Яшчэ адно вяртанне Геды

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Абласны музей атрымлівае з Аргенціны спадчыну беларускага мастака
Пра жыццё і творчасць цудоўнага мастака Канстаціна Геды “К” пісала не аднойчы. Найбольш поўны матэрыял “Імклівы бег Геды” быў надрукаваны ў 2011-м. У 2013-м жа ў Аргенціне памерла дачка мастака Ірына Канстанцінаўна — адзіная спадчынніца Геды. Па яе распараджэнні творчы даробак павінен быць перададзены ў фонды Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава. І вось ужо цягам двух гадоў мы па частках атрымліваем хатні архіў і работы мастака.

/i/content/pi/cult/522/11253/14-2.jpg

Але прыгадаем асноўныя вехі жыцця творцы. У 1920 — 1930-я яго імя было даволі вядомае ў нашай краіне. Выхаванец Магілёўскага Аляксандраўскага рэальнага вучылішча і Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучань Канстанціна Каровіна, Мікалая Касаткіна і Абрама Архіпава, аднакласнік Барыса Іагансона і Паўла Корына, член Саюза мастакоў “першага прызыва” — з 1940 года, актыўны ўдзельнік найбуйнейшых выставак, — усё гэта Канстанцін Геда. Але пасля Вялікай Айчыннай ягонае імя знікае з прасторы савецкага выяўленчага мастацтва, бо па розных прычынах лёс закінуў яго далёка ад родных мясцін — у Аргенціну, дзе ён і памёр у 1977-м ва ўзросце 86 гадоў. І толькі ў 1990-я гады яго імя паступова вяртаецца на радзіму. Першая персанальная яго выстаўка з работ, частка якіх цудам захавалася з даваеннага часу, прайшла ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі ў 2003 годзе. Тут была адкрыта і выставачная зала з некаторымі работамі жывапісца.

Сярод архіўных дакументаў, перададзеных нам, ёсць надзвычай цікавыя, асабліва тыя, што тычацца прабывання Геды на фронце ў час Першай сусветнай вайны ў складзе студэнцкага санітарнага атраду. Пра гэта апавядаюць і старонкі з дзённіка мастака. Прывяду некаторыя фрагменты гэтага дакумента.

“Ішло лета 1915 года. Палявы шпіталь Чырвонага Крыжа размясціўся ў курортным пасёлку Бірштаны на беразе Нёмана, непадалёк ад Коўна. Яшчэ за дзень ці два мы выгрузілі вялікую партыю параненых, якія былі дастаўлены ў шпіталь з перадавой лініі фронта. Потым наступіла зацішша. Напэўна, удалося стрымаць націск немцаў на чарговым рубяжы. Якраз у гэты час дажджлівае і хмарнае надвор’е змянілася яснымі днямі. Мы не павінны былі адхіляцца занадта далёка ад санаторнага будынка палкавога шпіталя, а таму большую частку часу праводзілі на беразе Нёмана, які працякаў прыкладна ў сотні крокаў ад нас.

Дык вось, у адзін з такіх пагодлівых дзён, пад вечар, выкупаўшыся ў рацэ, мы разам з сябрам Гоклам вырашылі трошкі прагуляцца ўздоўж берага. Прамінулі пакатую камяністую водмель, якую ў шматлікіх месцах прабівалі ручайкі з нейкімі афарбаванымі мінеральнымі дамешкамі, падняліся вузкай сцяжынкай сярод зарасніку густога хмызняка і апынуліся на краі засеянага ўчастка з парасткамі. Вечаровае сонца, слізгаючы па ім, перабегла праз невялічкі лужок на краю яра, ярка асвятліла сасновы падлесак, які ўзвышаўся на процілеглым беразе.

Вышэй па рацэ, крокаў за дзвесце ад нас, стаяла невялічкая хатка. Дзверы ў яе былі насцеж адкрыты. Побач не было абгароджанага двара, і ўсе гаспадарчыя пабудовы абмяжоўваліся маленькім хлеўчуком ля бакавой сценкі хаты. Мы пайшлі ў гэтым кірунку. У галаве ў мяне хутка прамільгнулі карціны жорсткага разбурэння і чалавечых пакут, сведкам якіх я быў на працягу мінулых шасці ці сямі месяцаў. І, ведаючы, што вайна не хутка скончыцца, я разумеў: усё бачанае можа ўзнікнуць у любы момант як несумненная рэальная рэчаіснасць. І тым больш дзіўны і несумяшчальны ціхі летні вечар з самотнай хаткай на краі яра.

Да хаткі заставалася ўжо крокаў трыццаць. І ў гэты момант я выразна разгледзеў дзіцячую калыску. Прамень сонца скрозь адкрытыя дзверы асвятляў увесь яе борт, праз які з аднаго боку перакінуўся край белай пялёнкі. Над бортам калыскі мільгалі рукі і ногі ляжачага ў ёй дзіця, мабыць, выяўляючы тым самым яго поўнае задавальненне. Уражанне гэта было настолькі нечаканым, што я міжволі выдаў нейкі гук ды нават уздрыгнуў ды схапіў за локаць свайго сябра Гоклу, які ішоў побач. “Што ты?” — спытаў ён у мяне. З-за дзвярэй хаткі выглянуў малады селянін і дапытліва паглядзеў на нас. Напэўна, гаспадар і бацька дзіцяці… Хвілін праз пяць мы павярнулі назад…”

А нядаўна ў музей паступілі і творы мастака розных перыядаў. У многіх наогул не пазначана аўтарства, і толькі па творчым почырку, манеры выканання можна сцвярджаць, што яны створаны менавіта Гедам. У пацвярджэнне запісаў з дзённіка часоў Першай сусветнай вайны прадстаўлена серыя твораў 1964 года. Можна дапусціць, што гэты цыкл аўтар прысвяціў 50-годдзю з пачатку той самай Вялікай, як яе тады называлі, вайны. Цікавыя шматфігурныя кампазіцыі, дзе мастак тонка прапрацоўвае вобразы салдат і палкавых афіцэраў. На іх абліччах чытаюцца стомленасць, змора, часам — асуджанасць, і, разам з тым, гатоўнасць да выканання воінскага абавязку. Кожная поза пераканаўчая, бо ў ёй схавана звычка дзейнічаць. Такія графічныя творы “Кватэра 4-га ўзвода 16-й роты. Мястэчка Ліпск, раён Коўна-Гродна. 1915 год”, “У рэзерве. 1915 год”.

Аркуш “Сястра палкавога ўрача 105-й пяхоты Арэнбургскага палка Рыма Міхайлаўна Іванова на перадавой лініі. 1915 год” мае дакументальнае пацвярджэнне. Так, у фондах Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава мы знаходзім матэрыялы Першай сусветнай вайны — пра гераічны подзвіг Рымы Івановай. Каля вёскі Мокрая Дуброва Пінскага павета дваццаціаднагадовая сястра міласэрнасці, калі ўсе афіцэры загінулі, падняла роту салдат у атаку і ў тым баі была смяротна паранена. Яна ўзнагароджана Георгіеўскім крыжам 4-й ступені для ніжніх чыноў.

Даследчая праца працягваецца. Па меры выяўлення новых фактаў мы будзем працягваць публікаваць матэрыялы па спадчыне Канстанціна Геды.

Святлана СТРОГІНА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава