Экскурсіі ў… СДК

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Гэтага матэрыяла не было б, калі б намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Сяргей Сліва не паўшчуваў дырэктара Крошынскага СДК Юрыя Пшаўлоцкага прыблізна так: "Вельмі ўжо сарамлівы ты! Нават ў раённую газету не напісаў пра сваю ўстанову. А, напэўна, нічога падобнага ў краіне больш няма". Юрый Станіслававіч, работнік культуры з вышэйшай адукацыяй і амаль з 40-гадовым стажам, адразу набраў нумар тэлефона "К". І вось ён, вынік нашай нядоўгай, але змястоўнай гутаркі.

/i/content/pi/cult/522/11267/11-1.jpg

Крошын, аказваецца, знакаміты не толькі палымяным Паўлюком Багрымам, але і ўнікальным Домам культуры, які адзначыць сёлета паўвекавы юбілей. Але не ва ўзросце будынка справа. Галоўнае тое, што Юрый Пшаўлоцкі — адданы калекцыянер. І дзве залы СДК ён адвёў пад выстаўку і ўласных адмысловых калекцый. Першая займае вольную прастору філарманічнай пляцоўкі. Тут на спецыяльных стойках прэзентуецца больш за паўсотню канцэртных народных касцюмаў, сабраных на Баранавіччыне. Дапамагалі калегі, а таксама прафесійныя музыканты. Касцюмы гэтыя ў свой час былі спісаныя, але Юрый Станіслававіч з актыўнай дапамогай жонкі старанна іх адрэстаўраваў. Самаму старому сцэнічнаму касцюму — 47 гадоў. Выстаўка адкрылася аж у 2013 годзе. Дадаць варта і тое, што сцены залы ўпрыгожвае жывапіс прафесійнага мастака — Алеся Марачкіна. Так што зала камернай музыкі — яшчэ і выставачная галерэя. А ў народзе гэтае памяшканне называюць «абрадавай залай», бо тут прыходзяць рэгістрацыі шлюбу, шанаванне перадавікоў… Але гэта яшчэ далёка не ўсё.

У падвальным памяшканні СДК, акурат над філарманічнай залай, здзіўляе наведвальнікаў яшчэ адна калекцыя Юрыя Пшаўлоцкага. Гэта — музычныя інструменты і тэхніка (каля 60 адзінак), з якімі кіраўнік клубнай установы меў справу за сваю доўгую працу на культурнай ніве і большасць якіх набыў за ўласныя грошы. Па сценах музычнага пакоя размешчаны гітары, скрыпка, мандаліна, балалайкі. Ёсць цымбалы, гуслі, духавыя, гармонік, акардэоны і баяны, ударная ўстаноўка, першы савецкі сінтэзатар, электраарганы…

У Крошыне часта ладзяцца міжнародныя аграрныя семінары. Іх удзельнікі, як і шматлікія наведвальнікі Музея Багрыма, не абмінаюць і СДК. Дзівяцца: «Такое — ды ў звычайнай вёсцы?!» А ў музычным пакоі часта займаюцца вучні з мясцовай ДШМ, якая месціцца паблізу. З экскурсіямі часта бываюць выхаванцы дзіцячага садка. Карацей, карысць ад калекцый — усім.

Але і гэта не ўсё. Трэцюю калекцыю — прылады сялянскай працы і побытавыя рэчы — дырэктар СДК захоўвае дома: на працы для чарговай выстаўкі ўжо месца няма. Так што ткацкія станкі, прасы, керамічныя і саматканыя вырабы , іншая сельская экзотыка захоўваецца пакуль у хатніх «фондах», а можа стаць праз час асновай для неблагога вясковага этнамузея. Дзе ён размесціцца, у аграсядзібе ці звычайнай хаце, пакажа час.

І караценькая выснова. Хто ці што замінае зрабіць сваё рабочае месца адметным і непадобным на іншыя? Прафесіяналу — ніхто і нішто. Таму чакаю тэлефанаванняў ад прафесіяналаў. Ад вас залежыць, якая інфармацыя будзе змешчана на чарговым "…Людным месцы".

 

Яўген Рагін чакае вашых тэлефанаванняў з цікавымі навінамі па нумары +375 17 334-57-23!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"