Беручы да ўвагі змену пакаленняў…

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

“Традыцыя”: у Мінск праз рэгіёны
Яшчэ 23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, у выставачнай зале Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея адкрылася выстаўка аб’яднання “Традыцыя”, прысвечаная 70-й гадавіне Перамогі. Для многіх сяброў згаданай суполкі, асабліва для тых, хто належыць да Студыі ваенных мастакоў пры Міністэрстве абароны Беларусі, ваенная тэма — стрыжань творчасці.

/i/content/pi/cult/522/11262/8-2.jpg

Суполка не абмяжоўвае сваю культурна-асветніцкую дзейнасць сталіцай і часта ладзіць выстаўкі ў рэгіёнах. Вось і гэтая будзе вандраваць па малых гарадах, пасля чаго яе пабачаць мінчане. Для ўдзелу ў вернісажы ў раённы цэнтр прыехала група мастакоў з Мінска. Гэта сябры згаданай суполкі — Уладзімір Уродніч, Ала Каласенцава, Віктар Барабанцаў, Леанід Гоманаў, Мікалай Мішчанка, Мікалай Апіёк, а таксама старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

На карцінах — баявыя эпізоды і рэчаіснасць мірнага часу. Звяртаючыся да ваеных падзей, мастакі суполкі імкнуцца адлюстраваць іх не толькі на эмацыянальна-вобразным узроўні, але і з дакументальнай дакладнасцю. Беручы да ўвагі, што нарадзілася пакаленне, якое не заўжды адрозніць “трыццацьчацвёрку” ад іншай вайсковай тэхнікі і не адкажа на пытанне, калі ў Чырвонай арміі ўвялі пагоны, такая дакладнасць далёка не лішняя, а ў сэнсе адукацыйным — запатрабаваная. Прынцып гістарычнай дакладнасці, у прыватнасці, увасоблены ў партрэтах двойчы Герояў Савецкага Саюза пэндзляў Уладзіміра Уродніча, Георгія Лойкі, Мікалая Апіёка.

Мастакі “Традыцыі”, як сведчыць назва суполкі, з’яўляюцца прыхільнікамі рэалістычнай школы. У аснове іх карцін — апавядальнасць, сюжэтная і тэматычная акрэсленасць. І поспех шматлікіх выставак, якія суполка ладзіць у розных кутках Беларусі пацвярджаюць, што пры наяўнасці ў нашым мастацтве вектару, які ўмоўна можна назваць “заходнім”, новая інтэрпрэтацыя здабыткаў савецкай жывапіснай школы іграе важную ролю ў фарміраванні культурнага абсягу.

Мастакі “Традыцыі” працуюць ў розных жанрах. Пейзаж з’яўляецца для іх, бадай, трэцім па важнасці пасля сюжэтных карцін і партрэта. Мне на гэтай выстаўцы запомніліся краявіды Віктара Барабанцава, Леаніда Гоманава, дзе гармонія прыроды паўстае знакам міру і спакою. А гарманічнай можна назваць ўсю згаданую экспазіцыю. Выстаўка як аповед пра гераізм арміі і народа адпавядае сутнасці свята Перамогі.

Прыемна, што на адкрыцці выстаўкі было шмат моладзі, якая не без цікавасці, як мне падалося, слухала песні ваеннай пары ў выкананні мясцовага хору ветэранаў. Сама ж выстаўка “Традыцыі” вельмі пасуе экспазіцыі музея, успрымаецца лагічным працягам залы Вялікай Айчыннай вайны. Асабіста ў мяне ад Уздзенскага музея — прыемнае ўражанне, хоць аматару інтэрактыву тут, магчыма, бы сумнавата. Я ж, аддаючы перавагу рэальнаму прадмету перад выявай, лічу, што ў музеі галоўнае — экспанаты, праз якія паўстае праўдзівы вобраз часу. Пацёрты салдацкі медаль гаворыць асабіста мне пра вайну больш, чым эфектная відэакампазіцыя на плазменным экране.

Невялікая прастора Уздзенскага музея вымагала канцэнтраванай інфармацыі. Гэтым шляхам і пайшлі стваральнікі экспазіцыі. З дапамогай адносна невялікай колькасці выразных артэфактаў яны стварылі зразумелы аповед пра тое, якой Узда была калісьці.

І напрыканцы — зноў пра выяўленчае мастацтва. Перлінай экспазіцыі Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея можа ў перспектыве стаць (а можа і вылучыцца ў асобны музей) калекцыя твораў ураджэнца гэтага краю Міхася Рагалевіча (1932 — 2010). Іх багата ў сховішчах музея, на сценах — малая частка. Хто ведае гісторыю беларускага мастацтва ХХ стагоддзя, пагодзіцца, што творчая спадчына гэтага арыгінальнага мастака, вонкава падобнага на Ван-Гога і як Ван-Гог апантанага жывапісам, вартая сур’ёзнага доследу і ператварэння ў брэнд. У сваім часе Рагалевіч успрымаўся “авангардыстам”, а сёння ягоны ўплыў бачны ў карцінах тых, хто пазіцыянуе сябе як рэаліста-традыцыяналіста. Калі пільна прыгледзецца, дык і ў “Традыцыі” той след знойдзеш.

Я гэта да таго, што як жыхарам Узды ў радасць паглядзець творы сталічных мастакоў, так гасцям з Мінска ў гонар выставіцца ў музеі, дзе на сценах — творы мастака, якога можа шанаваць не толькі Узденшчына, але ўся Беларусь.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"