Семінары "Berlinale"

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Андрэй КУЦІЛА, кінарэжысёр: беларускае сэлфі на фоне фестывалю
Берлінскі міжнародны кінафестываль — адзін з трох найвядомых кінафорумаў класа “А”. Але толькі на “Berlinale” ладзіцца спецыяльны адукацыйны семінар для маладых кінематаграфістаў з розных краін. Сёлета сярод 300 удзельнікаў “Berlinale Talents” быў і рэжысёр з Беларусі Андрэй КУЦІЛА — аўтар шэрагу цікавых дакументальных стужак, з якімі ён удзельнічаў у прэстыжных еўрапейскіх фестывалях неігравога кіно кшталту Амстэрдамскага, Лейпцыгскага і Кракаўскага.

/i/content/pi/cult/521/11232/13-1.jpg

У 2010-м яго карціна “Днюка” стала лепшым фільмам Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” па версіі кінапрэсы, а два гады таму зняты на студыі “Летапіс” “Мяккі шлях” прадстаўляў Беларусь у міжнародным праекце “Маладыя аб маладых”. Сёлета Андрэй Куціла стаў чацвёртым нашым суайчыннікам у берлінскім “Кампусе талентаў”. “К” даведалася, як трапіць у спіс берлінскіх талентаў і чаму можна навучыцца пад час сустрэч ды майстар-класаў з вядомымі кінематаграфістамі свету.

— Трапіць на “Berlinale Talents” тэхнічна вельмі проста: трэба запоўніць анкету на адпаведным сайце. Сёлета ў Берлін запрашаліся рэжысёры ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно, аператары, сцэнарысты, акцёры, гукааператары, кінакрытыкі і мастакі-пастаноўшчыкі. З іншага боку, адбіраюць відавочна не ўсіх, хто падаецца проста перспектыўным. Акрамя сваіх даных, на сайт патрабавалася загрузіць троххвілінны фрагмент сваёй работы — не трэйлер, а менавіта фрагмент фільма, па якім можна ацаніць шанцы прэтэндэнта. Я падаў фрагмент стужкі “Днюка”, што дэманстравалася на шэрагу буйных міжнародных фестываляў дакументальнага кіно. Думаю, мой досвед працы і ўдзел у салідных мерапрыемствах сталі вырашальнымі. Дарэчы, з беларусаў да мяне ў “Кампусе талентаў” (першапачатковая назва гэтай праграмы), пабывалі браты Максім і Антон Субоціны ды Юлія Рудзіцкая.

— Якія ўмовы прадстаўляліся арганізатарамі ўдзельнікам?

— Раней у праграме прымала ўдзел 100 чалавек, цяпер — 300, таму было адчуванне, што прыехалі ўдзельнікі ледзь не з усяго свету. Так, думаю, фактар геаграфіі пры адборы адыгрываў вялікае значэнне: арганізатары ў тым зацікаўлены. Таму, відавочна, канкурэнцыя пры адборы з вядомых у свеце кінематографа краін была больш моцнай. Праграма прадугледжвала частковую аплату праезду і харчавання ў Берліне. Пражывалі ж мы ў даволі спартанскіх умовах: па чатыры-шэсць чалавек у пакоі. Затое ўсё астатняе арганізавана выдатна.

— Ці меліся нейкія абмежаванні па ўзросце ўдзельнікаў?

— Ніякай гранiчнай лічбы не пазначалася. У мяне было адчуванне, што некаторым удзельнікам пераваліла за пяцьдзясят. Наогул, кіно — такая сфера, якой лепш за ўсё займацца, маючы пэўны жыццёвы досвед, і таму большасць аўтараў — ужо не студэнцкага ўзросту — прывезла з сабой гатовыя работы ды перспектыўныя праекты. На “Berlinale Talents” запрашаліся прафесіяналы з пэўным досведам, у тым ліку для ўдзелу ў лабараторыях па асобных спецыяльнасцях. Там адпаведныя спецыялісты працавалі з аўтарамі-ўдзельнікамі над канкрэтнымі праектамі.

/i/content/pi/cult/521/11232/13-2.jpg

— Якім чынам выглядала праца на “Berlinale Talents”?

— Яна адрознівалася ад таго, да чаго прывыклі студэнты ды слухачы адпаведных творчых ВНУ і курсаў у былым СССР. Практычна ўсё пабудавана на самастойных высілках, і кожны сам складаў свой графік ды расклад паказаў (графік патрабавалася складаць загадзя на сайце праекта). Большую частку дня займалі прагляды. “Берлінале” ў гэтым сэнсе — унікальны фэст, дзе можна паглядзець пяць ды больш фільмаў на вялікім экране цягам дня і такім чынам за тыдзень атрымаць уяўленне аб тым, што адбываецца цяпер у свеце кінамастацтва. Зрэшты, як і на любым буйным міжнародным фестывалі, на “Берлінале” госці ды ўдзельнікі, акрамя самых важных і знакамітых, прадастаўлены самім сабе і могуць выбіраць праграму знаходжання, хадзіць на паказы, творчыя сустрэчы… Такога, як на нашым “Лістападзе”, напрыклад, калі кожнага госця суправаджае спецыяльна замацаваны чалавек, на еўрапейскіх фэстах не бывае.

— Дзень удзельніка берлінскага семінара — гэта...

— Ён пачынаўся з чаргі да стойкі па бясплатныя білеты ў фестывальным цэнтры, куды нас дастаўлялі на аўтобусе-шатле. Справа ў тым, што ўдзельнікі ды госці атрымліваюць свае месцы па акрэдытацыі, але дакладна ў той час, што і звычайныя наведвальнікі форуму. На пэўныя паказы нам можна было прайсці проста па акрэдытацыі, але большасць самых важных патрабавалі рэзервацыі. Ніякага папярэдняга распаўсюджання білетаў на “Берлінале” не існуе, — кожную раніцу а палове дзявятай пачынаецца іх продаж ва ўсіх фестывальных касах горада. І каб дакладна трапіць на сеанс, які цікавіць, трэба загадзя ведаць, што за квіток і куды хочаш замовіць, таму ў ранішніх чэргах стаяць абсалютна ўсе. Я, напрыклад, сустрэў рэжысёра Сяргея Лазніцу, які, дарэчы, жыве ў Берліне…

Акрамя праглядаў — конкурсных і пазаконкурсных, — у нас была магчымасць пагутарыць ды пабываць на майстар-класах выбітных кінематаграфістаў свету. Самымі знакамітымі выступоўцамі ў нас былі старшыня журы сёлетняга “Берлінале”, амерыканскі рэжысёр Дарэн Аранофскі і аўтар конкурснай стужкі, найвядомейшы Вім Вэндэрс. Агульная тэма “Berlinale Talents” сёлета вызначалася слоганам “A Space Discovery” — “Адкрыццё прасторы”, — маецца на ўвазе кінематаграфічная прастора фільма. У любым выпадку кожны з удзельнікаў “Berlinale Talents” сам расстаўляў для сябе прыярытэты ды вызначаў мэты свайго знаходжання ў Берліне.

— Якія карціны “Берлінале” запомніліся найбольш?

— Зразумела, “Берлінале” — фестываль ігравога кіно. Але мне як дакументалісту быў цікавы неігравы складнік. Усяго на фестывалі ў розных праграмах і формах было паказана 87 дакументальных стужак. Трапіць на іх было таксама нялёгка. З трэцяй спробы я ўзяў білет на фільм нямецкага маладога рэжысёра Яна Солдата “Турэмная сістэма 4614”. Стужка распавядае пра прыватную турму, дзе людзі па ўласным жаданні могуць трапіць за краты на пэўны тэрмін… З кожным годам дакументальнае кіно дэманструе ўсё больш глыбокае, часам непрыемнае, агіднае для непадрыхтаванага гледача, пагружэнне ва ўнутраны свет чалавека. Але гэта свет такі, які ён ёсць. Фільм, згаданы мной, — з таго шэрагу. Зробленая ў мінімалістычнай манеры, з наўмысна спрошчанай якасцю карцінкі для ўзмацнення адчування дакументальнасці, стужка прасякнута гумарам, што робіць тэму лёгкай і нават пацешнай.

— Што стала карысным для цябе як дзеючага прафесіянала ва ўдзеле ў “Berlinale Talents”?

— Самым карысным на фестывалі заўсёды з’яўляюцца кантакты, магчымасць на іншых паглядзець і сябе паказаць, патусавацца сярод калег. Таксама ладзілася спецыяльная вячэра “Dine and Shine”. Госці перасаджваліся з кожнай новай стравай і такім чынам знаёміліся з максімальна магчымым лікам чалавек, сярод якіх былі спецыяльна запрошаныя эксперты. Увогуле, карыснае само адчуванне штодзённага фестывальнага руху, буйны кінарынак з яго мерапрыемствамі і, уласна, паказы, дзе ты паступова ўдакладняеш уяўленне аб сусветным кінапрацэсе, яго тэндэнцыях як у творчым, так і ў эканамічным плане. Ты разумееш, што актуальна і на якія праекты магчыма знайсці фінансаванне. Карацей, мазгі пачынаюць па-творчы варушыцца…