А вы падрыхтаваны да Бетховена?

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтатур па СДК і не толькі: запаўняльнасць залаў, бібліятэчны пазабюджэт і кадравая авантура
Покуль дабіраліся да Крупак, задумаліся вось над якім пытаннем: шэраг нашых устаноў культуры пастаянна скардзіцца на няпоўныя глядацкія ды слухацкія залы. Маўляў, няблага было б гэты паказчык (запаўняльнасць ды наведвальнасць) скасаваць на агульную карысць. Але ж якая карысць ад напаўпустых кінатэатраў ды пустых бібліятэк? І ці варта тут скідваць з рахункаў выхаваўчую ролю ўстаноў культуры? Менавіта яны за час свайго існавання павінны выгадаваць калі не прафесійных мастакоў, музыкантаў ды акцёраў, дык спрактыкаваных слухачоў і гледачоў, інакш кажучы — людзей, падрыхтаваных да ўспрыняцця высокага мастацтва. Але ці так гэта насамрэч?

/i/content/pi/cult/521/11234/11-1.jpg

Урокі ў галерэі

Не раз пісалі пра тое, што мастацкая галерэя — справа брэндавая. А таму яна павінна прысутнічаць не тое што ў кожным нашым райцэнтры — у кожным аграгарадку ды вёсцы! І хай сабе яны будуць размяшчацца не ў асобных будынках, а ўсяго займаць калідор або фае мясцовай бібліятэкі ці сельсавета. Ужо і тэндэнцыя да гэтага намецілася. На малой сельскай радзіме нашых прафесійных майстроў пэндзля то там, то тут пачалі ўзнікаць адметныя карцінныя салоны.

Але гэтым разам наша размова — пра Мастацкую галерэю ў Крупках — адну з самых цікавых у вобласці. Паўстала яна ў 2005 годзе як філіял Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея. У 2011-м адбыўся пераезд галерэі ў будынак Раённага цэнтра культуры, дзе размяшчаецца і па сёння. Прадстаўлены тут як прафесіяналы, так і мясцовыя, вельмі цікавыя ў творчых пошуках аматары. Таццяна Каваленка, наглядчык галерэі, распавяла, што неўзабаве яна будзе названа ў гонар славутага земляка Барыса Аракчэева.

Крупская зямля — не бедная на таленты. Толькі з сучасных творцаў звязаны з гэтым краем Барыс і Аксана Аракчэевы, ды іншыя прадстаўнікі знакамітай дынастыі, а таксама Галія Фатыхава і Алесь Ксяндзоў. Не так даўно персанальная выстаўка апошняга прайшла ў галерэі з вялікім поспехам, а цяпер тут экспануюцца і работы Аксаны Аракчэевай у рамках заспетай намі выстаўкі партрэтаў “І ў профіль, і анфас”.

Як ні круці, а Мастацкая галерэя з’яўляецца цікавым арт-аб’ектам. Уваходны білет для дарослага каштуе ўсяго дзве тысячы. Вось толькі знайсці ўстанову — праблема. І каб мы не падняліся на трэці паверх РЦК, то і не даведаліся б пра такую цікавостку. Высветлілася, што ў горадзе знайсці інфармацыю пра Мастацкую галерэю можна хіба на рэкламным шчыце каля раённага музея, на якім поруч з іншымі змешчаны і абвесткі пра філіял установы.

З надзённых ды разам з тым вырашальных клопатаў галерэі адзначым транспарт: для выставачных праектаў даводзіцца “збіраць” карціны па ўсёй вобласці. Дапамагае ў гэтым аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, які, па словах Таццяны Каваленка, заўсёды прадастаўляе для гэтых мэт свой мікрааўтобус.

У галерэі мы пазнаёміліся і з мясцовым мастаком Аляксандрам Міхеевым. Прафесійны творца завітаў сюды невыпадкова. З’яўляючыся настаўнікам выяўленчага мастацтва, у галерэі ён працуе па сумяшчальніцтве — выкладае дзецям курс жывапісу. Заняткі — платныя, і для бацькоў абыходзяцца ў 75 тысяч рублёў штомесяц. Наколькі гэта дорага альбо танна — меркаваць не нам. Аднак сёння на курсах у Аляксандра Міхеева займаецца дзесяць чалавек, у тым ліку і першакласнікі.

А як слухач?

Ці ёсць дэфіцыт на слухача ў Крупскай зале камернай музыкі, што дзейнічае пры мясцовай школе мастацтваў? Паспрабавалі атрымаць адказ у дырэктара Крупскай ДШМ Міхаіла Несцерчыка, які працуе ці не трыццаць гадоў. Але спачатку невялічкая прэамбула. Калісьці ў лепшых СДК, СК і ДШМ былі створаны філарманічныя пляцоўкі. Мэта ставілася больш чым высакародная: далучыць насельніцтва да класічнай музыкі. Дык вось пра тое, як функцыянуе ланцужок “філармонія” — “райцэнтр/вёска”, мы пішам мала. А ўзаемаадносіны вельмі цікавыя.

Да прыкладу, зала камернай музыкі ў Крупскай ДШМ дзейнічае наступным чынам. Ёсць дзіцячая філармонія, калі настаўнікі і старэйшыя вучні школы мастацтваў выступаюць перад малодшымі школьнікамі. Кошт білета цалкам рэальны: пяць тысяч. Асаблівых праблем з наведвальнасцю няма, бо дзеці да такіх выступленняў падрыхтаваны і чакаюць іх, добра разумеючы карысць ад самаадукацыі.

Другі кірунак дзейнасці камернай залы звязаны са стасункамі з Белдзяржфілармоніяй. Гэта азначае, што ў Крупкі, у адпаведнасці з дамовай, прыязджаюць выступаць прафесіяналы з Мінска. Вось 27 студзеня, па словах Міхаіла Іосіфавіча, выступаў перад ахвотнымі (і дзецьмі, і дарослымі) бліскучы піяніст філармоніі Аляксандр Палякоў. Кошт білета — 15 тысяч. Таксама — няшмат, але з наведвальнасцю такіх канцэртаў — пытанні. Не, выкладчыкі ды выхаванцы ДШМ прысутнічаюць, а вось рабочыя і служачыя раёна такі музычны эксклюзіў, як правіла, ігнаруюць. Па перакананні дасведчанага Міхаіла Несцерчыка, тут патрэбна публіка падрыхтаваная. Шкада, што за час дзеяння пляцоўкі яна пакуль не склалася.

Па словах таго ж Міхаіла Іосіфавіча, раней філармонія прадастаўляла музыкантам транспарт. Зараз па вядомых прычынах эканамічнага плана яны дабіраюцца да Крупак сваім ходам, інакш кажучы — на электрычцы, з інструментам (калі гэта не раяль ці фартэпіяна), са сцэнічнымі касцюмамі. Таму пачатак канцэрта “прымяркоўваецца” да чыгуначнага руху і прыпадае на 16-ю гадзіны дня, калі рабочы дзень для большасці жыхароў Крупшчыны яшчэ не скончыўся. Раней філарманічная дзея распачыналася а 17-й гадзіне. Таксама, пагадзіцеся, не вельмі зручны для наведвальнікаў час. Ім, натуральна, трэба пераапрануцца пасля працы, бо наведанне такога канцэрта — справа не будзённая, таму і адпаведнага дрэс-кода патрабуе. Чым, сапраўды, Крупкі горшыя тут за Мінск? Дык мо справа ў пераглядзе графіка-расклада канцэртна-класічнага абслугоўвання? Мы пацікавіліся, хто з выканаўцаў прыедзе ў камерную залу ў лютым — сакавіку. Пакуль перспектыва — нявызначаная. Суразмоўца дадаў, што за ягоную практыку такі збой — першы…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Не памятаю, каб дзесьці ўлетку ў якім-небудзь райцэнтраўскім парку я бачыў вячэрняе выступленне мясцовага духавога аркестра — не з нагоды чарговага фестывалю ці нейкага традыцыйнага свята, а проста так. Дзеля добрага настрою насельніцтва, што шпацыруе па цяністых алеях. Баюся быць катэгарычным, але з пасляваеннага часу нашы мястэчкі перасталі гучаць. Летнія танцавальныя “клеткі” і аркестравыя амфітэатры на сёння — адзінкавыя. Некалі я завітаў у адну з ДШМ Дзятлаўшчыны. Запытаўся ў педагогаў: “А слабо зладзіць канцэрт вашых выхаванцаў на пленэры?” Як гучалі б скрыпкі ля мясцовага возера!.. Каб такія імпрэзы сталі завядзёнкай, мо і раённыя залы камернай музыкі карысталіся большым попытам на свае імпрэзы?.. Ну эксклюзіў жа!

У пошуках вакансій

Часта, вандруючы па ўстановах культуры, задаём адзін аднаму правакацыйнае пытанне: а мо памяняць працу журналіста і стаць хаця б на адзін дзень работнікам сферы культуры? Чаму б і не? Першы крок да такога эксперыменту зрабілі менавіта ў Крупках.

Зацікавіліся незвычайнай архітэктурай аднаго з крупскіх будынкаў — палацам ХІХ стагоддзя, які ў свой час належыў роду Свяцкіх. Выявілі, што сёння знаходзіцца тут Крупскі цэнтр занятасці насельніцтва. Вось і ўзнікла ідэя высветліць, а якія вакансіі тут прапануюць выпускніку, дапусцім, Універсітэта культуры. Журналіст прыдумаў — журналіст зрабіў!

Падняўшыся па старадаўняй лесвіцы на другі паверх, натрапілі на патрэбны кабінет. На пытанне, ці ёсць праца па спецыяльнасці для работніка культуры, супрацоўніца цэнтра занятасці працягнула некалькі аркушаў паперы з пералікам вакансій — пачынаючы ад трактарыста-машыніста і заканчваючы намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ў адной з гаспадарак раёна. Былі ў гэтым пераліку і прапановы па профілі. Так, у раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі для адной з устаноў маецца патрэба ў мастацкім кіраўніку. Акладам у два з паловай мільёны нікога цяпер не здзівіш. Скажам, заробак суадносны з пасадамі электраманцёра і палявода. Куды выгадней уладкавацца на працу намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце. Як і на пасадзе трактарыста-машыніста тут можна атрымаць трохі больш за чатыры мільёны. А адной з самых прыбытковых вакантных пасад з’яўляецца праца вадзіцеля катэгорыі С, Д, Е. За заробак у пяць мільёнаў не трэба заканчваць універсітэты — дастаткова толькі здаць на правы.

Выходзячы з будынка, яшчэ раз звярнулі ўвагу на прыгажосць палаца. Вось толькі хараство тое пачынае паступова аздабляцца аблезлай тынкоўкай з тыльнага боку. Хто ведае, мо варта прыслухацца да прадстаўніцы роду Свяцкіх, якая летась прыязджала ў Крупкі і выказала пажаданне, каб будынак з цягам часу добраўпарадкавалі ды перадалі пад школу мастацтваў?..

Было дзве — стала адна

Памятаеце, у першым “аўтатураўскім” артыкуле мы згадвалі пра шматпакутны лёс Крупскай райбібліятэкі, якая ўсё ніяк не здолее перабрацца ў годны будынак? Пісалі пра гэта шмат, таму гэтым разам вырашылі пацікавіцца, якім клопатам жывуць цяпер пасялковыя бібліятэчныя філіялы. Таму і апынуліся ў гарпасёлку Бобр.

