Цуд у Сураджкундзе

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

З 1 па 15 лютага творчая дэлегацыя Беларусі брала актыўны ўдзел у 29-й Міжнароднай выстаўцы рамеснікаў у індыйскім Сураджкундзе (прыгарад Дэлі). Цягам двух тыдняў нашы творцы здолелі так прэзентаваць самабытную нацыянальную культуру краіны, што атрымалі запрашэнне на чарговы творчы візіт у Індыю.

/i/content/pi/cult/521/11233/13-3.jpg

Беларуская харэаграфія “Белай Русі”.

Нашу дэлегацыю ўзначаліў кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца “Белая Русь” Анатоль Карповіч. Натуральна, што апрача гэтага мастацкага калектыву — аднаго з лепшых у краіне, — у Індыю выправіліся і майстры традыцыйных рамёстваў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Тамара Харланчук (выканаўчы дырэктар названага грамадскага аб’яднання), Ала Аўсяннікава, Жанна Гардзеева ды Ірына Дзернакоўская, кожная з якіх прадставіла ці бісерапляценне, ці ткацтва з вышыўкай, ці саломкапляценне…

Выстаўка была шматлюднай. І штодня “Белая Русь” здзіўляла наведвальнікаў адметнай народнай харэаграфіяй. А ў беларускім павільёне нашы майстрыхі не толькі прэзентавалі свае творы, але і ладзілі для ахвотных майстар-класы. А ахвотных аказалася шмат. Тамара Харланчук згадвае, што да беларускага стэнда чэргі выстройваліся і літаральна кожны хацеў сфатаграфавацца з нашымі майстрыхамі, якія на вачах індыйцаў тварылі цуд. Да прыкладу — нацыянальныя паясы. Дарэчы, ужо 19 лютага на адрас Беларускага саюза майстроў народнай творчасці прыйшоў ліст з нашага Пасольства ў Індыі. Па словах выканаўчага дырэктара БСМНТ, Пасол Беларусі ў Індыі Віталь Прыма выказаў грамадскаму аб’яднанню шчырую ўдзячнасць ды зазначыў: беларускі стэнд за два тыдні работы Міжнароднай выстаўкі быў адным з яркіх і пазнавальных. І гэта прытым, што ў мерапрыемстве бралі ўдзел 49 дэлегацый з усяго свету.

/i/content/pi/cult/521/11233/13-4.jpg

Індыйцаў здзіўляюць нашы майстрыхі.

Віталь Прыма наведаў выстаўку ў Сураджкундзе, сустрэўся і з землякамі, і з арганізатарамі прэстыжнай міжнароднай творчай акцыі. Ён адзначыў вялікую карысць такога супрацоўніцтва, падзякаваў індыйскаму боку за тое, што прадстаўнікі Беларусі змаглі наведаць Індыю і годна прэзентаваць тут сваё самабытнае мастацтва. Арганізатары Міжнароднай выстаўкі і прадстаўнікі мясцовай улады, бачачы папулярнасць нашай дэлегацыі ў Сураджкундзе, запэўнілі, што двухбаковым стасункам — мацнець ды развівацца.

А вось што кажа старшыня беларускай дэлегацыі Анатоль Карповіч, мастацкі кіраўнік “Белай Русі”, якая дзейнічае пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі: “Сустракалі нас на найвышэйшым узроўні. На адкрыцці выстаўкі ў Сураджкундзе выступленне “Белай Русі” ў ліку іншых ансамбляў ды выканаўцаў было апошнім. А вось для выступлення на заключных мерапрыемствах выстаўкі арганізатары выбралі адзін толькі наш Заслужаны аматарскі калектыў. І гэта высокая ацэнка майстэрства “Белай Русі”, у склад якой уваходзіць трыццаць чалавек. Вельмі ўражаны беларускай харэаграфіяй міністр турызму Індыі. Так што, спадзяёмся, у гэтай краіне мы пабывалі не ў апошні раз”.

Індыйская прэзентацыя нашага традыцыйнага мастацтва яшчэ раз даказвае, што і прадстаўнікоў народа сустракаюць ды праводзяць толькі па яго высокай культуры.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"