Смаргонскі Страдзівары

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Даўно чула, што ў Смаргоні жыве самабытны народны музыка Уладзіслаў Буцько. Сустрэўшыся з ім, пераканалася, што Уладзіслаў Іванавіч — мужчына бадзёры (хоць яму ўжо восемдзесят восем) і вельмі вясёлы. А на скрыпачцы як грае! На самаробнай, дарэчы. Усяго ж на яго “рахунку” — тры скрыпкі, зробленыя сваімі рукамі

 /i/content/pi/cult/151/1126/Stradyvary.jpg

Першую змайстраваў у далёкія 30-ыя мінулага стагоддзя. Было хлопчыку тады гадоў трынаццаць-чатырнаццаць. Жыў ён у невялікай вёсачцы пад Барунамі. На двары стаяў студзень, і сяляне адзначалі каталіцкае свята Трох каралёў. Завіталі да іх у вёску калядоўшчыкі, паказвалі яны сцэнку “Нараджэнне Хрыстовае”, спявалі калядныя песні, заходзілі ў кожную хату.

Людзі дзячылі артыстам чым маглі — тварагом, салам, каўбасой… Быў сярод калядоўшчыкаў скрыпач. Падлетка Уладзіка ўразіў яго інструмент: бы заварожаны, прайшоў хлопчык за скрыпачкай праз усю вёску. Тады, праўда, бацька заўважыў: “Ты не скрыпку, сынок, глядзі, а плуга. Ён цябе накорміць. А з музыкі хлеб невялікі”.

Нагледзеўся хлопчык на дзіваінструмент, наслухаўся яго — і вырашыў зрабіць сабе скрыпку сам. Ніхто ў сям’і нават не здагадваўся, чым займаецца падлетак, калі пасвіць кароў. А ён, нібы Страдзівары, складаны музычны інструмент майстраваў.

— Узяў кляновую калодку, наверх яловую дошчачку паклаў,— успамінае Уладзіслаў Іванавіч. — Усе формы намаляваў па памяці. Верх у скрыпачкі просты зрабіў, нефігурны. У якасці смычка лук прыстасаваў, да яго конскія валасы прычапіў. І нешта атрымалася. Але ж адна справа — зрабіць інструмент, і зусім іншая — граць на ім. Схаваўшы скрыпку пад крысо паліто, выправіўся я да “спецыяліста” — суседа, які па ўзросце быў такі, як я цяпер. Казалі, у маладосці ён добра на скрыпцы граў, але пастарэў, пальцы яго ўжо не надта слухаліся.

Стары пацікавіўся, адкуль у мяне інструмент. “Сам зрабіў”, — кажу яму. А ён мне ў адказ: “Ха-ха-ха”. Але скрыпачку ў рукі ўзяў, нешта ў ёй пакруціў-павярцеў, настроіў неяк і... “рэзнуў” даўнейшую польку! У мяне калені падкасіліся. Гэта ж трэба: мая скрыпка грае! А сусед потым яшчэ адну песню — “Зялёны дубочак, шырокі лісточак” выканаў. “Ну і ну, малайчына! — пахваліў мяне сусед. — Сам інструмент змайстраваў! Будзе калі-небудзь з цябе музыка...”

На гэтым аповед мой субяседнік перапыніў. Дастаў сваю любімую скрыпачку — і давай па струнах смычком вадзіць. Далей у нас такая гаворка пацякла: я пытанне задаю — Уладзіслаў Іванавіч адказвае, а пасля — музычная паўза.

Граць на скрыпачцы хлопец таксама на пашы вучыўся. Самастойна. Доўгі час толькі дзве мелодыі развучваў — тыя, што стары скрыпач паказаў. Матыў запомніў. На жаль, нотнай граматы не ведаў…

— А калі добра вывучыўся, — працягваў расповед стары, — вырашыў тату сюрпрыз зрабіць. Сеў аднойчы пад гумном — і граю. Па праўдзе кажучы, рызыкаваў: мог і па спіне за сваю “работу” атрымаць. А тата, наадварот,— узрадаваўся. І таксама сюрпрыз мне паднёс: праз тры дні купіў сапраўдную скрыпку на базары ў Гальшанах. Але адразу мне яе не паказаў. А толькі на другі дзень, у абед, калі я кароў з пашы прыгнаў. “Ідзі паеш,— кажа мне. — Там табе капуста ў печы і хлеб на стале”. Як падняў я ручнік — аж здрыгануўся: замест хлеба — скрыпка! Узяў яе ў рукі, зайграў — і на ежу забыўся.

Хутка пасля гэтага Уладзік моцна пасябраваў з унукам старога музыкі. Сталі яны адзін аднаго вучыць, як на скрыпачцы граць. Новыя мелодыі на вяселлях пад вокнамі падслухвалі— і стараліся самі па памяці перадаць. Атрымлівалася.

А потым адзін хлопец з вёскі купіў гармонік, і Уладзіслаў разам з ім стаў выконваць музыку, папулярную ў той час. А моладзь пад яе танчыла. За вечар музыкі пуд жыта зараблялі. Іншым разам ім і цукеркі прапаноўвалі. Нядрэнны заробак для пятнаццацігадовага хлопца.

Праз пару гадоў юныя музыкі ўжо “спецыялістамі сталі”. Іх на вяселлі звалі, на хрэсьбіны.

— А пры Саветах мы сваю капэлу стварылі. Да нас далучыліся выканаўцы на барабане, карнеце і кларнеце,— працягвае мой суразмоўца. — Багаты хто жэніцца — нас усіх запрашаюць, калі бяднейшы — двое-трое музыкаў ідуць. Скрыпку, праўда, заўсёды заказвалі. Так што без хлеба я ніколі не сядзеў,— смяецца Уладзіслаў Іванавіч.

Пазней музыка ажаніўся, перабраўся на Смаргоншчыну. Жыў у вёсцы Гаравое пад Крэвам. У калгасе працаваў, Але музыку не пакідаў. Калі ж на пенсію выходзіў, яму “магазінную” скрыпку падарылі.

А зусім нядаўна, гадоў шэсць таму, вырашыў Уладзіслаў Іванавіч зноў скрыпачку сваімі рукамі зрабіць. Цяпер грае на ёй і цешыць родных, амаль кожны вечар канцэрты ладзіць. Нотную грамату так і не спасціг: не было калі за работай. Але атрымліваецца ў музыкі і без нот выдатна.

Напрыканцы размовы дзядуля падзяліўся са мной “сакрэтам”:

— Прысніў я нядаўна, што раблю такі інструмент, якога яшчэ на свеце не было. Прачнуўся — узяўся за справу. І вось што атрымалася (паказвае). Што гэта? Не гітара, не балалайка, не мандаліна… Назвы мой інструмент пакуль не мае, затое грае. Хачу яго выкладчыкам музычнай школы паказаць.

 Галіна АНТОНАВАСмаргоньНа здымку: народны музыкаУладзіслаў Буцько.

Фота аўтара