Навошта, кажаце, яны патрэбны?

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Каментарый на "каменты": бібліятэкары — пра выказванні з Сеціва на адрас іх прафесіі
Нядаўна на адным з беларускіх інтэрнэт-парталаў з’явіўся невялікі матэрыял з нагоды прамой лініі, што правёў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Дакладней кажучы, гэта нават не матэрыял, а перадрукоўка адказаў кіраўніка ведамства на два пытанні, якія былі яму зададзены пад час тэлефоннай гутаркі. Адно пытанне датычылася аплаты працы бібліятэкараў, а другое — ужывання беларускай мовы на шыльдах і прыпынках у Магілёўскай вобласці.

/i/content/pi/cult/521/11238/1-1.jpgСам артыкул — досыць звычайны, цалкам інфармацыйны, бо, на жаль, звыклай стала тэма заробку работніка культура “як у прыбіральшчыцы”. Гэткага кшталту параўнанне скарысталі рэспандэнты міністра. А вось каментарыі, што з’явіліся пад тым допісам пасля публікацыі, падаліся многім карыстальнікам Сеціва, найперш датычных да сфер культуры і іншых сацыяльных галін краіны, як і журналістам “К”, вельмі... незвычайнымі. І, прызнацца, нечаканымі. Дакладней кажучы, у шэрагу выпадкаў яны, тыя водгукі, былі некампетэнтнымі і нават абразлівымі для бібліятэкараў Беларусі.

Прывяду толькі некалькі прыкладаў у перакладзе на беларускую мову, выбіраючы з гэтых каментарыяў найбольш, так бы мовіць, “паважныя”, бо “зусім паважныя” і перанабіраць па-беларуску не хочацца: “Мылі б падлогу — атрымлівалі б у два разы больш”; “З развіццём Інтэрнэту бібліятэкі асабліва і не патрэбны”; “Калі ёсць электронныя кнігі, навошта ўвогуле патрэбны бібліятэкі?”; “На жаль, у бібліятэк няма будучыні, а прыбіральшчыцы будуць патрэбны заўсёды”; “Таму што бібліятэкары ў асноўным палову дня нічога не робяць”; “Прыбіральшчыцы — працуюць, а супрацоўнікі бібліятэкі — праседжваюць штаны”…

Натуральна, былі і іншыя водгукі, дзе чытачы абаранялі бібліятэкараў, казалі пра іхнюю цяжкую працу, пра малую аплату ў бібліятэчных установах, пра тое, што сёння ў беларускіх “кніжніцах” не толькі можна пачытаць кнігі, але і замовіць шэраг дадатковых паслуг… Але гэтыя праўдзівыя словы пра нялёгкую будзённую працу айчынных бібліятэкараў літаральна губляліся ў вэрхале адмоўных ды іранічных допісаў, якія з’явіліся пад згаданым мной артыкулам…

Што ж, думаецца, варта даць слова і самім бібліятэкарам — тым, хто займаецца гэтай паўсядзённай працай ды, як думаюць некаторыя, адно толькі “праседжвае штаны”… Слова — бібліятэкарам, якія, так бы мовіць, каментуюць каментарыі...

Алена ДАЛГАПОЛАВА, старшыня Савета Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі:

— Уважліва прачытала водгукі на артыкул. Сказаць, што яны мяне здзівілі, не магу. На адрас бібліятэк і бібліятэкараў апошнім часам, на жаль, гаворыцца вельмі мала добрага. Больш за тое: усё часцей гучыць ідэя знішчыць бібліятэку як сацыяльны інстытут проста на той падставе, што ёсць Інтэрнэт. На канструктыўную крытыку ды прапановы чытачоў (а іх толькі ў публічных бібліятэках, не лічачы ўніверсітэцкія і навуковыя, больш за 3,6 мільёна) трэба адгукацца абавязкова: весці дыялог, шукаць новыя формы работы і гэтак далей.

Але ў дадзеным выпадку сітуацыя іншая. Справа ў тым, што ў грамадстве заўсёды існавала і будзе існаваць, скажам так, маргінальная частка насельніцтва, якая адмаўляе любыя культурныя каштоўнасці. Для такіх людзей цалкам нармальна бравіраваць: “Я не хаджу ў бібліятэкі, музеі, тэатры, не наведваю канцэрты класічнай музыкі”… Не думаю, што існуюць нейкія аргументы і довады, здольныя пераканаць людзей з падобнай жыццёвай пазіцыяй. Адзінае, што хацелася б параіць удзельнікам форуму, якія з такой агрэсіўнай настойлівасцю рэкамендавалі бібліятэкарам перакваліфікавацца ў прыбіральшчыцы — паглядзець маналог сатырыка Анатоля Трушкіна ”Бібліятэка”. Можа, што-небудзь зразумеюць. Раіць чытаць Рэя Брэдберы не рашуся: для іх гэта занадта складана…

Юрый МАКСІМЕНКА, навуковы сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна:

— Прачытаў каментарыі нейкага fiddy і К, якія лічаць, што бібліятэкі паміраюць, а бібліятэкары — лайдакі: “Дык прыбіральшчыцы хоць працуюць, у адрозненне ад вас. Таксама думаю, што 2,6 мільёна для вас занадта шмат”...

У мяне ў адказ на гэтыя выказванні адразу ж паўстала пытанне: спадарства, ці даўно вы былі ў сучаснай бібліятэцы, ці ведаеце вы, што яна з сябе ўяўляе?..

Зайдзіце на сайт любой бібліятэкі (напрыклад, нашай) і даведаецеся, якімі магутнымі сацыякультурнымі цэнтрамі сталі гэтыя ўстановы. У іх — найвялікшыя ды найбагацейшыя электронныя рэсурсы (электронныя базы даных уласнай генерацыі ды набытыя замежныя), якіх няма і доўга не будзе ў Інтэрнэце!

Бібліятэкі не патрэбны, кажаце? А давайце зладзім эксперымент і закрыем усе бібліятэкі хаця б на тыдзень… Думаю, многія людзі (але не тыя, якія пішуць зласлівыя каментарыі ў Інтэрнэце) проста “завыюць”! Спадарства, інфармацыя для тых, хто не ведае: усе самыя адказныя мерапрыемствы (асабліва ў рэгіёнах) даручаюцца бібліятэкарам, таму што ўлады ведаюць: гэтыя спецыялісты ўсё зробяць своечасова і якасна! Каб было інакш, на бібліятэкі не ўскладалі б такія адказныя даручэнні! Даруйце за эмоцыі…

Людміла ЗАХАРЭВІЧ, былая бібліятэкарка з 37-гадовым стажам:

— Пачытала каментарыі ды жахнулася: якія ж у нас, аднак, зласлівыя людзі ёсць… І ў будаўнікі, і ў прыбіральшчыцы адпраўляюць спецыялістаў, чыя прафесія звязана не толькі (у цяперашнім стагоддзі камп’ютарызацыі) з механічнай выдачай кніг. Зараз бібліятэкар — памочнік і навігатар чытача ў неабсяжным моры інфармацыі, прыемны ды разумны суразмоўца, арганізатар і спонсар мерапрыемстваў, звязаных з папулярызацыяй кнігі і чытання…

Вось, некаторыя пішуць, што тэхніка заменіць кнігу… Чаму ж наша моладзь у большасці сваёй не валодае тэхнікай чытання (сацыялагічныя даныя пра тое сведчаць)? Што, нашы дзеці ды падлеткі ўсе сталі такімі разумнымі і адукаванымі, седзячы ля манітора? НЕ і яшчэ раз НЕ. Так, ёсць таленавітыя, ёсць вундэркінды, але не будзем забываць, што ёсць і дзеці — жыхары аддаленых вёсак, для якіх бібліятэка — светлы прамень у іхнім цяперашнім школьным жыцці…

На гэтую тэму можна разважаць гадзінамі, але пакуль не будзе ўзняты прэстыж прафесіі бібліятэкара, з яе, на маю думку, так і будуць здзекавацца і зневажаць усе, хто хоча. Што і казаць, крыўдна за калег… Сама пенсію атрымала ў два мільёны трыста тысяч, аддаўшы трыццаць сем гадоў бібліятэчнай справе… А як жыць маім маладым калегам?..

