Каб да суддзі не хадзіць…

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Няхай даруе мне вакалістка мінскага гурта “Naka”, творчасць якога я лічу годнай увагі, а саму Настассю Шпакоўскую — асобай, безумоўна, таленавітай і яркай, ды не буду пахаваны пад камянямі, якімі, відавочна, мяне закідаюць прадстаўнікі айчыннай рок-тусоўкі, бязмежна мною любімай, але ў той справе, пра якую зараз вам распавяду, я, падобна на тое, — на баку кампазітара Алега Молчана.

/i/content/pi/cult/523/11268/2-111.jpgГісторыя пачалася летась, калі ў гонар 45-годдзя з часу заснавання ансамбля “Песняры” адзін з беларускіх музычных інтэрнэт-парталаў выпусціў альбом-трыб’ют легендарнаму калектыву. (Пра той праект “К” падрабязна пісала.) У рэліз павінна была ўвайсці і песня “Малітва” на вершы Янкі Купалы і музыку Алега Молчана ў выкананні гурта “Naka”. Напэўна, многія з вас памятаюць кананічную версію пранізлівай, натхняльнай кампазіцыі, якая ўваходзіць у “залаты фонд” беларускага песеннага мастацтва.

“Naka” запісала свой варыянт трэка, які не спадабаўся не толькі мне — гэта было б амаль і не бядой, — але і аўтару музыкі Алегу Молчану. Зусім не апошні ў краіне музычны дзеяч, чыё імя ўжо дакладна ўвайшло ў аналы нашай культуры (хоць бы дзякуючы той самай вялікай песні), пачуўшы інтэрпрэтацыю, забараніў яе публічнае выкананне. На тое ён меў усе падставы, пра што і сведчыць Закон Рэспублікі Беларусь аб аўтарскім праве і сумежных правах. У выніку кампазіцыя ў альбом не трапіла, але... была выканана гуртом “Naka” пад час канцэртнай прэзентацыі праекта.

Ведаючы прынцыповасць і педантычнасць Алега Уладзіміравіча ў пытаннях абароны аўтарскіх правоў, занадта доўга чакаць яго адназначнай рэакцыі на гэты “дэмарш” не давялося. Не выключана, што спачатку ішлі нейкія перамовы паміж тымi, хто правініўся (калектыў, арганізатары прэзентацыі, клуб), і аўтарам музыкі аб дасудовым урэгуляванні канфлікту, якія ў канчатковым выніку да вырашэння апошняга ў мірным ключы не прывялі. І вось 6 лютага Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь распачаў грамадзянскую справу па іску Алега Молчана да Настассі Шпакоўскай аб спагнанні кампенсацыі ў сувязі з парушэннем выключнага права на аб’ект аўтарскага права.

Пасля таго, як стала працаваць судовая машына, у музычнай супольнасці ўзнікла дыскусія аб нейкім маральным аспекце таго, што адбылося. Маўляў, з юрыдычнага пункта гледжання, ісціна, вядома ж, — на баку Молчана, але навошта масцітаму кампазітару патрабаваць грашовай “сатысфакцыі” з лідара гурта, якi ну ніякім чынам не азалаціўся б з дапамогай “Малітвы”, з фронтвумэн каманды зусім некамерцыйнай?

...У свой час і ў мяне з былым клавішнікам, аранжыроўшчыкам ды музычным кіраўніком “Песняроў” здарылася нязгода па творчых пытаннях. Але — нічога, пагаварылі (хай і горача), я папрасіў прабачэння за сапраўды праяўленую гарачнасць, прыйшлі да кансэнсусу, у цэлым — кожны застаўся пры ўласных поглядах. Гэта значыць, на мой погляд, чалавек гэты вельмі разумны, здольны чуць і прыслухоўвацца да чужога меркавання, якое можа разыходзіцца з ягоным меркаваннем. Так, як і ўсялякі творца, ён у чымсьці ўпарты, часам выбуховы і рэзкі, але з самапавагай. З ім можна размаўляць, не даводзіць працэс да рысы, перайшоўшы якую ходу назад не будзе. І, калі ўжо калізіі зайшлі далёка, то, мабыць, “каса” з “каменем” не дамовіліся…

Ведаеце, я шмат чую слоў ад нашых альтэрнатыўшчыкаў, якія, у прыватнасці, крыўдзяцца на “піратаў”, што без дазволу распаўсюджваюць іх запісы. Пры гэтым самі артысты часцяком паводзяць сябе, як тыя ж “флібусцьеры”, выконваючы на канцэртах каверы ды не пытаючыся ў аўтараў зыходных кампазіцый дазволу на тое. Дзіўнае такое далучэнне да цывілізаванага сусветнага музычнага кантэксту… Магчыма, разбіральніцтва стане прэцэдэнтам, і музыканты зразумеюць: парушыў закон — будзеш адказваць. Вось да суддзі не хадзіць!..