WWA на Кастэла, 2146

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Вызначаны месца і “начынне” Нацыянальнага павільёна Беларусі на Венецыянскім біенале
Кастэла, 2146 — такім стане адрас Нацыянальнага павільёна Беларусі на Венецыянскім біенале. Праект “Архіў сведкі вайны”, што прадставіць нашу краіну на форуме сучаснага мастацтва, размесціцца ў будынку на перакрыжаванні турыстычных маршрутаў. Гэта набярэжная Венецыі, зона шпацыру. Камандзе Біенале пашчасціла атрымаць лакацыю, якая знаходзіцца на траекторыі пераходу ад Арсенала да Садоў Джардзіні — асноўных пляцовак Біенале.

/i/content/pi/cult/521/11239/1-2.jpg

Ад WWІ да WWA

“Калі мы гаворым пра біенале, то маем на ўвазе і арт-бізнес, — кажа Аляксей Шынкарэнка, які сёлета выступіў і архітэктарам павільёна. — Хто ўклаў у раскрутку, той і прагучаў. Сёлета на форуме прадстаўлена больш як 60 нацыянальных павільёнаў на амаль 200 выставачных пляцоўках, уключаючы дадатковую праграму. І ў падобнай канкурэнцыі зразумела: калі сябе не пазначыць — цябе проста не заўважаць”.

Каманда праекта ўважліва паставілася да “вонкавай рэкламы” экспазіцыі. Ля ўвахода ў будынак плануецца размясціць абрэвіятуру назвы праекта на англійскай мове — “War Witness Archive” — WWA: літары з іржавага металу вышынёй 1 метр 20 сантыментраў, чыя задача — прыцягненне ўвагі да павільёна. “Асацыяцый з абрэвіятурай узнікае шмат, — каментуе куратар. — Сусветная практыка пазначэння войнаў у скарочаным выглядзе адбываецца такім чынам: WW1 — Першая сусветная вайна, WW2 — Другая сусветная вайна... Але наша скарачэнне адсылае, у тым ліку, да матэматычнай пераменнай — “А”, што дазваляе трактаваць наш знак як множнасць войнаў наогул. Узнікае ў памяці і www — пазнака Сусветнага павуціння. З іншага боку, не хацелася б надаваць абрэвіятуры мегазначэння. Тут яна найперш выконвае функцыянальную ролю”.

Аляксей з удзячнасцю распавядае пра ўклад мастака Сяргея Шабохіна у афармленне выгляду павільёна. Менавіта гэтаму аўтару належыць ідэя перакрыжавання стужак на фасадным акне-вітрыне. Распаўсюджаны сродак захавання вокнаў пад час ваенных дзеянняў — яскравы знак і адсылка да тэмы. Наведвальнік ужо на ўваходзе можа і мусіць зразумець яе спецыфіку.

Плануецца, дзеліцца куратар, што ў афармленні літар, а таксама вітрыны, скарыстаюць чырвонае святло. Але задзейнічанне гэтага візуальнага эфекту беларускім бокам выклікала ў мясцовых улад пытанні: “Венецыя не толькі дбае пра архітэктурнае аблічча горада (напрыклад, тратуарную плітку набярэжнай называюць “падлогай”), але і клапоціцца пра светлавы дызайн. Таму зараз наша жаданне зрабіць чырвоную падсветку абрэвіятуры і фасада праходзіць працэдуру ўзгаднення”.

Падобных тэхнічных момантаў камандзе павільёна на чале з яго камісарам Наталляй Шаранговіч даводзіцца вырашаць нямала. Нават размяшчэнне лагатыпа біенале на фасадзе і рэкламнай прадукцыі рэгламентуецца: знак мусіць быць у правым верхнім куце — згодна з рэкамендацыямі гайд-бука.

/i/content/pi/cult/521/11239/1-3.jpg

Прывітаннне з ХХІ-га Аляксандру Родчанку

З чым жа сутыкнецца наведвальнік, калі зойдзе ў павільён, зрэгаваўшы на “наружку”? Памяшканне для праекта — невялікае: 9 на 3 квадратныя метры. З адметнасцей — падлога з венецыянскага мармуру “ў шахматную клетку”.

“Атрымаць ідэальнае памяшканне — рэдкая ўдача! — Аляксей, маючы досвед стварэння мноства выставак, паставіўся спакойна да пэўных абмежаванняў. — Звычайна кожная прастора мае на ўвазе плённую працу. Каб у выніку асаблівасці пайшлі на карысць праекту, трэба скарыць прастору. У нашым выпадку, да прыкладу, мы паспрабавалі падтрымаць ідэю “шахматнай” падлогі. Рух людзей у пакоі прыпадобніцца да пераходу да розных пазіцый — згодна з распрацаваным намі маршрутам”.