Бібліятэкар Любоў Бучылка спачатку насцярожылася, доўга разглядала нашы дакументы і цікавілася, хто нас прыслаў. Пакрысе ўсё ж разгаварылася. І мы зразумелі, што трапілі ў патрэбны час у патрэбнае месца. Справа ў тым, што тымі днямі дарослая ўстанова, дзе працавала Любоў Аляксандраўна, аб’ядналася з дзіцячай. (Яшчэ адзін красамоўны прыклад паўсюднай аптымізацыі.) Удвая выраслі кніжныя фонды, агульная колькасць выданняў — каля 35 тысяч. Кнігі яшчэ на паспелі расставіць па паліцах — імі былі закладзены ўсе сталы. Справа зразумелая: пераезд, як і рамонт, нерваў не дадае. Тым больш што і апошні тут нядаўна быў праведзены…

(Не)лірычнае адступленне  Кастуся Антановіча

Пабываўшы ў бібліятэцы колішняга мястэчка Бобр, задумаўся над пытаннем, у чым прафесіяналізм работніка культуры. Ці не ў тым, што перад дылемай пагутарыць са сталічнымі журналістамі альбо абслужыць двух школьнікаў, якія прыйшлі па кнігі, бібліятэкар выбірае апошняе. Прыемна такое бачыць, асабліва ў час, калі многія, кажучы словамі народнай прымаўкі, зрабіўшы на капейку, імкнуцца пахваліцца на рубель…

Каб прэмію атрымаць

Паколькі ў бібліятэчных памяшканнях, што арандуюцца ў мясцовага сельсавета, пастаянна падцякае столь, тут пабялілі сцены. Замянілі і вокны, праўда, асобныя з іх аказаліся бракаванымі… Словам, арандатараскі лёс — не з простых. Але што зробіш? Да 711 дарослых чытачоў дадалося 250 дзіцячых. І кожны патрабуе ўвагі. У тым, што чытачы тут актыўныя, мы пераканаліся на ўласныя вочы. Калі завіталі ў бібліятэку, ля бібліятэчнай кафедры былі вучні…

Але гэтым разам нас зацікавіў не толькі гэты паказчык работы бібліятэкі ў Бабры. У размове высветлілася, што з леташнім планам аказання платных паслуг (1 мільён 800 тысяч рублёў) бібліятэкар не справілася. Як ні старалася, зарабіла толькі 1 мільён 350 тысяч. Прэміі не атрымала… Складанне плана пазабюджэтнай дзейнасці для бібліятэк — справа, на наш погляд, звышдалікатная. Ведаем, што ў іншых абласцях вал гэтага задання бяруць на сябе абласныя ды раённыя ўстановы. І калі асобныя сельскія з планам не спраўляюцца ў сённяшніх няпростых дэмаграфічных умовах, дык агульны паспяховы факт дзеліцца на ўсе бібліятэкі. Інакш кажучы, прэмію атрымліваюць усе. У адваротным выпадку бібліятэчны сярэднямесячны заробак так і застанецца двухмільённым. Цяжка верыцца, але няўжо ў Крупскай ЦБС стан спраў выглядае інакш? І ўвогуле, на наш погляд, пазабюджэтны план для бібліятэк (асабліва дзіцячых) павінен быць ашчадным для здароўя работнікаў. Яны, урэшце, павінны чытанне прапагандаваць, а не камерцыйную разваротлівасць.

І апошні штрых у агульны партрэт бібліятэкі Бабра, які заўважылі ўжо літаральна развітваючыся. У бібліятэчным калідоры размешчаны маляўнічыя эскізы. Як аказалася, такой бачыць будучыню роднага Бабра мясцовы мастак Алесь Пушкін. Свае прапановы, адлюстраваныя фарбамі, творца прадаставіў мясцовай уладзе, якой, па словах Любові Бучылка, ідэя спадабалася. Вось толькі, каб ажыццявіць яе, патрэбны заможныя інвестары. Пакуль жа кожны жыхар Бабра, завітаўшы ў бібліятэку, можа пакінуць сваё меркаванне да мастацкай канцэпцыі гарадскога пасёлка будучыні…

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Чарговы адрэзак маршруту даў падставы для разваг пра тое, як, у ідэале, павінны працаваць нашы філарманічныя пляцоўкі, якім чынам могуць загучаць беларускія мястэчкі, чаму кульгае кадравая палітыка і нерэальнымі аказваюцца пазабюджэтныя планы. Нагадваем: наш аналіз у пэўнай ступені — суб’ектыўны. Хто мае іншы пункт гледжання — тэлефануйце, пішыце, спрачайцеся і абвяргайце!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"