“Інавацыі” на Масленку спрацавалі?

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці
Вось і скончыўся Масленічны тыдзень. Апошні дзень — нядзеля — быў насычаны культурна-масавымі мерапрыемствамі, якія ладзілі музеі пад адкрытым небам, рэкрэацыйныя комплексы ды аграсядзібы... А адным з найбольш цікавых месцаў святкавання Масленкі сёлета стаў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

/i/content/pi/cult/521/11219/5-3.jpgЯк казалі мне самі супрацоўнікі музея, на Масленку ў іх традыцыйна збіраецца каля чатырох тысяч чалавек. Канешне ж, гэта вельмі складана — арганізаваць забавы для такой вялікай колькасці людзей. Трэба знайсці падыход да кожнага з гасцей, зацікавіць і сталую пару, і групку падлеткаў, зладзіць гульню і для дарослых, і для самых маленькіх…

Сёлета ў музеі працавала некалькі пляцовак, кожная з якіх прысвячалася пэўнаму дню Масленічнага тыдня. Як вядома, на Масленку ў сераду хадзілі да цешчы на бліны, у чацвер каталіся на конях, а ў суботу ў многіх беларускіх вёсках ладзіліся жаночыя забавы — так званыя вячоркі залвіцы. Таму і ў Азярцы ў нядзелю можна было і бліноў пакаштаваць, і пагуляць у розныя старадаўнія народныя гульні…

Былі на Масленцы і выключна сучасныя забавы: усе ахвотныя маглі пракаціцца на верталёце. Спачатку мне падумалася, што гэта верталёт пажарнікаў, які зверху назірае за бяспекай гуляння, бо на Масленку прынята пудзіла зімы спальваць. Але даведаўшыся, што гэта проста катанне за грошы (відаць, замест традыцыйнага катання з горак), я была непрыемна ўражана, бо шумавы эфект ад верталётнага вінта часам перакрываў тое, што казалі ці спявалі ў час свята… Вось такія “інавацыі” на старадаўнім свяце…

Канешне, пра бяспеку мерапрыемства арганізатары сапраўды паклапаціліся: яе падтрымлівалі міліцыянеры, якіх хапала на тэрыторыі музея. Так, гэта правільна, падобныя маштабныя культурныя падзеі немагчыма ўявіць без аховы. Адзінае — вельмі хочацца, каб міліцыянеры былі больш ветлівымі, бо даволі часта выраз іхніх твараў ніяк не пасаваў святочнаму настрою людзей…

А ўвогуле свята атрымалася неблагім: і павесяліцца можна было, і даведацца штосьці пра культуру продкаў. З плюсаў адзначу і тое, што білеты на мерапрыемства можна было набыць загадзя ў самім Мінску. Прычым на сайце музея вісела аб’ява і нават просьба да наведвальнікаў так менавіта і зрабіць, каб не губляць час на самім свяце… Дарэчы, я была ў касе а палове 11-й — ніякіх чэргаў, на якія пасля скардзіліся некаторыя з гасцей на адным з інтэрнэт-парталаў, тады увогуле не назіралася…

У Сеціве з’явіліся таксама і іншыя каментарыі. Напрыклад, хтосьці скардзіўся на брудныя сцяжынкі ў Азярцы. Дык хачу сказаць, — хоць гэта і так зразумела, — што ўмовы надвор’я не ўваходзяць у кошт білета! Людзі апраналі гумовыя боты і файна бавілі час, а для дзяцей гэта быў увогуле ўнікальны выпадак выкачацца ды не атрымаць па шапцы ад бацькоў…

І яшчэ адна рэпліка наконт “нецікавых забавак”… Прабачце, спадарства, а вы ў іх удзельнічалі? Ці толькі намагаліся здагадацца па фотарэпартажы: а што ж там было? Калі традыцыйныя масленічныя забавы (кшталту слупа з падарункамі ці бойкі мяхамі) не ўражвалі, можна было пагуляць у абрадавыя гульні на тых жа “Вячорках залвіцы”. І яшчэ. Каб “адчуць дух Масленкі”, трэба было не ў кітайскіх балонневых куртках ды джынсах прыходзіць, а ў вышыванках і світках. Тады і самі сябе лепш пачувалі б, і іншым настрой узнялі.

Дарэчы, парадавала мяне і тое, што для наведвальнікаў арганізавалі аўтобус, які ішоў ад аўтастанцыі “Паўднёва-Заходняя” праз метро “Пятроўшчына” да самага музея кожныя дваццаць хвілін (можна было і аўто не браць). Гэты расклад, дарэчы, таксама выклалі на музейным сайце. Што цікава, у Інтэрнэце нават указалі тэлефон, па якім можна было звярнуцца, калі не хапіла месца ў аўтобусе, каб арганізаваць дадатковы рэйс. Шчыра кажучы, для дзяржаўнай установы гэта вельмі прагрэсіўная прапанова... Не варта і казаць, што вось такія “інавацыі” на айчынных маштабных культурных мерапрыемствах варта толькі вітаць…

А на крытычныя рэпартажы ды каментарыі ў Сеціве, кшталту “Савок”, аніякай арганізацыі!”, хочацца адказаць: зрабіце лепш і пакажыце, як Масленку трэба святкаваць!