Мастак нашага горада

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Маларыцкая ЦБС арганізавала арт-праект “Свет хобі”. Ініцыятарам яго правядзення стала Валянціна Ібрагімава, загадчык аддзела абслугоўвання. У фае раённай бібліятэкі разгарнулася міні-выстаўка 16 работ мясцовага мастака Сяргея Бескаравайнага “Палёт пэндзля”.

/i/content/pi/cult/521/11235/11-2.jpg

На палотнах — знакамітыя маларытчане: спартсмены, трэнеры… Варта дадаць, што ў 2006-м адбылася персанальная выстаўка Бескаравайнага ў Мастацкім музеі Брэста (Паўднёвыя казармы Брэсцкай крэпасці).

— Майстэрству малявання вучыўся сам, — кажа Сяргей Аляксандравіч. — Ніякай спецыяльнай адукацыі ў мяне няма. Малюю з дзяцінства. Да службы ў войску захапляўся ў асноўным графікай. Пад час службы сустрэўся з прафесійным мастаком. Ён даваў слушныя парады. Многае ў яго я і пераняў…

Жывапісцам Сяргей Бескаравайны стаў выпадкова. Планаваў, як і бацька, заняцца кавальскай справай. Скончыў вучылішча па спецыяльнасці “Каваль машыннай коўкі”. Пачаў займацца мастацкім аздабленнем СДК і павышаў кваліфікацыю на базе Мінскага мастацкага вучылішча. Талент самадзейнага жывапісца адзначыў загадчык курсаў, мастак-графік, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, выкладчык Віцебскага мастацкага вучылішча Леў Лейтман.

Неўзабаве Сяргей набыў прафесію агранома. Працаваў намеснікам старшыні калгаса імя Крупскай, старшынёй Чарнянскага сельсавета, намеснікам старшыні па кадрах Маларыцкага райспажыўтаварыства, а потым — старшынёй кааператыва “Памяць”… Аднак на любой пасадзе ён не кідаў свайго хобі: маляваў заўсёды, калі дазваляў час.

— Без пэндзля, фарбаў, мальберта не ўяўляю свайго жыцця, — кажа Сяргей Аляксандравіч. — У гэтым была і ёсць нейкая ўнутраная патрэба. Творчая праца — асаблівы стан душы…

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара

На здымку: Сяргей Бескаравайны, мастак з Маларыты.