Які “месэдж”?

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

“Арцель”: дзесяць гадоў разам
Вось і творчая суполка “Арцель” летась адзначыла сваё 10-годдзе выстаўкай пад назвай “Залаты век” у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Мастакі ў суполцы сабраліся непадобныя. Усё рознае: стыль, почырк, тэматычныя прыярытэты, сюжэтныя лініі. Дзесяць гадоў для хуткаплыннага чалавечага жыцця — тэрмін немалы. І калі за гэты час людзі адно аднаму не надакучылі, дык, мабыць, насамрэч ёсць нешта, што трымае іх разам. Калі верыць дэкларацыям, якія піша да кожнай выстаўкі (і канкрэтна да “Залатога веку”) сябра суполкі Рыгор Несцераў, дык яднае “Арцель” балючае ўсведамленне таго, што чалавецтва збілася са шляху, адрынула Бога, забылася на ідэалы гармоніі і прыгажосці. “Арцель” супрацьпастаўляе сваю творчасць сурагатам “маскультуры”, шукае Ісціну.

/i/content/pi/cult/521/11223/8-1.jpg

На маю думку, гэты пафас не стасуецца з карцінамі экспазіцыі. На выстаўцы прэтэнзій на нейкі “месэдж” я не пабачыў. У работах большасці аўтараў адчуваецца засяроджанасць на асабістым, на тым, што мастаку цікава, блізка, можа, нават дорага.

Ступень вядомасці ў публікі і прастора розгаласу творчасці ў кожнага з членаў суполкі розная. Напрыклад, Валянціна Губарава і ў Беларусі добра ведаюць, і за мяжой на ягоныя карціны замоўцы ёсць. Публіку ў творчасці Губарава вабіць добрая іронія ды спакойнае стаўленне да хібаў чалавечай натуры. Яшчэ я дадаў бы сюды апавядальнасць ягоных карцін. Бадай, кожная з іх можа ўспрымацца ілюстрацыяй да нейкага жыццёвага аповеду. Хоць і лічыцца — прынамсі, у пэўных мастакоўскіх колах, — што жывапісцу не варта карыстацца літаратурнымі кодамі, гледачам часта бывае цікава чытаць на карціне гісторыі персанажаў, суадносіць намаляванае з рэаліямі ўласнага жыцця. Праўда, мне падаецца, што творчасць мастака сёння з аб’ектыўных прычын пазбавілася часткі той надзённасці, якую яна мела напрыканцы 1990-х, калі карціны Губарава былі ці не люстэркавым адбіткам маргінальнага сегмента тагачаснага соцыуму. Хоць тэмы, якія распрацоўвае мастак, — вечныя, але іх сюжэтнае начынне і візуальная аздоба за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў змяніліся істотна.

Асабліва мне вельмі блізкая творчасць Сяргея Рымашэўскага. Калі ахарактарызаваць яе адным словам, дык гэта будзе — “цеплыня”. Ён нібыта глядзіць на “дарослы” свет вачыма дзіцяці, для якога няма акрэсленай мяжы паміж казкай і рэчаіснасцю. Гэтыя вочы яшчэ не навучыліся бачыць цёмныя фарбы быцця…

Блізкая па духу згаданаму мастаку творчасць Наталлі Івановай. Стылістычна яе карціны пасуюць інсіту, “наіўнаму мастацтву”, але відавочна, што ў аснове — добрая школа і густ, выхаваны на ўзорах мастацтва прафесійнага. Такімі малюнкамі можна ілюстраваць мудрыя казкі-прыпавесці Андэрсена.

Мушу адзначыць добрыя жывапісныя якасці ў карцінах Алены Шлегель. Як прыпавесць трактуе яна побытавыя сюжэты — і наадварот. Васіль Касцючэнка ў большай ступені — графік, чым жывапісец, прынамсі, калі меркаваць па работах дадзенай экспазіцыі. Карціна ў тры лакальныя фарбы, лінейны малюнак — адметныя чыннікі ягонай манеры. Яго творы не прэтэндуюць на філасофскую глыбіню, хоць аўтар і дае ім мудрагелістыя назвы. Увагу гледача, аднак, прыцягне змест ягоных работ, скіраваны на падсвядомасць і “базавы інстынкт”.

Містычную плынь у экспазіцыі прадстаўляюць Уладзімір Ганчарук, Матвей Басаў, Рыгор Несцераў. Ганчарук аздабляе постаці і рэчы экзатычнымі атрыбутамі. Несцераў, так бы мовіць, заганяе выяву ў туман, які, паводле аўтарскай задумы, мусіць надаць ёй загадкавасці. Басаў, мяркую, натхняецца Бібліяй — яе першай часткай.

На маю думку, Сяргей Малішэўскі — мастак з брутальным мысленнем, і глядач яму патрэбен адпаведны. На ягоных карцінах сюррэалістычная стылістыка не надта пасуе сюжэтнаму начынню. Аляксандр Шыбнёў, ідучы шляхам супрэматыстаў 20-х гадоў мінулага стагоддзя, імкнецца звесці выяву да знака, да графемы. Мне цяжка меркаваць пра плён вынаходніцтва ўжо існуючага, але мастаку гэта, мабыць, трэба. Сяргей Пісарэнка і Аляксандр Забаўчык у кантэксце экспазіцыі ўспрымаюцца як антыподы: першы — рэаліст-традыцыяналіст, другі — абстракцыяніст.

Дык што ж цэлыя дзесяць гадоў трымае разам гэтых непадобных адно да аднаго творцаў? Мяркую, сур’ёзнае стаўленне да сваёй справы. Можна не пагаджацца з канцэпцыямі творчасці згаданых мастакоў, не прымаць іх стылістыкі, але тое, што працуюць яны сумленна, для мяне відавочна. Менавіта гэтым яны могуць быць цікавыя гледачу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"