“Няўтульны” тэатр

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Уладзімір Пятровіч — пра “акіян жарсцяў” і прыцэл на моладзь
26 лютага акцёр і рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Уладзімір ПЯТРОВІЧ прэзентаваў у сталіцы пастаўлены ім спектакль “Час сэканд-хэнд (Развітанне з эпохай)” паводле кнігі Святланы Алексіевіч. Прэм’ера магіляўчан праходзіла на Малой сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і суправаджалася далейшым глядацкім абмеркаваннем. А за пару гадзін да паказу адбылася наша размова з Уладзімірам Аляксеевічам. Пачалася яна нават не з прывезенага спектакля, а з гісторыі стварэння Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”, ля вытокаў якога стаяў і мой суразмоўца.

/i/content/pi/cult/521/11220/6-1.jpg

Уладзімір Пятровіч у сцэне са спектакля "Час сэканд-хэнд (Развітанне з эпохай)". / Фота прадастаўлена героем артыкула

— На той час вы былі галоўным рэжысёрам тэатра і, вядома, не маглі не ўдзельнічаць у распрацоўцы канцэпцыі фестывалю, які сёння з’яўляецца адным з самых прэстыжных…

— З’яўленне форуму стала працягам усёй рэпертуарнай палітыкі тэатра. Я заўсёды імкнуўся не толькі ставіць сам, але і запрашаць іншых рэжысёраў — са сваёй эстэтыкай, формамі працы, з іншымі поглядамі на тэатральнае мастацтва. Бо толькі так тэатр можа развівацца, а не “хадзіць па кругу”. З вялікай павагай я стаўлюся да мастацкіх кіраўнікоў, якія не баяцца запрашаць таленавітых “чужынцаў”, бо тыя, маўляў, могуць паставіць лепш за мяне. Той жа Канстанцін Райкін, узначальваючы маскоўскі “Сатырыкон”, не баіцца запрашаць нашумелага Юрыя Бутусава — і мае рацыю. Параўнанні часам бываюць не на карысць гаспадароў, але заўсёды — на карысць тэатра. І публікі! Бо выхаваць яе можна толькі праз лепшыя пастаноўкі — і абавязкова стылёва адрозныя, каб яна разумела, што тэатр можа быць усялякім — і такім, і гэткім, — што не трэба зацыклівацца на яго адной-адзінай мадэлі. Як вынік, узнік “М.@rt.кантакт”. Магілёў можа толькі ганарыцца, што за дзесяць гадоў існавання форуму на ім было паказана ўжо 120 спектакляў.

— Маладзёжны кірунак форуму быў невыпадковым?

— На той час у тэатры было пастаўлена некалькі маладзёжных спектакляў. І зала збольшага запаўнялася менавіта моладдзю. Таму працяг гэтай лініі быў цалкам лагічным. Сёння тыя гледачы прыводзяць у тэатр сваіх дзяцей і тым самым працягваюць добрыя тэатральныя традыцыі. Але, як любіць паўтараць дырэктар тэатра Андрэй Новікаў, не бывае спектакляў маладзёжных і немаладзёжных, — бываюць толькі добрыя ці дрэнныя. Добры спектакль будзе цікавы людзям розных узростаў. А маладзёжнасць форуму (я зноў “цытую” Андрэя Фёдаравіча) — у яго адукацыйных праграмах, скіраваных, зноў-такі, на выхаванне дасведчанага гледача. Таму невыпадкова і тое, што праз некаторы час “М.@rt.кантакт” стаў папаўняцца пастаноўкамі лялечных тэатраў, пластычнымі спектаклямі. Гэтыя кірункі сёння часта больш прагрэсіўныя, эксперыментальныя, чым тэатр драматычны. І ў іх ёсць чаму павучыцца і артыстам ды публіцы!

— Здаецца, вы як рэжысёр абралі сваю нішу, звяртаючыся да сучаснага драматургічнага матэрыялу, вострых сацыяльных тэм. Вашай першай самастойнай работай стаў Мрожак — “У адкрытым моры”. Не баяліся кідацца ў рэжысёрскі “акіян жарсцяў”?

— У 90-я тэатр быў на рамонце, што зацягнуўся на невядома які час. А так хацелася працаваць! Пачалі рэпеціраваць — на голым энтузіязме. Эйфарыя паступова стала знікаць. І я вельмі ўдзячны Новікаву, што той даў магчымасць спектаклю выйсці: падтрымаў мяне, уключыў пастаноўку ў план, і апошнія два тыдні рэпетыцыі былі “афіцыйнымі”. Потым ён жа дапамог павезці спектакль на фестываль.

— І да вас прыйшла думка пра другую адукацыю?

— На рэжысёрскі дыплом мяне, можна сказаць, “падбухторыў” цяперашні мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў. Менавіта ён натхніў мяне зноў паступіць у Акадэмію мастацтваў — да Рыгора Баравіка. Усе справаздачы я трымаў спектаклямі, пастаўленымі ў Магілёве. Дыпломнай работай была залічана “Ноч Гельвера”, якая на час “абароны дыплома” ўжо была лаўрэатам некалькіх міжнародных конкурсаў.

— Прыход у рэжысуру стаўся для вас лагічным працягам акцёрскай кар’еры ці гэта ўсё ж розныя прафесіі?

— Для мяне — абсалютна розныя. І я разумею, што мне як рэжысёру не стае стажыровак у вядучых майстроў. За ўвесь час была толькі адна, дый тое ўсяго на два тыдні — у легендарнага Анатоля Васільева. Літаральна выпадкова я “ўліўся” ў групу, якая хадзіла да яго цягам некалькіх месяцаў — і да мяне, і, як высветлілася, пасля. Што можна паспець за некалькі дзён, чаму навучыцца? Хаця на маім рахунку 15 сцэнічна ўвасобленых спектакляў, у пастановачным працэсе я часам дзейнічаю па прынцыпе “што бачу, тое і спяваю”. Але намагаюся пераадолець гэта самаадукацыяй, аналізуючы самыя розныя рэжысёрскія работы з усяго свету. Нешта, бывае, падказвае цяперашні галоўны рэжысёр нашага тэатра — Саўлюс Варнас: глядзіць мае спектаклі, робіць заўвагі — заўсёды вельмі тактоўна, не парушаючы таго, што ўжо склалася. Але яшчэ больш “эксплуатуе” мяне як акцёра.

— Ды і вы сябе “эксплуатуеце”! Прыкладам — хаця б цяперашні “Час сэканд-хэнд”…

— Калі я прачытаў кнігу Святланы Алексіевіч (яшчэ да яе друку, у інтэрнэт-версіі), адразу адчуў: гэта трэба ставіць. І паказваць гледачам! Каб тыя разумелі, што тэатр можа быць “няўтульным”, а не толькі прыгожым касцюміраваным відовішчам. Ён павінен ускалыхваць душы людзей, узнімаць “няёмкія”, быццам бы “нязручныя” тэмы — у дадзеным выпадку, звязаныя з былым СССР і далейшымі постсавецкімі дзесяцігоддзямі. Мне настолькі блізкі маналог майго героя — былога вайскоўца, “раздаўленага” 90-мі, што я магу падпісацца пад кожным яго словам…

— Наколькі вітаеце акцёрскую ініцыятыву? Не вашу асабістую, калі Пятровіч-акцёр падказвае Пятровічу-рэжысёру, а з боку іншых удзельнікаў вашых пастановак?

— Да прапаноў артыстаў прыслухоўваюся. І не так, як, здараецца, іншыя: маўляў, я падумаю, а праз дні тры выдае гэта за сваю ідэю. Не, у мяне ўсё адкрыта: мы можам абмеркаваць прапановы, але за мной застаецца рашэнне, прымаць іх ці не. Калі “не”, дык “імправізацыі” не патрэбны.

— А ўвогуле, якое месца самой імправізацыі ў акцёрскім майстэрстве?

— Прытрымліваюся вядомай думкі, што імправізацыя тады добрая, калі добра падрыхтаваная. Прывяду адзін прыклад — не з майго спектакля. Уявіце, бабуля ў доме састарэлых гутарыць са сваім унукам, які прыйшоў яе наведаць. Яны сядзяць на лаве ў парку, на заднім плане — шчымліва-трапяткія бярозкі. Паміж іх паступова з’яўляюцца іншыя пастаяльцы сумнай установы. І бабуля кажа ўнуку: маўляў, гэта старыя выйшлі “подышать” (спектакль быў рускамоўны). Артыстка вырашыла зрабіць сваю бабулю больш блізкай беларускаму гледачу, унесці ў яе “жывое жыццё”, перайшоўшы на “трасянку”. Прывыкла, што ў слове “подышать” націск прыпадаў на апошні склад, — і выдала на публіку: “Старыя выйшлі падыхАць”… Вось такая бывае “імправізацыя”!..

— Ваш прыход у прафесію быў “імправізацыяй” ці спланаваным крокам?

— Да восьмага класа я ні пра які тэатр і не марыў. Нават слаба ўяўляў, што гэта такое. Брэсцкая трупа неаднойчы прыязджала да нас у Пінск са сваімі спектаклямі, але я пачаў на іх хадзіць толькі тады, калі зацікавіўся тэатрам. А тут раптам прыйшлі двое выпускнікоў-рэжысёраў народных тэатраў, каб арганізаваць у Пінску тэатральную студыю. І мяне “зачапіў” сам іх сур’ёзны падыход да тэатральнай справы. Так што калі я потым паступіў у Мінску ў Тэатральна-мастацкі інстытут (гэта цяперашняя Акадэмія мастацтваў), дык зразумеў, што ўсё, чаму вучаць на першым курсе, я ўжо ведаю і ўмею, бо ўсё “прайшоў” у Пінску. З той студыі нас паступала васьмёра, паступілі шасцёра, скончылі двое, а застаўся ў прафесіі я адзін. Такая вось статыстыка акцёрскай прафесіі…

— Яна бачная і па магілёўскім тэатры, і па іншых…

— Сыходзяць не таму, што творчай працай абдзелены, — наадварот, усе, асабліва моладзь, запатрабаваны! Але пачынаюцца праблемы з жыллём, заробкам — і сыходзяць шукаць лепшага жыцця. Але тыя, хто застаецца, застаюцца надоўга. Назаўжды. Зараз асабліва востра не стае моладзі, таму Саўлюс Варнас адкрыў пры тэатры школу-студыю, набраў туды школьнікаў, і напрыканцы сезона яны ўжо выйдуць на сцэну. Трэба спадзявацца, застануцца!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"