Пра тое, што бібліятэцы ў краіне — быць, сведчаць факты. Пра гэта і створаная мной пад час працы ў бібліятэцы група “Далучыць ды роднага слова” ў адной з сацсетак.

Наталля СВІРЫДА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Гродна:

— Бібліятэкі не патрэбны разам з бібліятэкарамі! Навошта ім яшчэ і заробак плаціць? Так мяркуюць чытачы партала. А ўсё пачалося са сціплага звароту бібліятэкараў наконт нізкага заробку ў параўнанні з прыбіральшчыкамі да міністра культуры. І вось атрымалі нечаканы адказ — не ад міністра, а ад прадстаўнікоў грамадства, чытачоў дадзенага рэсурсу, большасць якіх палічыла бібліятэчную працу недастойнай ні заробку, ні існавання наогул. Каментарыі да публікацыі ўражваюць, меркаванні людзей бянтэжаць. Бібліятэчнай супольнасці трэба было б пакрыўдзіцца на такое меркаванне, масавае грэблівае стаўленне да гэтай сферы дзейнасці! Але крыўдзіцца, апраўдвацца ці абараняцца ў дадзеным выпадку бессэнсоўна. І вось чаму.

Па-першае, публікацыя са скаргай на нізкі заробак і адказам міністра нечакана паслужыла індыкатарам для выяўлення негатыўных працэсаў у агульным культурным развіцці людзей. Напэўна, гэта вынік шматгадовага стаўлення да культуры як да ўтрыманца з боку дзяржавы, фінансаванне яе па прынцыпе “што засталося — таму і радуйцеся”. Бясплатныя, прасторныя і прывабныя для наведвання, тэхнічна аснашчаныя публічныя бібліятэкі па спецыяльным праекце, накшталт устаноў Масквы, Санкт-Пецярбурга ці невялікіх гарадоў Еўропы, не былі прыярытэтам у стратэгіі развіцця культуры Беларусі. А платнасць большасці паслуг у масавай бібліятэцы абмяжоўвае і без таго недастатковую яе наведвальнасць.

Па-другое, для большасці насельніцтва Беларусі сённяшняя публічная бібліятэка засталася terra incognita. Людзі не ўяўляюць, чым такім карысным можа быць для іх бібліятэка ў эпоху Інтэрнэту ды што робяць там супрацоўнікі. І ўзнікаюць недарэчныя меркаванні пра тое, што бібліятэкары чытаюць кніжкі, дрэмлюць, ахоўваюць пыльныя кнігазборы, ствараюць безліч картак ці пастаянна п’юць каву ці чай...

Безумоўна, пэўная частка адказнасці за такія стэрэатыпы прыпадае на самі ўстановы. Але прэстыжнасць працы бібліятэкара, музейнага, клубнага супрацоўніка ці педагога залежыць таксама ад стаўлення дзяржавы да гэтых сфер дзейнасці. Тут усё ўзаемазалежна і стварае своеасаблівы ланцужок: нізкі ўзровень аплаты — недастатковы прафесіяналізм ды сыход кадраў — адмоўны імідж установы — агульны узровень культурнага развіцця грамадства.

Беларусь павінна быць цывілізаванай краінай. На шчасце, у бібліятэкі Гродна наведваюцца тысячы людзей. Засталіся пакуль і сапраўдныя энтузіясты і прафесіяналы бібліятэчнай справы. Значна змяніўся змест работы бібліятэк: яны актыўна займаюцца сацыякультурнай дзейнасцю і стварэннем новых інфармацыйных рэсурсаў. Хто хоць аднойчы завітаў у бібліятэку і атрымаў задавальненне ад высокага ўзроўню абслугоўвання, прыхільнага ды ветлівага стаўлення, атмасферы друкаваных кніг і інфармацыйных тэхналогій, сустрэч з пісьменнікамі ды новымі выданнямі, стане чытачом і прыхільнікам бібліятэкі назаўжды. І не будуць узнікаць ды выказвацца такія недарэчныя думкі, недастойныя, па шчырасці, жыхароў еўрапейскай краіны…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"