“Я — Іван Стасевіч: Старыя Дарогі — Берлін"

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Маленькая вёсачка Мядзведзня, што непадалёк ад Старых Дарог… Ягоная радзіма… А ў якасці дзвярэй яго майстэрні ў Мінску былі дзверы той самай роднай вясковай хаты, у якой ён вырас. І ўваходзячы ў майстэрню, ён браўся за тую ж самую ручку-клямку, да якой дакраналіся рукі яго бацькоў… Яшчэ я памятаю ў яго майстэрні драўляную лапату. Ён казаў, што гэтай лапатай маці саджала ў печ цеста і даставала з печы гатовы хлеб. На падаконніку стаяў і фікус з бацькоўскага дома, якому было, як ён падлічыў, столькі ж гадоў, колькі і яму, — амаль семдзясят. Усё гэта — памяць яго малой радзімы. А акно з той бацькоўскай хаты мастак аднойчы ўставіў у сцяну сваёй кватэры і праз яго глядзеў на горад, успамінаючы абпаленае вайной дзяцінства, якое імгненна скончылася ў 12-гадовага хлопчыка 22 чэрвеня 1941-га…

/i/content/pi/cult/521/11229/15-2.jpg

Іван Стасевіч. "Суровае юнацтва".

/i/content/pi/cult/521/11229/15-1.jpgА праз пяць дзён, услед за Слуцкам, Старыя Дарогі былі акупаваны салдатамі 3-й танкавай дывізіі вермахта. Праз чатыры гады ў палаючым Берліне, на пачатку пераможнага мая 1945-га, стаўшы на плечы бывалых салдат Перамогі Мікалая Іванова і Міхаіла Бародзіна, сын палка вывеў цвёрдай рукой з пэндзлем чырвонай фарбай на сцяне рэйхстага кароткія словы: “Я — Іван Стасевіч: Старыя Дарогі — Берлін”. І ніжэй — прозвішчы яго аднапалчан. Хіба можна такое забыць? І ўспамінаў…

Успамінаў гэтыя святыя хвіліны не толькі ў дзень святкавання Перамогі (такіх святаў у яго жыцці было больш за пяцьдзясят), а абавязкова — і 22 чэрвеня, і ў тыя часы, калі пісаў свае палотны пра вайну, пра беларускіх партызан, пра сваіх сяброў, з якімі яму давялося прайсці са зброяй у руках не адну сотню кіламетраў па Беларусі ды Еўропе, каб дайсці да самага логава ворага і пакінуць той самы гістарычны “аўтограф” на галоўным будынку гітлераўскага гнязда…

Летась, 9 студзеня, ён мог бы адзначыць сваё 85-годдзе, але не дажыў да гэтага дня шаснаццаць гадоў… Аднак сваё жыццё, што падарыў яму лёс, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Іван Нічыпаравіч Стасевіч пражыў дастойна, пакінуўшы нам вялікую спадчыну сваіх твораў, сярод якіх лепшымі аказаліся тыя, што былі звязаны менавіта з памяццю пра вайну. А яшчэ ён амаль сорак гадоў выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, і з-пад яго крыла выйшлі некалькі пакаленняў таленавітых маладых жывапісцаў.

…А пачыналася ўсё з таго, што летам 1941-га, пасля бою з немцамі адступаўшых савецкіх салдат, у наваколлі сваёй вёскі Ваня знайшоў у яры параненага чырвонаармейца. З вялікай цяжкасцю, ноччу, каб ніхто не заўважыў, зацягнуў яго ў пуню ды схаваў у сене. Нічога не сказаў нават маці. А калі праз два дні тая ўсё ж дазналася (яна пабачыла, як Ваня ўпотайкі выносіў ежу і бінты з хаты) ды папракнула сына за тое, што ён нічога не сказаў родным, хлопец растлумачыў свой учынак проста: так прасіў баец. Тады ўжо разам з маці лячылі і хавалі Мікалая — так звалі салдата. А вось прозвішча не спыталі: не да таго было…

З першых дзён акупацыі разам з сябрамі юнак выпадкова выйшаў на мясцовых падпольшчыкаў, якія параілі яму звязацца з партызанамі, што толькі-толькі пачыналі дзейнічаць супраць ворага ў суседніх лясах Случчыны ды Любаншчыны. Жвавы хлопчык хутка, патаемнымі ляснымі сцежкамі, выйшаў на партызан. І, пакуль жыў у роднай вёсцы, стаў выконваць дробныя даручэнні народных мсціўцаў, а таксама бацькі Нічыпара Сямёнавіча, вясковага сталяра, які, аказваецца, быў сувязным паміж падпольшчыкамі Старых Дарог ды партызанамі. Але бацьку хутка схапілі фашысты і пасля жорсткіх допытаў адправілі ў канцлагер…

А летам 1943-га чатырнаццацігадовага падлетка залічылі байцом партызанскага атрада імя Кірава брыгады № 95 імя Фрунзэ. З разведчыкамі Мікалаем Валатковічам, Аркадзем Кукліцкім, чэхамі Янакам і Ромам ён хадзіў на заданні, часам выконваючы ролю сувязнога паміж брыгадай Фрунзэ ды суседняй 20-й партызанскай брыгадай імя Варашылава, якая актыўна вяла “рэйкавую вайну”. Аднойчы прынёс з таварышамі ў атрад амаль васьміміліметровы нямецкі авіяцыйны кулямёт MG-15, які знялі са збітага “Юнкерса-87”…

У час адпачынку занатоўваў у малюнках партызанскія будні. Рысаванне ён любіў з ранняга дзяцінства, і ў школе ўсе — і вучні, і настаўнікі — былі ўпэўнены, што з хлопца атрымаецца добры мастак. Аднойчы яго выклікаў камандзір атрада: “Ведаю, што ты, Ваня, добра малюеш. Дык вось, падумалі мы і вырашылі: цяпер будзеш дапамагаць выпускаць баявыя лісткі, лясную партызанскую газету, перапісваць ды ілюстраваць зводкі Саўінфармбюро…” “А як жа разведка, дыверсіі?” — запярэчыў хлопец. Камадзір пакруціў галавой: “А гэта хіба не баявое заданне? Баявое, брат. Ды яшчэ якое! Гэта таксама добры стрэл, бо б’е без промаху!” Давялося рысаваць і лістоўкі, і плакаты, і шмат яшчэ чаго, і ўсё гэта сапраўды станавілася своеасаблівай моцнай зброяй у барацьбе з ворагам. І цяпер у сваёй сумцы, або “сідоры”, як калісьці называлі рэчавыя мяшкі, ён насіў алоўкі, трафейныя фарбы, пэндзлікі. Бывала, ноччу ўсе спяць, а Ваня рысуе лістоўку, якую партызаны панясуць раніцай… А колькі радасці было, калі хлапчук нароўні з дарослымі прымаў прысягу каля партызанскага сцяга!.. Потым жа прыйшла страшэнная блакада. Карнікі кінулі супраць партызан танкі, артылерыю, авіяцыю. Але народныя мсціўцы выстаялі, хаця страты былі вялікія. Юны баец ацалеў, але горкая памяць аб гэтым захавалася да канца жыцця…

Першай буйной карцінай аб перажытым тады, у 1943-м, стаў дыплом “У беларускіх балотах”, які Стасевіч праз пятнаццаць гадоў паспяхова абараніў у Маскоўскім мастацкім інстытуце імя Сурыкава. Кіраўніком дыплома ў Івана Нічыпаравіча быў выдатны педагог і жывапісец Дзмітрый Канстанцінавіч Мачальскі, той самы, які за год, у 1957-м, выпускаў і Міхаіла Савіцкага з яго дыпломнай работай “Песня. Вяртанне з поля”. Палатно “У беларускіх балотах” хутка набыло вялікую папулярнасць на VI Усесаюзнай выстаўцы дыпломных работ студэнтаў мастацкіх навучальных устаноў краіны і Усесаюзнай мастацкай выстаўцы “40 гадоў ВЛКСМ”, а потым і на выстаўках твораў беларускага мастацтва ў Мінску ды Бухарэсце (Румынія). А першая рэцэнзія журналіста П.Быбенкі на карціну з’явілася ў газеце “Советская культура” 1 ліпеня 1958 года. Нарыс называўся “Нараджэнне мастака”. У ім гаварылася, што сама праўда вайны, суровая і мужная, крочыць разам з героямі палатна па беларускай дрыгве…

