Краскі для Краса

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Балет “Спартак”, пастаўлены В.Елізар’евым яшчэ ў 1980 г., набывае новае аблічча. Упершыню ў партыі рымскага военачальніка Краса выступіў лаўрэат пяці міжнародных конкурсаў Канстанцін Кузняцоў, які ўзбагаціў гэты вобраз новымі рысамі.

 /i/content/pi/cult/151/1123/Kras.jpg
 Сцэна з балета “Спартак”.
Калісьці Віктар Саркісьян увасабляў Краса з’едліва нахабным, атручаным пачуццём улады: такі не пацерпіць, каб яму не скарылася ўсё навокал. Пазней Уладзімір Мінін надзяліў свайго Краса рысамі неўтаймоўнай жорсткасці, жудаснай бязлітаснасці, што мяжуе з антычалавечым пачаткам. Іншымі словамі, кожны артыст шукаў свайго Краса. І калі за гэтую партыю ўзяўся К.Кузняцоў, шчыра кажучы, не верылася, што ў яго атрымаецца штосьці адпаведнае вобразу. Бо гэты выканаўца даўно ўжо зарэкамендаваў сябе надзвычай чуллівым лірычным героем, якому падуладныя ўсе тонкасці псіхалагічных адценняў. Цудоўна ўвасабляе ён і трагедыю Рамэа, і гуллівасць Меркуцыё, і дзіцяча-дарослыя турботы Чыпаліна. Надзвычай дакладна, папраўдзе класічна выконвае ён мудрагелістыя па ў класічных балетах кшталту “Дон Кіхота”, “Жызэлі”, “Спячай Прыгажуні”, “Карсара”, выдатна валодае сучаснай харэаграфічнай мовай. Дый у тэатры яго невыпадкова называюць Косцікам — настолькі ён мяккі, спагадлівы чалавек, хаця і часам іранічны. І раптам — Крас?

У першай дзеі балета, нягледзячы на класічную свабоду артыста ў скоку, вярчэнні, адчувалася хваляванне выканаўцы, ён быццам адшукваў траекторыю далейшай выбудовы вобраза. Але ў другой дзеі, падчас сцэны з куртызанкамі, паказаў свайго героя гэткім улюбёнцам лёсу, які гуляе са сваімі партнёркамі, быццам кот з мышкамі. Перад намі быў сапраўдны рымскі патрыцый, арыстакрат, які прызвычаіўся атрымліваць усе радасці жыцця і добра ведае ягоны смак. Асабліва цікава было сачыць за далейшым разгортваннем падзей пасля з’яўлення ў гэтай сцэне Фрыгіі— каханай Спартака. Нават добрыя знаўцы гэтага балета жылі ў няведанні: чым жа скончыцца гэтае сутыкненне двух моцных духам характараў. Фрыгія (Людміла Кудраўцава) не скаралася, і гэта выклікала ў Краса цэлы шквал эмоцый: разгубленасць, здзіўленне, нараджэнне і развіццё незнаёмага яму раней пачуцця. Час быццам спыніўся, бо кожнае імгненне, пражытае яго героем, насычалася касмічным палётам душы ў прадчуванні асалоды. Для такога Краса некаторыя жанчыны не тое што букецік красак — жыцця не пашкадавалі б.

Жорсткім Крас паўставаў у трэцяй дзеі — у адпаведнасціса сваімі военачальніцкімі абавязкамі. Прычым жорсткасць выяўлялася праз абвастрэнне танца, большую рэзкасць рухаў, а не парушэнне гармоніі пластыкі. У выніку атрымаўся складаны, неадназначны герой, які не абмяжоўваецца адно ўменнем размахваць зброяй.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА