Рэжысёр маленькіх дыяментаў

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Гадоў дзевяць таму яна з’явілася ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў кампаніі мастака-пастаноўшчыка. “Брыгада” павінна была ставіць “Зацюканага апостала” Андрэя Макаёнка, дзе мне адводзілася роля бацькі галоўнага героя. Ала крытычным позіркам агледзела мяне як працоўнага коніка і папрасіла расшпіліць кашулю. У вачах яе быў заўважны канчатковы прысуд: падыдзе.

/i/content/pi/cult/522/11264/9-2.jpgАд Алы Палухінай сыходзіла нейкая фантастычная аўра... Фармулючы лаканічна: “не адсюль”. І гэта “не адсюль” вабіла да сябе, нібы магніт. А спектаклю наканавана было… не адбыцца. Збольшага — праз адсутнасць выканаўцы галоўнай ролі, пошукі якога зацягваліся. У тэатры тым часам чарговы раз змяніўся мастацкі кіраўнік, і гэты спектакль выкрэслілі са спісу пастановак. Яна доўга смяялася ў трубку, калі я паведаміў ёй “навіну”. Але Ала была не з тых людзей, якія адступаюць і адмаўляюцца ад сваіх ідэй. “Зацюканы апостал” у яе пастаноўцы усё ж такі выйшаў у далёкім Чалябінску.

Дзесьці праз сезон яе ўсё ж такі зноў запрасілі ў Мінскі абласны. Гэтым разам ставіць “Маленькі свет” Алены Паповай. Як вядома, снарад двойчы ў адну варонку не патрапляе. І мне здаецца, яна цвёрда вырашыла прыкласці ўсе намаганні, каб стварыць адметны спектакль. Рэпеціравалі два месяцы з пэўным перапынкам. Яна паставіла ўвесь тэатр на вушы. Яна была жорсткай і звыш меры патрабавальнай як да акцёраў, такі і да тэхнічнага персаналу. Я пару разоў зазіраў за кулісы пад час рэпетыцый (за кулісамі тады ўсе хадзілі на дыбачках). Актрысы сядзелі на сцэне з тэкстамі роляў, нібы суркі, што затаіліся. Адна з іх потым з гумарам прызнавалася: “Раніцай яна яшчэ грукоча, але ўвечары супакойваецца”.

Наша “снабженка”, прыемная жанчына, што намагалася выконваць усе патрабаванні творчай часткі па максімуме, шарахалася ад Алы. Асабіста быў сведкай такой сцэны. У спісе рэквізіту значыўся ноўтбук. Зразумела, купіць рабочы было накладна, і ставілася задача знайсці зламаны. “Дзе я вам яго знайду?” — пакпіла “снабженка” і імкліва пабегла прэч. Ала адказала з усмешкай у спіну: “У спектаклі павінен быць сапраўдны ноўтбук, бутафорыя мне не падыдзе. І вы мне яго знойдзеце!”. Рэквізатары хапаліся за галаву і на паперках, ледзь не з рулеткай, замалёўвалі размяшчэнне рэквізіту: каробак, баулаў і іншай дробязі. Ссунутая на сантыметр якая-небудзь рэч была смерці падобная. Ад супрацоўніцтва з прапанаваным кампазітарам Ала ў сілу невядомых мне прычын адмовілася. Дапамагчы падахвоціўся гукааператар. Ён правёў не адзін дзень у клубах тытунёвага дыму, пакуль яна праслухоўвала інструменталку з яго калекцыі: дыск за дыскам, трэк за трэкам…

Гульня каштавала свечак. Гледзячы першы акт, я прасякнуўся так, што ў канцы ледзь стрымаўся, каб не расплакацца. У першую чаргу, не пазнаваў актрыс, сваіх калег. Яны ж родныя, але быццам і не... Іншыя... Зусім іншыя. Я разумею, што ў кожнага акцёра з часам назапашваюцца свае штампы. Як яна пазбаўляла ад іх цэлую трупу? Што яна з тымі актрысамі рабіла? Гэта і цяпер для мяне загадка. А прэм’ера прайшла на “ўра”. Апладысменты... Яна доўга не выходзіла на сцэну, потым усё ж такі выйшла... У фае спытаў яе: “Чаму вы, Ала, не ідзецё на мастацкі савет?” Яна нічога не адказала, махнула рукой і пайшла прэч, у ноч. Гэтая абавязковая частка — не важная для яе, не патрэбная. Мабыць, трэба было застацца сам-насам са сваімі думкамі.

Потым яна прыехала са світай крытыкаў. Былі водгукі захаплення. Адзін вядомы ў тэатральных колах журналіст напісаў артыкул, як заўсёды, вяззю “ні пра што”. А ў рэпертуары з’явіўся “дыямент” — “Маленькі свет”.

Здавалася, што мы прасякнуліся сімпатыяй (з майго боку — безумоўна), і часта познімі вечарамі размаўлялі праз сацыяльныя сеткі... пра ўсё: пачынаючы ад спраў у Маладзечанскім тэатры і заканчваючы тэатрам увогуле... Часам яна рэзка каментавала мае запісы ў блогу. Пасля аднаго паста аб пастаноўцы казкі: “Ты выказаў думкі ўсіх рэжысёраў, проста не ўсе рашаюцца сказаць уголас”, “Я, напэўна, ніколі не дачакаюся ад цябе сур’ёзнага спектакля”... І абурэнне: “Вось растлумач мне, можа, я нешта не разумею: што азначае фармулёўка дыплома “за перспектыву рэжысёрскага мыслення”?”. На гэта быў мой адказ: “Ну, гэта прызнанне, што спектакль, пабудаваны рэжысёрам, ёсць, гран-пры яму не належыць, паколькі малады яшчэ, пачатковец, таму і “за перспектыву...” Слухайце, а давайце вы яшчэ што-небудзь у Мінскім абласным паставіце?” І яна кожны раз адказвала адмовай, спасылаючыся на неістотныя прычыны. А шкада. Хтосьці казаў, што ёй прапанавалі паставіць “Маленькі свет” у Купалаўскім. Адказ быў кароткім: “Я не стаўлю адну п’есу двойчы і не займаюся пераносамі”.

Ала Палухіна, напэўна, была для многіх чалавекам, рэжысёрам, педагогам Акадэміі мастацтваў, які, цытуючы радок з адной ролі, “праляцеў праз наша жыцце ў танцы, нібы зорка”…

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр