Аўдыя & Відэа-11

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Студзеньскія аўдыя- і відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыкант Іван ВАБІШЧЭВІЧ (A) і спецыяльны карэспандэнт “К” Алег КЛІМАЎ (B).

/i/content/pi/cult/521/11224/8-2.jpg

Аўдыя

SP Kava, міні-альбом “яМы”

А.: — Тое, што артыст/аўтар знаходзіцца ў пошуку, — заўважна і... добра. Праўда, узнікае пытанне: куды пошук завядзе яго? Часам складаецца адчуванне, што пошук задуманы толькі дзеля... пошуку. З аднаго боку, прымяненне ў аранжыроўцы дуды — цікава і незвычайна для рэпа, з іншага — узнікае дысананс ва ўспрыманні поўнай карціны музычнага, тэкставага, выканальніцкага і сэнсавага шэрагу. Ёсць відавочная прэтэнзія на заклік да барацьбы, але вось толькі не зусім зразумела, з чым менавіта. Мне не падабаецца, калі барацьба і пратэст існуюць толькі дзеля барацьбы і пратэсту, таму што так... модна. Часам здаецца, што ў пошуках і эксперыментах аўтар забываецца на асновы песні. У выніку мы атрымліваем на выхадзе больш “упрыгожанняў” у гуках ды словаспляценнях, а вось агульная карціна і сэнс ад гэтага пакутуюць. Але ёсць і прыемныя моманты, а канкрэтна — два трэкі з пяці: “Эндшпiль” і “Думалi”. Мабыць, менавіта з іх я і пачаў бы рэліз. Інакш існуе верагоднасць таго, што да іх могуць проста не даслухаць. Нягледзячы на тое, што рэп — не зусім мая музыка, аўтару хочацца пажадаць поспеху ў пошуках ды самакапанні, але і не забывацца пра звычайных слухачоў, якіх не трэба залішне загружаць.

В.: Цікавы матэрыял прапанаваў айчынны рэпер, які адносіцца да новай генерацыі такіх беларускіх выканаўцаў. Гэта не кандовая чытка пад запазычаныя з Інтэрнэту музычныя падшыўкі, што сёння часта практыкуецца ўсімі, каму ахвота займець дачыненне да адпаведнага жанру, не попс, у які часам дазваляюць сабе скочвацца мацёрыя хіп-хоп-артысты. Але і чыстым рэпам я рэліз не назваў бы. Балансіроўка на мяжы поп-музыкі, рэпа, з фольк-фрагменцікамi. Асаблівае месца займае трэк “Думалi”, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну, які ўвайшоў у трыб’ют “Re: “Песняры” (ён атрымаўся, нагадаю, не занадта ўдалым і, збольшага, скандальным). Тут я чую зварот цяперашняга пакалення (маладых людзей наогул, а не толькі музыкантаў) да мэтра: дзёрзка і стрымана, шчыра і ў чымсьці наіўна. Добрая кропка ў міні-альбоме.

Гурт “Harotnica”, альбом “Gvalt”

A.: — На жаль, не змог наведаць прэзентацыю-выстаўку гэтага альбома, бо не ведаў пра яе. Калі слухаеш, уяўленне сапраўды малюе карцінкі. Цікава было б параўнаць сваю візуалізацыю з увасабленнем прафесійных мастакоў. Ёсць адчуванне, што гурт у курсе, хто такі Эмір Кустурыца і што такое балканскi джаз. Аднак я назваў бы дадзены альбом “музыкай для вузкага колы знаўцаў”. Тое, што гэта яскравы прыклад беларускага андэграўнду, — бясспрэчна. Варыяцыі на тэму полькі пад гітару, якая злёгку “рыкае”, выпнутыя на першы план барабаны, элементы фольку і складаная для запамінання мелодыка. Дакладна не камерцыйная і не масавая музыка. Пакуль гэта толькі камерныя кватэрнікі. Ёсць нюансы з аранжыроўкамі і тэкстамі, але ж перад намі — дэбютны альбом, а выдаць сёння дыск — гэта ўжо подзвіг. І ўсё ж я не запампаваў бы альбом сабе на флэшку, каб слухаць яго ў машыне. Але патэнцыял у гурта ёсць. Паглядзім, што будзе далей…

B.: Там, дзе Валерыя Валадзько — адна з лепшых вакалістак нашай краіны, — заўсёды цікава. Тым больш перад намі — дэбютны альбом каманды, у якой яна спявае. Ураган эмоцый са знакам “+”, шквал сонечнага настрою (хмаркі ходзяць часам, але іх проста-такі з музычнай гарматы — ба-бах! — расстрэльваюць), віхор, які абвальваецца на слухача з усіх бакоў, бярэ яго ў палон, падкідвае да нябёсаў (“Hetym Razam”, “Kucomka”, “Matyliok”) і асцярожна апускае на зямлю (“Na Krai”). А потым зноў тарнада (“Finka”)! Гэта крайняя кропка таго, што мы калісьці з нейкай прычыны сталі адносіць да “балканскага музычнага вар’яцтва” — так назаву. А наогул мае месца проста фольк-панк-ска. Крутога разліву. Больш крутым можа аказацца толькі другі альбом гурта “Harotnica”. Вось такія работы і варта выпускаць на кампактах!..

Гурт “Renuen”, альбом “Mova Metaliova”

A.: — Калі гаворка вядзецца пра кавер-версіі, ужо сам выніковы матэрыял быццам бы схіляе да таго, што будзе крута і... весела! Бо на тое яны і каверы — песні, якія многія ўжо чулі, ведаюць ды любяць. Але, мяркуючы па ўсім, у асноўным весела было самому гурту, што пісаў гэты альбом. Слухаючы кожную песню і чытаючы назвы трэкаў, я хацеў пачуць тое самае новае прачытанне, новую “перапрашыўку” вядомых рэчаў. Але, на жаль, асабіста для мяне гэтага не адбылося. Калі бярэшся за кавер, першае правіла заключаецца ў тым, што ён павінен быць як мінімум не горшы за арыгінал. У дадзеным выпадку новай аказалася толькі мова. Што да музычнага шэрагу, то тут хацелася б больш якаснага выканання. Добры сапраўдны “метал” павінен быць асабліва “чытэльным”, празрыстым і выразным. Пытанне — да выверанасці партый ды звядзення. Верагодна, што ў жывым варыянце ўсё гучыць больш зухавата і жыццёва. У студыі ж перадаць тое “жыццёва” не ўдалося…

B.: — Гурт з Баранавічаў пераспяваў на беларускай мове чужыя кампазіцыі, якія, мабыць, удзельнікам калектыву чымсьці блiзкія. Склад рэпертуару атрымаўся пярэсты: “Dio”, “Accept”, “Rammstein”, “Sabaton”, “Rage”, “Nirvana”... і нават “Сектор газа” ды “Воплi Вiдоплясова”. Багацце “цяжкіх” каманд у якасці першакрыніцы тлумачыцца тым, што “Renuen” — калектыў, які грае дэз-метал. Грукату, рову, агрэсіі, гітарных “запіў” і татальных ударных на альбоме сапраўды хапае. Але “разыначкі” ў гэтым баляванні хард-н-хэві я амаль не адшукаў. Лепш за ўсё пераасэнсаваць атрымалася хіп-хопераў “Bomfunk MC’s” (трэк “Frystajla”) і ўкраінскую супербрыгаду (мегахіт “Вясна”). Астатняе не так цікава, аднастайна. Аднак прэтэнзій да інструменталістаў і па вакале няма.

Відэа

Гурт “Без білета”, кліп на песню “Пятніца”

А.: — Ідэя кліпа — не новая. Ну і што! Затое зухавата, весела, жыва і, што самае прыемнае для стваральнікаў відэа, малабюджэтна. Акрамя песні, гледачам цікава будзе пераглядаць ролік некалькі разоў і знаходзіць знаёмыя мясціны, твары, а часам сябе. Я, напрыклад, убачыў у кліпе цягам паўсекунды... Івана Вабішчэвіча. Не трэба шукаць патаемных сэнсаў ды завэлюмаваных ідэй рэжысёра. Як песня пабудавана па прынцыпе “што бачу, тое і спяваю”, так і кліп. Абмежаванняў па ўзросце няма.

В.: — Хочаш зняць кліп? Спытай лідара гурта “Без білета” Віталя Артыста, як. І ён адкажа. Трэба задзейнічаць у здымках кучу ўласных сяброў, знаёмых (сярод іх маюць быць і персоны медыйныя) ды незнаёмых людзей і прад’явіць іх тварыкі гледачу. Не раз апрабаваны камандай варыянт. Гэткі “сямейны альбом”, як сказалі б раней, ці — сэлфi-відэа-альбом, як кажуць сёння. Але адрозненне ёсць, і якое! Зараз усе гэтыя хлопцы з дзяўчатамі яшчэ і спяваюць! Добры выйшаў міні-фільм, як і ўся творчасць “Без білета”. А песня... Што ж, песня, вядома, пра пятніцу.

P.S. Мяне таксама клікалі хоць на пару секунд стаць “зоркай”, якая адкрывае рот у гэтым кліпе, але я чагосьці засаромеўся. Падумаў, што лепш напішу пра гэта. Напісаў.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"