“Я ў аблоках лунала, у залатых аблоках...”

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Тамара Ніжнікава: маналогі опернай прымы
9 сакавіка народнай артыстцы СССР Тамары Мікалаеўне Ніжнікавай спаўняецца 90 гадоў. З пасляваеннага часу да сярэдзіны 1970-х яна была вядучай салісткай Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. У цяперашні час прафесар Ніжнікава па-ранейшаму выкладае вакал у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе працуе ўжо больш за 50 гадоў! Нельга не захапіцца цвёрдасцю духа, самаарганізацыяй і кранальнай абаяльнасцю легендарнай жанчыны. Яе вочы блішчаць і свецяцца, як і ў гады маладосці. А па майстэрстве апавядальніцы Тамары Мікалаеўне мала хто можа скласці канкурэнцыю!..

Пра дзяцінства і бацькоў

— Я нарадзілася і вырасла ў Самары. Нас у бацькоў было трое: я, брацік Коленька і сястрычка Людачка. Яны памерлі ў маленстве, таму што тады не лячылі многія хваробы, у тым ліку менінгіт. Памятаю, як пакутвала бедная маці.

Голас у мяне быў ад прыроды, я спявала з дзяцінства. У памяці засталося, як тата ставіць мяне на венскія крэслы — круглыя такія, з высокімі спінкамі — і я спяваю “Над озером гнулися лозы”. Так што выхоўвалася я ў высокамузычным асяроддзі. Тата і мама спявалі ў царкоўным хоры, і часта хор збіраўся ў нас дома. Кватэра наша была даволі вялікая, але халодная, таму што гэта — колішняя зала купца. Але на ўсе святы збіраліся ў нас. Дзядзька Вася, які служыў у царкве рэгентам, прыязджаў на возчыку і прывозіў фісгармонію. І пачыналі спяваць. Спачатку царкоўнае праспяваюць, а потым штосьці меладычнае, прыгожае, народныя песні. Памятаю такі фотаздымак: наперадзе дзеці, а ззаду дарослыя, увесь хор — яны спяваюць, а мы слухаем. Так што чатырохгалосныя спевы я чула з пялюшак. А часам пачну падпяваць сваім дзіцячым галаском, запішчу… і раптам “вылажу” напрыканцы, не паспяваючы зняць апошнюю ноту. Маці мне пагражае пальцам — маўляй, не балуйся!

/i/content/pi/cult/522/11251/15-2.jpg

Маці працавала на швейнай фабрыцы, а тата — рахункаводам на чыгунцы. Ён быў вельмі музычным чалавекам, валодаў выдатным тэнарам, і архірэй вельмі цаніў яго і браў з сабой “на гастролі”. Дарэчы, у нас ёсць пласцінка, дзе спявае Казлоўскі — ну дакладна тата! І ўсе гаварылі: “Мікалай Гур’іч, табе трэба спяваць у оперным тэатры!” І ён сапраўды захапляўся операй! А татава прозвішча (ён жа родам з Украіны) — Ныжнык. “Ов” прыпісалі — дый усё.

Спяваць у царкве тады было небяспечна. Тата, вядома, гэта зразумеў і не раз казаў: “Упякуць мяне!” Але таго не здарылася, магчыма, таму, што тата памёр на пачатку 1936 года: 19 снежня ў яго быў 49-ы дзень нараджэння, а 19 студзеня яго не стала праз адкрытую форму туберкулёза. Мне было ўсяго 10 гадоў, трэці клас. Калі татачку хавалі, яго павезлі ў сабор Пятра і Паўла, прыехаў архірэй, запалілі паўсюль святло і праспявалі “Вечная памяць”. Нават цяпер не магу спакойна згадваць!..

Тату ўсе любілі. Ён быў просты, ад сахі, хлопец, але ў вышэйшай ступені інтэлігентны і далікатны! І неяк бацька сказаў: “Мая мара — каб ты спявала ў тэатры і стала опернай спявачкай”. Гэта быў яго запавет. А я ж, саплячка, дзяўчынка маленькая, нічога не разумела. Але як тата сказаў, так і адбылося, хаця — не адразу.

Пра тое, як вакал пераважыў медыцыну

— Калі тата памёр, маці сядзела ля печкі, упершыся лакцямі ў калені і плакала: “Чым я вас буду карміць?..” Але круцілася, як магла. Я вучылася заўсёды на “выдатна”, была лепшай вучаніцай, удзельнічала ў самадзейнасці і брала першыя месцы. Аднойчы да нас нават прыязджалі здымаць пра мяне “кіно”: маці выцірае посуд, а я з касічкамі сяджу і раблю ўрокі. Наогул, маці за мяне хвалявалася ўжо хаця б з-за таго, што я хацела зрабіць скачок з парашутам, а яшчэ захаплялася авіямадэляваннем, у гурток хадзіла — стругала дома і вешала работы на люстру.

Калі пачалася вайна, па загадзе Сталіна старшакласнікаў здымалі з урокаў для заняткаў на медкурсах. У пачатку восені 1942 года да нас у Самару (тады — Куйбышаў) прывезлі на параходах параненых з-пад Сталінграда. На 10 дзён разам з аднакласніцамі мяне мабілізавалі ў шпіталь даглядаць параненых. Мы, дзяўчынкі, хапалі непад’ёмныя насілкі і цягалі гэтых салдацікаў — брудных, у ранах чэрві... І вось ідзеш, а ён цябе за палу халата хапае: “Сястрычка! Дапамажы, я больш не магу!”

Іх размясцілі ў спецыяльна пабудаваных драўляных бараках. Яшчэ не так холадна было. І вось я на ноч засталася адна. А іх, можа, з паўсотні. Як яны пачалі “ваяваць” вечарам! Ім уяўляецца атака, яны крычаць “У бой! За Радзіму!”, а я бегаю, прыгаворваю: “Міленькі, супакойся!..” Нарэшце, выскачыла і крычу: “Вартавы! Я больш не магу! Не спраўлюся!” Не хапала людзей. А мы ж — дзеці... Прычым, рабілі чорную працу, якая дапамагала выжыць нашым хлопцам, бачылі пакуты на свае вочы.

Пасля параненыя даведаліся, што я добра спяваю, і сталі прасіць: “Праспявай нам, Тамарачка!” І я хадзіла па палатах. У адной праспяваю адзін куплет, у другой, а яшчэ добрыя словы скажу.

А ўлетку 1943-га паступіла ў Ваенна-медыцынскую акадэмію, але раней праслухоўвалася ў студыю эстраднага мастацтва пры Вялікім тэатры, які тады знаходзіўся ў нашым горадзе — у эвакуацыі. У мясцовым Оперным тэатры мяне слухалі дырыжор Нябальсін, рэжысёр Абдулаў і спявачка Максакава. Праспявала я ім “Не о том скорблю, подруженьки”, а потым “Простите вы навеки” з “Травіяты”. Максакава спытала: “Дзяўчынка, а калі ты стала спяваць?” Я кажу: “Не ведаю! Я плакала-плакала, крычала-крычала і потым стала спяваць! І ўвесь час спяваю!” Яна ж гаворыць, гледзячы на мяне: “Гэтая лялька будзе спяваць!”

Мяне ўзялі ў студыю, але неўзабаве тэатр вярнуўся у Маскву. А ў снежні выклікалі маці да тэлефона і кажуць: “Вашай дзяўчынцы трэба ехаць у Маскву і вучыцца ў кансерваторыі”.

У Маскве спынілася ў матчыных знаёмых на першы час. Абяцалі інтэрнат, вось-вось, але ў яго сценах — шчыліны ў палец! А маразы — пад сорак! Як жа там жыць? Некалькі такіх жа небарак, як і я, начавалі на Казанскім вакзале, а міліцыянеры ганялі нас. Ды неяк набралася храбрасці і падышла да аднаго з іх і кажу: “Дзядзечка міліцыянер (а за мной яшчэ чалавекі чатыры)! Калі я буду спяваць у Вялікім тэатры, абавязкова запрашу вас на першы рад!” Ён вусы так распраўляе: “Гм, гм… Ідзіце вунь у той кут! Там цёпла!” І мы тыдзень там жылі. Чаго мне гэта прыйшло да галавы?! Напэўна, моцна паверыла, хацела, каб так сталася. Аднойчы начавала ў знаёмых, дык міліцыя прыйшла а 2-й гадзіне ночы з праверкай дакументаў! Мяне засунулі на паліцы, якія закрываліся, а там, відаць, пярына нейкая. Чыхаць хачу — паміраю! Але чыхнеш — выкінуць на вуліцу... Бывала, да знаёмых хадзіла, сядзела з дзіцем і займалася на фартэпіяна. Пасля мяне абедам пакормяць, а я падлогу хуценька памыю. Нічым не грэбавала: мне дапамагалі — і я дапамагала. Мо таму і была паўсюль жаданай.

Вучылася ж у выдатнага педагога Марыі Уладзіміравай, вучаніцы і асістэнта Умбэрта Мазэці, які ў Маскоўскай кансерваторыі заснаваў руска-італьянскую школу вакала.

/i/content/pi/cult/522/11251/15-1.jpg

Пра асабістае

— На апошнім курсе кансерваторыі выйшла замуж. Мой муж — таксама з Самары, цудоўны віяланчаліст Барыс Скабло, з ім нават была знаёмая ў дзяцінстве. Ён прайшоў чатыры гады на фронце. Вярнуўся. Такі сімпатычны, высокі. А я — малая. Ну і пераглядаліся, пераглядаліся — дапераглядаліся! Абое вучыліся на выдатна, сталінскія стыпендыяты, а пасля вяселля рэктарат нам вылучыў асобны пакой у інтэрнаце.

А тут якраз Ларыса Александроўская запрасіла ў Мінск, сказала: “Тамарачка, прыязджайце ў Беларусь. Будзем аднаўляць тэатр, усё разбурана, і нам патрэбна моладзь”. У 1949-м мы з Барысам прыехалі ў Мінск і выйшлі з цягніка… проста ў цемру. Сустракаў нас сябра мужа з канём. На кані павезлі рэчы, а самі ішлі пешшу за падводай. А калі да тэатра падышлі, дык пабачылі, што там каровы пасвяцца. Муж у жаху, кажа: “Куды мы прыехалі?!.” Я ў адказ: “Туды, куды трэба! Цяпер тут будзе новае жыццё!”

У мяне ёсць фотаздымак, дзе я каля тэатра сяджу на снезе, а вакол — дзве чэзлыя елачкі. Гэта там, дзе фантаны зараз. Затое народ быў іншы, спакутаваны, змучаны вайной, таму ўсім хацелася цеплыні, любові. І дзяліліся апошнім кавалкам. Прыходзіш на рэпетыцыю, і калі штосьці ў цябе ёсць паснедаць, прапануеш: “Можа, пажуеш што-небудзь са мной?” Не рабілі з цяжкасцей трагедыі, хаця кішкі “гулялі”. Бывае, спяваеш вакальныя рулады, а ад голада жывот зводзіць. Але потым усё наладзілася.

У 1957-м у нас нарадзілася дачка Алачка. Да таго часу мы з мужам ужо вярнуліся з Албаніі, куды нас накіравалі ў камандзіроўку па лініі Міністэрства культуры СССР. Жылі ў Тыране два з паловай гады, выкладалі ў ліцэі мастацтваў: я — вакал, муж — віяланчэль. Але нас цягнула назад, у Саюз. У тэатры было шмат работы, я стала запатрабаванай спявачкай, часта ездзіла па свеце…

Потым у маім жыцці з’явіўся Аркадзь Саўчанка. Гэта было пачуццё, з якім мы абодва не здолелі справіцца. Я кожны раз клялася сабе, што паміж намі ўсё скончана, але нас цягнула адно да аднога. Мне казалі тады: ну што табе трэба? У цябе муж, дзіця, машына, кватэра. Як ты можаш? А я не магла без яго. Не магла! І ён не мог. Барыс, вядома ж, даведаўся пра гэта. Яны сустрэліся, як мне расказвалі, і Аркадзь сказаў: “Я ж не вінаваты, што яна мяне абрала!” Мы з Барысам рассталіся паважліва. Але гэта мой боль. Я і цяпер вельмі перажываю праз гэта.

З Аркадзем у нас усё вельмі моцна пераплялося: абое жылі тэатрам. У яго быў ашаламляльны голас! Але я з ім тры гады займалася вакалам, вось ля гэтага інструмента ён спяваў. Я ўклала ў яго душу! І мы былі вельмі шчаслівыя. Я нарадзіла дваіх сыноў — Аркашу і Андрушу. Але — мы рассталіся, на жаль. У абодвух шлюбах пражыла па 12 гадоў.

Я Бору вельмі кахала, і ў мяне да яго заўсёды была вялізная павага. Ён ніколі сабе не дазволіў сказаць у мой адрас крыўднага слова, цудоўны быў, светлы чалавек. У яго потым здарылася страшная трагедыя, ён пахаваў дваіх дзяцей... А я па-свойму яго кахаю і ўдзячна, што была з ім. У мяне таксама нядаўна здарылася няшчасце: пахавала старэйшага сына Аркашу. Ён памёр у 48 гадоў. І гэта мой вечны боль…

Зараз мяне вельмі падтрымлівае мая дачка Ала. Яна скончыла кансерваторыю па маім класе, потым — музычна-педагагічны факультэт педуніверсітэта. Цяпер яна — кандыдат навук, дацэнт, загадчык кафедры Педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Сын Андрэй — музыкант, гітарыст. Ён падарыў мне адзіную ўнучку Ксенію, якая працягнула дынастыю Саўчанкаў-Ніжнікавых і зараз вучыцца на 3-м курсе Акадэміі музыкі па класе харавога дырыжыравання. У яе абсалютны слых, яна вельмі здольная і мэтанакіраваная дзяўчынка. Я ёй ганаруся!

Жыву я сціпла. Я не П’еха, не Пугачова, у мяне няма багацця, але я багацце паважаю. Калі людзі культурныя, выхаваныя, інтэлігентныя і ёсць яшчэ багацце — гэта здорава! Мне ў гэтым сэнсе не пашанцавала. Але вакальнае і артыстычнае жыццё ў мяне было цудоўнае. Я ў аблоках лунала, у залатых аблоках. Паўсвета аб’ездзіла! Але самым каштоўным для мяне ў жыцці былі мае дзеці. Я любіла людзей, старалася быць да ўсіх добразычлівай, карэктнай. І мяне любілі. Я многім у жыцці дарыла любоў і цеплыню. І зараз жыву ды працую з радасцю і любоўю да людзей.

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца