Планы і праекты

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Учора, 27 лютага, у Нацыянальным прэс-цэнтры з прадстаўнікамі СМІ сустрэліся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі. Гаворка з журналістамі была прысвечана вынікам работы галіны летась і перспектыўным планам на 2015 год.

/i/content/pi/cult/521/11216/4-2.jpg

Пытанняў было зададзена шмат. Але мы спынімся на тых адказах, якія максімальна дакладна характарызуюць сённяшні стан нацыянальнай культуры і канкрэтна адлюстроўваюць далейшыя шляхі яе развіцця.

Дык што знакавага было зроблена ў 2014-м? Па меркаванні Барыса Святлова, асноўныя дасягненні работнікаў культуры краіны ў наступным. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны распачаў дзейнасць у новым будынку. Адкрыўся Музей-лецішча Васіля Быкава. Па старадаўніх узорах узноўлены слуцкія паясы. Выдадзены першыя пяць кніг факсімільнага выдання Францыска Скарыны. Праведзена выстаўка беларускага авангарда “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”. Нацыянальны мастацкі музей ажыццявіў маштабны выставачны праект “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”. Завершана рэстаўрацыя сядзібы Агінскіх у Залессі. На экраны выйшаў фільм “Белыя Росы. Вяртанне”… І ўсе гэтыя акцыі рэалізоўваліся на фоне маштабнага святкавання 70-й гадавіны вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Не менш важным падаецца і эканамічны складнік развіцця галіны. Па словах міністра, летась на ўтрыманне і развіццё сферы культуры было накіравана каля 3,5 трыльёна рублёў — 0,46% ад валавога ўнутранага прадукту (0,50% у 2013-м). Бюджэтныя выдаткі на культуру з разліку на аднаго жыхара ў сярэднім па рэспубліцы склалі 2,4 базавай велічыні (устаноўлены нарматыў дзяржаўнага сацыяльнага стандарту — 1,3 базавай велічыні).

На траціну павялічыліся даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый культуры. Восемдзясят працэнтаў ад гэтай сумы атрымана ў выніку аказання платных паслуг. У 1,2 раза павялічыўся аб’ём спонсарскай дапамогі. Тое ж тычыцца і экспарту паслуг, аб’ём якіх дасягнуў 5,7 млн. долараў ЗША.

У рамках міжнароднага культурнага стасункавання летась было падпісана сем пагадненняў і праграм, творчыя кантакты падтрымліваліся з Казахстанам, Арменіяй, Літвой, В’етнамам, Сербіяй, Францыяй… Натуральна, гэтая двухбаковая дзейнасць будзе прадоўжана і ў 2015-м….

Журналісты доўга мусіравалі тэму якасці фільмавытворчасці ды кадравых змен у кіраўніцтве “Беларусьфілма”, цікавіліся, калі ж будуць узведзены помнікі народным пісьменнікам Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну. Адказ на апошняе пытанне ляжаў на паверхні: “Калі ўзнікне адпаведнае фінансаванне…” А новы кіраўнік Нацыянальнай кінастудыі, упэўнены міністр, павінен быць добрым гаспадарнікам ды рэалізатарам кінапрадукту… Прагучала і пытанне аб спісе забароненых музычных калектываў. Яго існаванне Барыс Святлоў катэгарычна абверг.

На пытанне, калі ж маладыя спецыялісты на сяле займеюць роўныя разам з настаўнікамі ды ўрачамі правы на жыллё, Барыс Святлоў распавёў, што ёсць намер абвясціць 2016-ы Годам культуры, і выказаў спадзяванне, што прэстыж прафесіі работніка культуры з гэтай нагоды будзе павышаны.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі распавёў пад час прэс-канферэнцыі пра прыярытэтныя кірункі дзейнасці па захаванні замкаў, маёнткаў і палацаў.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"