“У Дзень 8 Сакавіка…”

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Каб Клары Цэткін і Розе Люксембург хтосьці сказаў, што іх ініцыятыва зладзіць Міжнародны жаночы дзень з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем жанчын трансфармуецца літаральна ў свята вясны, то, напэўна, яны моцна здзівіліся б, а мо і абурыліся б.

/i/content/pi/cult/522/11255/4-4.jpgТым не менш, сёння, калі вуліцы поўныя пахаў вясновых кветак, а паштоўкі “З 8 Сакавіка!” фантануюць пажаданнямі “дней всегда погожих” и “для улыбок радостных поводов хороших”, неяк не верыцца, што ўсё пачыналася зусім інакш.

Што да вытокаў 8 Сакавіка, якое і сёння адзначаецца ААН як Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын і міжнародны мір, дык усё распачалося са змагання апошніх за роўныя правы і эмансіпацыю. Прычым, мела тая барацьба не абстрактны характар: жанчын канкрэтна не задавальнялі ненармаваны рабочы дзень, які на мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў дасягаў 16 гадзін, і нізкія заробкі. А працаваць даводзілася на роўных з мужчынамі. Але жанчыны (і дзеці) атрымоўвалі менш з той прычыны, што яны жанчыны і дзеці. Карацей, супраць дыскрымінацыі і выступалі актывісткі ў розных краінах.

Што да Расійскай Імперыі, дык упершыню дзень “8 Сакавіка” тут святкаваўся за чатыры гады да рэвалюцыі — у 1913-м у Санкт-Пецярбургу як папулярны міжнародны трэнд. І толькі пазней савецкая ўлада замацавала “за сабой” гэты дзень. У выніку 8 Сакавіка атрымала канатацыю савецкага свята. Урэшце, што да саветаў, то яны дазволілі жанчыне стаць раўнапраўнай у многіх пытаннях — і гэта можна прасачыць па тых жа савецкіх плакатах і паштоўках. (Дарэчы, прыклады падобных тыражных работ можна акурат цяпер паглядзець у рамках Першай беларускай выстаўкі-фестывалю аўтарскай паштоўкі “POST SCRIPTUM”, што ладзіцца ў Музеі гісторыі беларускага кіно.) Быць лепшай на заводзе, класці рэйкі, працаваць на будоўлі, на чыгунцы… А вось жанчын-кіраўніц у гэтай чарадзе вобразаў так і не з’явілася.

З цягам часу абліччы жанчын-ударніц, баявых сябровак, актывістак на савецкіх паштоўках сталі знікаць, змяняючыся подпісамі і выявамі больш асабістымі і адраснымі: “Любімай маме ў Дзень 8 Сакавіка!”, “Віншуем нашых мам!”. У 1966 годзе згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР дзень 8 сакавіка стаў святочным і нерабочым. І прыйшлі выявы ўжо цалкам абстрактна-рамантычна-цнатлівыя — кветак, медзведзянятаў, птушак і вожыкаў, якія нясуць гэтыя самыя кветкі. “Дзень вызвалення жанчын ад кухоннага рабства” паступова ператварыўся ў свята вясны.

А што мы бачым на сучасных паштоўках? Тых самых кацянят і медзведзянят, але сфатаграфаваных і апрацаваных праз фотарэдактар, каб выклікаць цалкам прадказальнае замілаванне. Гэта паштоўкі іншай візуальнай мовы — медыявыяў і выпадковага калажу. Сустракаюцца і такія жарты-выбрыкі: надпіс “Дзеля цябе — усё, што заўгодна” суправаджае выяву мужчыны ў халаце і пальчатках, які драіць падлогу на кухні. Прычым падобныя паштоўкі часам маюць падзагаловак — “бо сёння твой дзень”, які прыводзіць да думкі, што тое “эмансіпэ” і сапраўды магчымае толькі на 8 Сакавіка.

Штосьці змянілася, але… не надта. “Прысыпаныя” бліскаўкамі нарцысы, цюльпаны, мімозы чамусьці маюць адсылкі да савецкіх паштовак. Розніца — у якасным друку і “гатовых” віншаваннях (навошта, маўляў, нешта прыдумляць, ламаючы галаву). Пажаданні ж “расцвітаць як вясна”, “цяпла і ўвагі”, “шчаслівых навін” ужо напісаны ў паштоўцы. Напэўна, на пачатку вясны большага і не патрэбна?

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"