Сусветны дзень грамадзянскай абароны

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Першага сакавіка адзначаецца Сусветны дзень грамадзянскай абароны. А Беларуская ГА мае амаль стогадовую гісторыю.

24 лістапада 2000 года Указам Прэзідэнта Беларусі № 614 у рамках арганізацыйных мерапрыемстваў па ўдасканаленні дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый штабы грамадзянскай абароны былі выведзены са складу МУС і перададзены ў МНС. На выратавальнікаў усклалі дадатковыя задачы па стварэнні і падтрыманні ў гатоўнасці сістэм кіравання, апавяшчэння і сувязі, а таксама аховы насельніцтва ва ўмовах ваеннага часу.

1 сакавіка ў школах і іншых навучальных установах правялі мерапрыемствы , прымеркаваныя да Дня аховы дзяцей у надзвычайных сітуацыях. У кожнай школе існуе свая сістэма, створаная з улікам колькасці вучняў, блізкасці небяспечных аб’ектаў і іншых фактараў. Падабенства ў адным: паколькі навучанне асновам бяспекі жыццядзейнасці вядзецца цягам года, гэты дзень уяўляе з сябе шматэтапныя выніковыя заняткі, на якіх замацоўваюцца атрыманыя веды.

У школах Мінска былі задзейнічаны ўсе — ад пачаткоўцаў да выпускнікоў. Поруч са звычайнымі дысцыплінамі вывучаліся і спецыялізаваныя: на інтэграваных уроках, прысвечаных тэмам грамадзянскай абароны, на класных гадзінах па пажарнай бяспецы, у старэйшых класах — на занятках па дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўках. Асаблівую ўвагу педагогі надавалі падрыхтоўцы дзяжурнага класа пры надзвычайных сітуацыях. А ў школах з фізкультурна-аздараўленчым ухілам не абышлося без спартыўных спаборніцтваў.

Фінальны этап — эвакуацыя з будынка. Адточваліся дэталі: хто павінен выходзіць з класа апошнім і зачыняць дзверы на ключ, на каго арыентавацца. Паколькі агульная схема вучэбнай эвакуацыі ўжо адпрацавана, штогод ускладняецца праграма. Калі раней школьнікі выходзілі з класа, загадзя апранутыя ў верхняе адзенне, дык цяпер яны паспяваюць забраць курткі і паліто ў гардэробе, не згубіўшы лішняга часу. Хочацца адзначыць, што з кожным годам вучні ўсё менш успрымаюць навучальныя трэніроўкі як гульню.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска