Навошта, кажаце, яны патрэбны?-2

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Ізноў пра каментатараў з Сеціва і “лёгкі” хлеб бібліятэкара
У артыкуле “Навошта, кажаце, яны патрэбны?”, апублікаваным у мінулым нумары “К”, мы прапанавалі бібліятэкарам пракаментаваць, мякка кажучы, непрыемныя “каменты” з Сеціва на адрас іх прафесіі. Тэзісы востразубых заўсёднікаў папулярнага беларускага інтэрнэт-партала зводзіліся да дзвюх паказальных фраз, што ў некалькіх сотнях каментаў шматразова “абсмоктваліся”: “Мылі б падлогу — атрымлівалі б у два разы больш” і “Таму што бібліятэкары ў асноўным палову дня нічога не робяць”. Зразумела, мы чакалі і іншыя выказванні ад прафесіяналаў. І яны вельмі хутка апынуліся ў пошце “К”. Дарэчы, запрашаем і іншых спецыялістаў далучыцца да абмеркавання сітуацыі, бо датычыцца яна найперш прэстыжу прафесіі бібліятэкара і прэстыжу культуры наогул у вачах шырокага грамадства.

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ, бібліятэкар Дзіцячай бібліятэкі № 8 горада Мінска:

— З артыкула газеты даведалася пра зневажальныя каментарыі карыстальнікаў Інтэрнэту наконт бібліятэкараў і аплаты іх працы. Знайшла ў сетцы сам артыкул, прачытала амаль усе астатнія каментарыі. Добрага там мала. Хочацца паспрачацца з гэтымі “разумнікамі” і абараніць сваю прафесію.

“Бібліятэка — гэта ўстанова, якая збірае і захоўвае творы друку і пісьменства для грамадскага карыстання, а таксама ажыццяўляе даведачна-бібліяграфічную работу”. Вікіпедыя, якая тут працытавана, дае простае і зразумелае вызначэнне паняцця “бібліятэка”. Так было на працягу мінулых стагоддзяў. Так і надалей працягнецца існаванне бібліятэкі, але толькі ў цывілізаваным і культурным грамадстве. Праўда, сёння функцыі бібліятэкі выйшлі далёка за межы названных.

Цяпер публічная бібліятэка — гэта шматпланавы дасугавы цэнтр. Традыцыйны яго кірунак — сустрэчы. Не толькі з пісьменнікамі, а і мастакамі, музыкантамі, акцёрамі, журналістамі, нават бармэнамі з жангляваннем шклянкамі і бутэлькамі ды візажыстамі. Сярод вядомых форм работы — чытанні ўголас, дыстанцыйнае абслугоўванне, правядзенне прэзентацый з выкарыстаннем сучаснай тэхнікі, экскурсіі, падбор літаратуры па запыце, гурткі. Я не кажу пра абслугоўванне чытачоў, расстаноўку фонда, афармленне выставак. І гэта толькі тая праца, якая навідавоку, не кажучы пра бясконцыя ўнутраныя працэсы з прыняццем кніг і перыёдыкі, іх расстаноўкай, спісаннем, напісаннем планаў і справаздач.

Інавацый у бібліятэках таксама шмат: конкурсы (дарэчы, з добрымі прызамі), гульні, ночы ў бібліятэках, наладжванне рэальных і віртуальных міжнародных “круглых сталоў” і канферэнцый. Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк Мінска даўно выйшла за межы сваіх памяшканняў і актыўна працуе на гарадскіх пляцоўках пад час святкавання Міжнароднага дня абароны дзяцей, Дня горада, Дня Незалежнасці. Цягам двух гадоў дзіцячыя бібліятэкі ладзяць фестывалі дзіцячага чытання з разнастайнай цікавай праграмай і падарункамі лепшым чытачам года.

Сюды ж трэба дадаць перасоўванні фонду, спробы яго найлепшай расстаноўкі пры малой плошчы. Ніхто не задумваецца, колькі бібліятэкар робіць не сваёй, не бібліятэчнай працы. Падмесці вуліцу, пачысціць снег (бо дворніка няма), пагрузіць і разгрузіць кнігі (грузчыка таксама няма), адвезці-прывезці дакументы (з кур’ерам сітуацыя тая ж). Так што няпраўда, што бібліятэкар — спецыяльнасць маларухомая.

За ўсёй гэтай працай стаяць звычайныя людзі, але — прафесіяналы, якія працуюць за тры мільёны рублёў у месяц.

У карыстальнікаў Сеціва ўзнікае пытанне, а навошта бібліятэка, калі ёсць Інтэрнэт. У мяне сустрэчныя пытанні. А ці зможа Інтэрнэт зрабіць усе вышэй пералічанае, ці зможа ён прыцягнуць чытача, асабліва пачаткоўца, да кнігі — любой, электороннай ці папяровай, ці зможа Павуцінне прафільтраваць на якасць і даставернасць тое, што выдае на манітор, калі за ім дзіця? Ужо не кажу пра падборку якаснай літаратуры? Разнастайныя топ-10, топ-100 не ўлічваюцца, бо ў большасці выпадкаў іх складаюць усе, каму не лянота. А яны не адпавядаюць узроставым патрабаванням розных груп дзяцей. Сайты інтэрнэт-крам таксама нельга лічыць надзейнымі дарадцамі: у іх камерцыйная зацікаўленасць, чаго не скажаш пра бібліятэкараў.

Што да гарбаты і кавы… Выбачайце, але бібліятэкары — людзі, і яны не могуць восем гадзін запар працаваць. Ім патрэбен перапынак. Хіба бухгалтар, праграміст ці інжынер не п’юць каву ў такі перапынак?

Наконт чытання. Дык тое ў бібліятэкара — прафесійны абавязак. Можна падумаць, што які іншы спецыяліст чытае прафесійную літаратуру ў свой вольны час. А высокакваліфікаваны бібліятэкар мусіць ведаць, пра што пішуць газеты, часопісы, якая кніга адпавядае таму ці іншаму жанру. З анатацыі і тым больш вокладкі гэта не заўсёды зразумела. Таму трэба праглядаць навінкі, у тым ліку і мастацкія.

Падобныя каментарыі — крыўдныя для бібліятэкараў, бо яны не аб’ектыўныя. Але ж крытыка ёсць крытыка, у ёй заўжды ёсць станоўчы момант. З гэтых каментаў трэба зрабіць выснову: пра дзейнасць бібліятэк мала ведаюць. І яна асвятляецца збольшага ў прафесійных СМІ, а трэба выходзіць на шырокі прасцяг. У тым ліку, з’яўляцца і на папулярных сайтах.

Праўда, я сумняваюся, што гэтым каментатарам ёсць нейкая справа да таго, дзе і што адбываецца. Хутчэй за ўсё, яны не чытаюць мастацкую літаратуру, не разважаюць над ёй, але варацца выключна ў асабістым катле ўласных патрэб. У вольны ж час сядзяць у Сеціве, усіх лаюць і зневажаюць (у дадзеным выпадку нейкі “усёвед” вырашыў, што і пажарныя нам не патрэбны, бо выратоўваць людзей можа кожны, а вось гуляць у футбол патрэбны здольнасці, таму і такая розніца ў зарплатах футбаліста і пажарнага).

А напрыканцы перакажу назіранні аднаго карыстальніка бібліятэкі: “У паліклініцы чалавека і яго скаргі ігнаруюць, у краме падмануць, у транспарце — нахамяць. І толькі бібліятэка застаецца бясплатнай, тым месцам, дзе заўсёды ветлівы спецыяліст нягледзячы ні на што добрасумленна выконвае свае абавязкі, быццам бы ў яго і праблем сваіх няма”.

Марыя ШАРАБАЙКА, бібліятэкар бібліятэкі-філіяла №8 Наваполацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:

— Не магу не адгукнуцца на артыкул “Навошта, кажаце, яны патрэбны?”, змешчаны ў “К” № 9, і хачу выказаць некалькі сваіх меркаванняў.

Так, згодная, у Інтэрнэце шмат чаго можна сёння знайсці. Але магу сказаць, зыходзячы са свайго, хай і не надта вялікага, вопыту бібліятэчнай працы: калі чалавек не прывык чытаць, дык ён і ў Сеціве не стане чытаць. Бо проста не ўспрыме таго, што напісана літарамі.

Таксама ў мяне ўзнікае пытанне: калі моладзь такая “прасунутая”, дык чаму школьнікі ўсё адно прыходзяць да нас у бібліятэку і бяруць кнігі, якія ім патрэбны па школьнай праграме? Наўрад ці таму, што настаўнікі не дазваляюць ім чытаць у Інтэрнэце… Значыць, прычына ў іншым, у тым, што папяровая кніга і электронная — гэта дзве розныя рэчы.

Таксама вельмі спадабалася меркаванне Алены Даўгаполавай, што людзі, якія не наведваюць бібліятэкі, звычайна не наведваюць і музеі, і тэатры. За рэдкім выключэннем, канешне. Яшчэ спадабалася меркаванне аб тым, што моладзь валодае сучаснай лічбавай тэхнікай, але не валодае тэхнікай чытання. Адсюль — і арфаграфічныя памылкі, і няздольнасць пісьменна пабудаваць сказы і нават адстойваць свой пункт гледжання.

Мяне, да прыкладу, вельмі раздражняюць арфаграфічныя памылкі, калі я перапісваюся ў сацыяльных сетках ці праз SMS-паведамленні з сябрамі. А яшчэ не надта падабаюцца скарачэнні ў словах (“оч хачу”, “мож схажу”, “4то делаешь” і гэтак 
далей).

Што да чытачоў, дык яны да нас прыходзяць кожны дзень. Калі — больш, калі — менш. Такога, каб ніхто да нас не зайшоў, ніколі не было. Я кожны дзень вяду бібліятэчную статыстыку (лічу колькасць чытачоў, наведвальнасць, кнігавыдачу), запаўняю дзённік работы бібліятэк, а ў канцы месяца ўсё гэта падлічваю і выводжу агульную суму. Таму сцвярджаю з упэўненасцю: чытачы заўжды прыходзяць!

А ўвогуле, працы ў бібліятэках сапраўды вельмі шмат. Да прыкладу, загадчыкі аддзелаў і філіялаў напрыканцы кожнага месяца, квартала і года робяць справаздачы аб зробленай працы. Таксама мы ладзім масавыя мерапрыемствы, афармляем кніжныя выстаўкі, праводзім анкетаванні з чытачамі, удзельнічаем у розных прафесійных конкурсах. Да слова, у 2013 годзе ў Наваполацкай ЦБС адбыўся конкурс маладых бібліятэкараў. Я там выйграла ў намінацыі “Бібліятэкар інтэлектуальны”.

І апошняе. Не варта, мабыць, і казаць, што людзі будуць хадзіць у тую бібліятэку, дзе ім падабаецца. Таму, безумоўна, многае залежыць і ад саміх спецыялістаў. З гэтай прычыны галоўнымі нашымі якасцямі павінны быць, на маю думку, ветлівасць, камунікабельнаць, эрудыцыя, ну і, канешне, прафесіяналізм.

Пачатак абмеркавання тэмы прэстыжу бібліятэчнай прафесіі — у мінулым нумары.