым маскоўскім праекце. Зрэшты, ім вырашаць, ці спрабаваць яе атрымаць… Толькі не стаў бы гэты прэцыдэнт тэндэнцыяй…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"