Па словах куратара, прастора ўмоўна разбіта на чытыры функцыянальныя зоны. Першая — уваход. Другая — асноўны архіў. Трэцяя — зона свабоднага руху. І чацвёртая — зона пераключэння, дзе размесціцца відэаінсталяцыя Канстанціна Селіханава “Лес”. Прастора, уваход у якую адбываецца з набярэжнай, з мора, такім чынам скончыцца выявай ляснога абшару: “Павільён, лічы, ператвараецца ў своеасаблівы тунэль”.

Сама ж эскпазіцыя складаецца з некалькіх аб’ектаў. Стойка рэгістрацыі — на ўваходзе, адмысловыя стальніцы, дзе гледачу прапануецца паглядзець архівы ў кніжным варыянце, вітрыны з фота і дакументальнымі артэфактамі, месца для рэлаксацыі ды разваг. Важная дэталь: у адмыслова сканструяваныя стальніцы ўбудуюць планшэты, што выступяць у ролі ўмоўнага суразмоўцы з наведвальнікам. А інфармацыйная сістэма, куды будуць уведзены і сведчанні мінулых наведвальнікаў праекта, задасць інтэрактыўны фармат гутаркі. У яе ўвойдуць пытанні, пэўныя рэакцыі машыны на адказы гледача.

“Пасля доўгіх абмеркаванняў мы ўсё ж вырашылі не прапаноўваць наведвальніку сядзячых месцаў, — раскрывае падрабязнасці куратар. — Стальніцы будуць вялікія — 1 метр 20 сантыметраў, каб наведвальніку было зручна абаперціся на іх. Выключыўшы крэслы, прапануем гледачу іншы рэжым узаемадзення з фотадакументамі. Інакш кажучы, ствараюцца ўмовы дла ратацыі наведвальніка: мы заахвочваем яго перасоўвацца ад аднаго стала да іншага і прапануем ахапіць розныя тэмы, якія ёсць у экспазіцыі”.

Архіўныя матэрыялы каманда разбіла на пяць тэматычных кніг-папак: “Тэатр вайны”, “Перад абліччам смерці”, “Знакі вайны”, “Акупацыя ідэнтычнасці”, “На фоне вайны”. Нагадаю, што “Архіў сведкі вайны” прапаноўвае працу з фотадакументамі Першай сусветнай вайны. І дадзены падзел на раздзелы, лічаць куратары, дапамагае наведвальніку структураваць інфармацыю, якую ён атрымлівае праз выявы.

Часткай экспазіцыі стануць і фатаграфіі-постары вялікіх памераў, што ўвядуць у інтэр’ер. Але задача апошніх, падкрэслівае Аляксей, — прадэманстраваць магчымасці архіўных матэрыялаў, а не ператварыцца ў “мастацкі аб’ект на сцяне”. “Нам важна зняць з постараў сімвалічную нагрузку мастацкага твора, таму іх толькі прытулім да сцен”, — звяртае ўвагу куратар. Стварэнне для гледача іншага рэжыму ўспрыняцця месца і аб’ектаў — такую задачу ставіць перад сабой каманда праекта. Наведвальнік павільёна пачынае інакш узаемадзейнічаць з архівамі, а далей — з мінулым ды ўвогуле з часам.

Спадар Шынкарэнка прызнаецца, што спраектаваўшы экспазіцыю, ён, прынамсі, успомніў яе візуальнага “сабрата”: “Гэта рабочы клуб, спраектаваны Аляксандрам Родчанкам, які прадставілі ў павільёне СССР на Сусветнай выстаўцы 1925 года. Тое быў праект хаты-чытальні, у цэнтры якой — сталы з кнігамі. Нешта падобнае атрымалася і ў нас, з той розніцай, што наш праект абапіраецца на фатаграфію, прапануючы не толькі яе штудыі, але і роздум пра чалавека, захаваны ў час катастроф на фатаграфічных выявах”.

Наступны крок для каманды — распрацоўка ды выраб адмысловай мэблі, дызайн каталога, дапрацоўка інфармацыйнай сістэмы, праца з архівамі Другой сусветнай вайны, якія, нагадаю, прадставяць у паралельнай экспазіцыі ў Мінску. Праца над праектам вядзецца па многіх напрамках, у тым ліку — навуковым: сведчанні-гісторыі, сабраныя пад час экспанавання першай версіі праекта ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, аналізуюцца навуковай групай на чале з даследчыкам фатаграфіі, філосафам Дзмітрыем Каралём.

“Важна, каб як мага больш людзей уключалася ў працэс, — рэзюмуе свой расповед Аляксей Шынкарэнка. — Нават калі хтосьці не здолее прыехаць у Венецыю паглядзець беларускі павільён, мне хацелася б, каб людзі ведалі, што адбываецца, якія магчымасці ёсць у сучаснага мастацтва. Асабліва — якім разнастайным яно можа быць і як можна працаваць з архівамі ды матэрыяламі”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"