Згарманізаваць адценні белага

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Прастора тэкстыльнай скульптуры
У выставачнай прасторы Нацыянальнай бібліятэкі ўжо не першы раз рэалізуюцца выставачныя праекты галерэі “Брама”, куратарам якіх з’яўляецца мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. Нядаўна ў адной з галерэй бібліятэкі гасцявала “брамаўская” экспазіцыя пад назвай “Снежнае лета”. Мастакі дамовіліся ўсё зрабіць у белым колеры.

/i/content/pi/cult/522/11261/8-1.jpg

Гледачы мелі магчымасць азнаёміцца з тэкстыльнай скульптурай беларускіх мастакоў. Узнік такі чыннік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не ўчора. Аўтар гэтых радкоў упершыню пабачыў тканыя аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі яшчэ ў 1970-х. Тады ў гэтым кірунку шчыравалі мастакі Прыбалтыкі, якія звычайна раней за іншых савецкіх творцаў засвойвалі заходні досвед. Да нас тая хваля дакацілася пазней. Але ў Беларусі тэкстыльная скульптура так і не выйшла за межы творчага эксперыменту альбо, калі хочаце, забаўкі, якой адмыслоўцы запаўнялі час паміж заказнымі работамі ў традыцыйнай тэхналогіі і стылістыцы. Прынамсі, я не ведаю ніводнага грамадскага інтэр’еру ў нашай краіне, які быў бы аздоблены аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі з тэкстылю. Так што выстаўка “Снежнае лета” і для гледачоў, і для саміх мастакоў стала дэманстрацыяй эстэтычнага патэнцыялу, закладзенага ў гэтым спецыфічным мастацтве.

У выстаўцы бралі ўдзел як мінчане, так і мастакі з Віцебска, дзе ў свой час прапісалася пераведзеная з Мінска кафедра, што рыхтавала спецыялістаў габелену і канструявання адзення. Пасля таго, як кафедру ў Мінску аднавілі, мы маем дзве школы з выразна выяўленымі стылёвымі рысамі. Мінская болей горнецца да грунтоўнасці і прадстаўнічасці, віцебская дэманструе пэўную разняволенасць, падаецца, на грунце настальгіі па Малевічу і Шагалу. “Геаграфічная прывязка” адчуваецца і ў работах сталых мастакоў, і ў творчых практыкаваннях студэнтаў.

Цікавы склад удзельнікаў выстаўкі. Сярод іх — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Ніна Пілюзіна, дацэнт нашай Акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка, а таксама студэнты Аляксандра Захарава, Хрысціна Высоцкая, выкладчыкі навучальных устаноў і кіраўнікі дзіцячых студый Вераніка Багачова, Марыя Барысенка, Вольга Данілюк… Усё, што дэманстравалася на выстаўцы, было зроблена ў час леташняга пленэру “тэкстыльнай скульптуры”. У мяне асабіста слова “пленэр” выклікае асацыяцыю з жывапісам, але і ткачы паспыталі “палявых умоў”. Мне, аднак, падаецца, што ў аснове работ не тыя непасрэдныя ўражанні ад змены асяродку, а хатнія загатоўкі. У любым выпадку, мастакам карысна калі-нікалі наладзіць прафесійнае сумоўе ды паглядзець на навакольны свет. Гэта ўзбагачае творчасць.

Здавалася б, адзіны колер на ўсіх работах мусіў надаць візуальную цэласнасць і канцэптуальную акрэсленасць экспазіцыі. Але на справе атрымалася, што згарманізаваць адценні і нюансы цяжэй, чым эфектна спрацаваць на кантрастах. Гэтую акалічнасць трэба будзе ўлічыць, бо выстаўка выправілася “на гастролі”. Яе ўбачаць у абласных гарадах (першым стане Гродна) і ў шэрагу раённых. А па выніках вандроўкі, па рэакцыі гледачоў на такое не надта ўласцівае нашай культурнай прасторы мастацтва, аформіцца тэма і стылістыка наступнага пленэра.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"