Пра сваю карціну сам аўтар сказаў так: “Для мяне самым важным было паказаць, як у надзвычай складаных абставінах вайны праяўляліся вялікая вытрымка, адзінства, згуртаванасць людзей і як жыла іх святая вера ў перамогу. Гэта было менавіта так, я нічога не прыдумаў: усё гэта я не толькі бачыў сваімі вачыма — я быў удзельнікам тых драматычных падзей… І працуючы над карцінай, яшчэ раз пабываў у тых мясцінах, дзе мы змагаліся з фашыстамі: сустракаўся там з былымі партызанамі, зрабіў дзясяткі эцюдаў ды малюнкаў. Уводзячы ў кампазіцыю шмат персанажаў, я рабіў асноўны акцэнт на іх псіхалагічнае раскрыццё, падкрэсліваў тое, што яднала гэтых герояў-змагароў. Так, прататыпам вобраза маладой жанчыны з малым на руках з’явілася былая сакратарка камсамольскай арганізацыі нашага атрада Марыя Кірэеўна 
Раманенка, і астатнія героі палатна таксама маюць канкрэтных прататыпаў…”

Усе яны — дзеючыя асобы гэтага жывапіснага драматычнага “спектакля” — раскрываюцца ў вельмі складаных абставінах. Дым і туман сцелюцца над лесам, балотам. Нялёгка ісці людзям, знясіленым цяжкімі выпрабаваннямі. Аднак верыш, што партызаны пераадолеюць усе нягоды, выйдуць з блакады, прарвуць варожае акружэнне. Рух народных мсціўцаў умела перададзены па дыяганалі, у імклівай дынаміцы, і тым самым уся кампазіцыя ідэальна падпарадкавана адной мэце: паказаць згуртаванасць лясных байцоў за свабоду, іх непарыўную сувязь з роднай зямлёй. Нават маладыя бярозкі, заўсёды такія гонкія, светлыя, тут нейкія вуглаватыя, суровыя: прамая сувязь стану прыроды з ваенным ліхалеццем. Колеры, асабліва зеленаватыя, свінцовыя і шэрыя, таксама актыўна працуюць на настрой трывожнага часу.

…Нарэшце надышоў доўгачаканы дзень вызвалення, дзень сустрэчы партызан з Чырвонай арміяй. Гэта адбылося 28 чэрвеня 1944-га, калі байцы 121-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі вызвалілі ад акупантаў Старыя Дарогі. Зразумела, 15-гадовага Ваню Стасевіча вырашылі накіраваць у Сувораўскае вучылішча. А юнак заўпарціўся: “Я даў партызанскую клятву змагацца з фашыстамі да поўнага іх знішчэння, і ў ніякае вучылішча не паеду”, — заявіў ён. Што рабіць? Не сілком жа адпраўляць храбрага хлопца ў тыл… Яму сказалі: яшчэ раз падумай, але перш за ўсё наведайся дадому, даведайся, як там пачуваюцца твае родныя. Паехаў. А дома — нікога: бацька — у канцлагеры, маці, дзвюх сясцёр і браціка фашысты забралі заложнікамі. І што цяпер з імі, невядома… Канешне ж, першая думка: адпомсціць за іх! Але як, калі накіроўваюць у Сувораўскае вучылішча?..

І вось аднойчы ў вёсцы спынілася сапёрная часць, і Ваня пабачыў, як салдаты рыхтаваліся да ўстаноўкі дарожных паказальнікаў для армейскіх часцей, якія рухаліся праз Старадарожчыну на захад. Ваня сціпла прапанаваў сваю дапамогу. Тыя здзівіліся (што ён можа, гэты юнак?), але пэндзаль далі: паспрабуй намаляваць вось такі знак! Вельмі спадабалася салдатам, як Ваня хвацка і хутка малюе, проста як сапраўдны прафесіянал! Такі мастак ім патрэбен! І яны папрасілі камандзіра адгукнуцца на просьбу былога юнага партызана пакінуць яго ў дзеючай арміі. У рэшце рэшт было прынята адзіна слушнае рашэнне: залічыць Івана Стасевіча ў спісачны склад воінскага аўтамабільна-дарожнага палка 1-га Беларускага фронту з поўным забеспячэннем…

На чорна белым фота: Іван Стасевіч — сын палка, 1945 год.

Працяг аповеду пра Івана Стасевіча чытайце ў наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"